Хроніка здарэнняў


hronika_1_0

Напазычалі…

У лістападзе раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджаны крымінальныя справы па артыкуле 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Махлярства” ў адносінах да двух пастаўчан. Адзін з іх, 30-гадовы, раней судзімы жыхар вуліцы Зялёнай, у перыяд са студзеня па верасень бягучага года пад маркай узяцця ў доўг завалодаў грашыма грамадзян на суму 9900 рублёў. Другая, 39-гадовая непрацуючая жыхарка вуліцы Вакзальнай, шляхам падману і злоўжывання даверам знаёмых асоб на працягу 2012—2016 гадоў разбагацела на 5000 рублёў. Абаіх махляроў чакае лава падсудных.

Праз акно ў цэх

У перыяд з 3 па 7 лістапада з цэха па распілоўцы драўніны прыватнага гандлёва-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Под-Ом”, размешчанага ў аграгарадку Навасёлкі, прапалі дзве бензапілы “Шціль” агульным коштам 800 рублёў. Як высветлілася, укралі іх трое жыхароў Пастаў, 1991-га, 1994-га і 1995-га гадоў нараджэння, якія нідзе не працуюць. У цэх яны праніклі праз незачыненае акно. Узбуджана крымінальная справа.

І рухавікі, і самавары

У кастрычніку 47-гадовы жыхар завулка Будаўнікоў у райцэнтры сумесна з 31-гадовым жыхаром вуліцы Пушкіна (абодва нідзе не працуюць) праніклі на тэрыторыю будаўнічага ўчастка райспажыўтаварыства, адкуль укралі 6 электрарухавікоў коштам каля 3580 рублёў. А 47-гадовы непрацуючы жыхар вуліцы Савецкай залез у павець аднаго з дамоў па вуліцы Камсамольскай і забраў 3 даўнія самавары (адзін з іх пасярэбраны, выраблены ў ХІХ стагоддзі), якія прадаў іншаму калекцыянеру. Украдзенае канфіскавана, наперадзе ў злодзеяў суд.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.