Яны — надзейны заслон на нябесных рубяжах

Правовое поле

Ваеннаслужачыя падраздзялення з падпалкоўнікамі А. В. Сушчанковым і А. А. Лісіца (у першым радзе ў цэнтры).

4 лістапада ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбылася ўрачыстасць, прысвечаная 20-годдзю з дня ўтварэння 1-га радыётэхнічнага цэнтра 2289-га асобнага радыётэхнічнага батальёна 49-й радыётэхнічнай брыгады ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны.

Гісторыя фарміравання падраздзялення пачалася яшчэ ў 1975-м, але за адлік утварэння ўзяты 1996 год, калі яно з-пад Варапаева перадыслацыравалася ў Паставы і першага лістапада таго ж года заступіла на першае баявое дзяжурства. Сёння пры дапамозе радыёлакацыйных станцый і радыёвышынямераў штодня суправаджаецца да трохсот цэляў. Нязменнай задачай дзяжурных сіл 1-га радыётэхнічнага цэнтра былі і застаюцца кантроль за парадкам выкарыстання паветранай прасторы і перасячэннем Дзяржаўнай граніцы Беларусі паветранымі суднамі. І выконваецца яна паспяхова: за ўвесь перыяд дыслакацыі ў зоне адказнасці падраздзялення не дапушчана ніводнага незаконнага перасячэння паветранай граніцы нашай дзяржавы. Гэта стала магчымым дзякуючы зладжанай рабоце і добрасумленным адносінам да выканання службовых абавязкаў усіх ваеннаслужачых цэнтра. Больш падрабязна даведацца пра станаўленне, развіццё і дасягненні 1-га радыётэхнічнага цэнтра прысутным на ўрачыстасці прапаноўвалася з невялікага відэафільма, які, дарэчы, зняты і зманціраваны ўласнымі сіламі вайскоўцаў.

Раздзяліць радасць падзеі з асабовым складам падраздзялення прыйшлі яго ветэраны, вышэйстаячае камандаванне, члены сем’яў  ваеннаслужачых, тыя, хто калісьці праходзіў тэрміновую службу ў цэнтры, а таксама прадстаўнікі іншых сілавых структур райцэнтра і ўсе жадаючыя. З прывітальным словам да гасцей свята звярнуўся начальнік цэнтра падпалкоўнік Аляксей Міхайлавіч Дубовік. Ён павіншаваў усіх са знамянальнай датай у гісторыі воінскага фарміравання, падзякаваў за бездакорную службу, пажадаў далейшых поспехаў.

Ад імя мясцовай улады юбіляраў павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Пятровіч Арэхаў, які ўручыў узнагароды і адзначыў, што ваеннаслужачыя цэнтра не толькі годна служаць, але і ўносяць значны ўклад у патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Затым пад гучныя апладысменты на сцэну па чарзе падняліся падпалкоўнік А. М. Дубовік, маёр Д. В. Дзевятоўскі, старшы прапаршчык Ю. Д. Запольны і старшы сяржант П. П. Рагіня, якія атрымалі граматы ад ваеннага камісара раёна Юрыя Валер’евіча Мільто.

На працягу апошніх гадоў па выніках работы 1-ы радыётэхнічны цэнтр утрымлівае лідзіруючыя пазіцыі сярод аналагічных падраздзяленняў нашай брыгады. Дачасна адкрыю сакрэт, што і сёлета ён прызнаны пераможцам, — гаварыў камандзір 49-й радыётэхнічнай брыгады падпалкоўнік Аляксей Аляксандравіч Лісіца. — Асобна хачу адзначыць вынікі нядаўняга вучэння, якое на працягу трох дзён праходзіла пад кіраўніцтвам начальніка генеральнага штаба Узброенных Сіл Беларусі — першага намесніка міністра абароны Алега Аляксеевіча Белаконева. Было надзвычай прыемна рапартаваць у генштаб, што з усімі заданнямі рухомая малавышынная група цэнтра справілася на выдатна і пры гэтым з лёгкасцю абясшкодзіла ўмоўнага праціўніка, якім былі прадстаўнікі сіл спецыяльных аперацый.

Па выніках камандна-штабнога вучэння за выдатнасць у службе, высокі прафесіяналізм і майстэрства Ганаровай граматай ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны ўзнагароджаны капітан С. У. Швядэнка. Маёр Д. В. Дзевятоўскі атрымаў падзяку і каштоўны падарунак, а малодшы сяржант А. Я. Кісель і яфрэйтар А. В. Пісарчык — медалі. Таксама А. А. Лісіца ўручыў Ганаровыя граматы і па­дзякі 49-й радыётэхнічнай брыгады маёру І. І. Якубовічу, старшым лейтэнантам Я. Д. Куцуху і А. У. Корзану, лейтэнанту А. В. Насуру, старшаму прапаршчыку А. М. Стальмашонку, прапаршчыку В. В. Кеўлічу, старшынам В. І. Магіль­ніцкаму, А. В. Урбану, І. Л. Філіповічу, старшаму сяржанту І. В. Асадчаму, яфрэйтарам А. В. Барылу, А. В. Дзевятоўскай, А. У. Карнацэвічу, Г. А. Кернер, У. В. Мацкевічу і Л. К. Танасіенка.

Прадоўжыў ушаноўванне асабовага складу 1-га радыётэхнічнага цэнтра камандзір 2289-га асобнага радыётэхнічнага батальёна падпалкоўнік Аляксандр Васільевіч Сушчанкоў. Ён падкрэсліў, што вайскоўцы цэнтра вызначаюцца вернасцю прысязе, самаадданай службай, мужнасцю, стойкасцю і з гонарам выконваюць воінскі абавязак. За гэта капітаны С. М. Катовіч, М. М. Іваноў, старшы лейтэнант Ю. У. Рускі, лейтэнант А. А. Сочнеў, прапаршчыкі Я. А. Цынян,  А. І. Грынько і А. І. Турла, старшыны В. П. Рагіня, А. А. Грыневіч і Н. А. Грыневіч, малодшыя сяржанты В. Э. Авін і А. М. Дангель, яфрэйтары В. А. Пятроў, Н. П. Якубовіч, І. В. Вайцяхоўская і Н. А. Пачкоўская адзначаны Ганаровымі граматамі і падзякамі батальёна.

Падчас урачыстасці са сцэны раённага Дома культуры гучала шмат добрых слоў у адрас ваеннаслужачых цэнтра, а таксама безліч цёплых успамінаў і разважанняў наконт сучаснага геапа­літычнага становішча, якімі ахвотна дзяліліся ганаровыя госці мерапрыемства — падпалкоўнікі Анатолій Аляксандравіч Красоўскі, Сяргей Барысавіч Вшыўкаў і Юрый Анатольевіч Руднеў (яны ў свой час узначальвалі падраздзяленне), а таксама маёр Мікалай Васільевіч Варанько. Іх выступленні “сарвалі” шквал апладысментаў глядзельнай залы, у многіх выклікалі шчырыя ўсмешкі і настальгію.

Гэтак жа цёпла гледачы віталі і ўдзельнікаў народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус”, раённага маладзёжнага ваенна-спартыўнага клуба “Азімут”, арт-студыі “Экспромт” і студыі сучаснага танца “Імпульс”, якія на працягу ўсяго вечара дарылі прысутным свае песенныя і танцавальныя нумары.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.