“Я ў армію пайшоў бы, няхай мяне навучаць”


Каманда-пераможца СШ №4.

Так называлася традыцыйнае раённае спартыўнае мерапрыемства, якое прайшло 3 лістапада на базе пастаўскай СШ №5. Яго ўдзельнікамі сталі 11 каманд з усіх гарадскіх школ, гімназіі, а таксама з Варапаеўскай, Гуцкай, Камайскай, Лынтупскай і Навасёлкаўскай СШ. У склад кожнай уваходзілі 5 юнакоў — вучняў 9—11 класаў. Яны паспрабавалі пражыць адзін дзень жыццём навабранца і адчуць на сабе ўсе цяжкасці армейскай службы.

Чаканячы крок, пад песню “Ідзе салдат па горадзе” ўдзельнікі ўвайшлі ў спартыўную залу школы і выстраіліся перад членамі журы — намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях І. І. Януковічам, майстрам-ратаўніком С. А. Мінгіновічам, старшым інспектарам групы кадраў РАУС А. І. Генюшам, намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце аддзела пагранічнай службы «Паставы»  А. А. Пупкевічам, часова выконваючым абавязкі намесніка начальніка аддзялення пагранічнага кантролю “Мольдзевічы” М. В. Алімавым, галоўным спецыялістам аддзела ідэала­гічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С. У. Падгайскай і першым сакратаром райкама БРСМ І. А. Каралёвай.

Ганаровае права падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена мінулагодняму “сярэбранаму” прызёру — камандзе СШ №1, паколькі экс-пераможца — Дунілавіцкая СШ — сёлета адсутнічала па ўважлівай прычыне. Прагучаў гімн, і са словамі прывітання да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуўся А. А. Пупкевіч. Ён адзначыў, што абарона Айчыны спакон веку з’яўлялася галоўным абавязкам мужчын. З дзяцінства юнакоў рыхтавалі да таго, што яны будуць воінамі, абараняць родную зямлю. “Прыемна, што сёння мы працягваем гэтыя слаўныя традыцыі”, — сказаў Андрэй Андрэевіч і пажадаў хлопцам сумленнай спартыўнай барацьбы.

Па традыцыі спаборніцтвы пачаліся з прывітання каманд. Удзельнікі прадэманстравалі баявую выпраўку і прадставілі сябе прысутным. Затым былі конкурсы “Размінка”, “Сілавая падрыхтоўка салдат”, эстафеты “Юны пагранічнік”, “Юны пажарны”, “Трывога”. Падчас іх старшакласнікі паказалі спартыўную падрыхтоўку, падцягваючыся рознымі спосабамі на перакла­дзіне і брусах і падымаючы ўверх адной рукой 16-кілаграмовую гіру, а таксама хуткасць і спрыт пры набіванні патронамі магазіна да аўтамата Калашнікава, адзяванні процівагаза, міліцэйскага шлема і бронекамізэлькі, падключэнні пажарнага рукава да разгалінавання і пажарнага ствала.

Па выніках усіх іспытаў найлепшай аказалася каманда СШ №4, якой прысудзілі першае месца. Другое занялі гімназісты, трэцяе — навучэнцы СШ №1. Разам з граматамі райкама БРСМ прызёрам уручылі тарты. Таксама былі вызначаны пераможцы ў індывідуальным залі­ку па сілавой падрыхтоўцы. Імі сталі Мікіта Бажанкоў, Дзмітрый Радулевіч, Уладзімір Падаксёнаў (гімназія), Вадзім Кароткін (СШ №2) і Дзмітрый Васюковіч (Гуцкая СШ). Яны атрымалі ў падарунак флэшкі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.