Абмежаваныя. Але не ў аптымізме

Общество

img_8098

2 снежня, напярэдадні Дня інвалідаў, у Доме культуры па вуліцы Станкевіча было мнагалюдна. Сюды сабраліся тыя, на чыю долю выпала нямала выпрабаванняў. У першую чаргу фізічных. Хтосьці атрымаў траўму ў аўтамабільнай аварыі, да кагосьці хвароба прыйшла з узростам, а нехта з дзяцінства не ведае, што такое быць здаровым. Побач з імі былі тыя, хто дапамагае ў жыцці — родныя, сацыяльныя работнікі, сябры.

Такія сустрэчы ў радасць

У фае прыцягвала ўвагу выстава карцін навучэнцаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Альфрэда Ромера, а таксама вырабы наведвальнікаў аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і пастаяльцаў Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Шмат зацікаўленых сабралася каля сталоў, за якімі майстар-клас па выпальванні па дрэве і лепцы з пластыліну паказвалі насельнікі дома-інтэрната. А колькі трэба мець жадання і цярпення, каб з мікраскапічных часцінак пластыліну выкладваць цудоўныя ўзоры! Сапраўды ювелірная работа. Работніца аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інва­лідаў вучыла ствараць вырабы з газетных трубачак, рабіць розныя ўпрыгажэнні.

Хтосьці гутарыў з псіхолагам, некаторыя кансультаваліся ў юрыста, нехта пажадаў змераць ціск на прыёме ў тэрапеўта. З рознымі пытаннямі звярталіся і да спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У салоне “Міласэрнасць” можна было выбраць адзенне па лініі гуманітарнай дапамогі. І ўсе былі рады сустрэчы, цікавіліся здароўем, абменьва­ліся навінамі, гаварылі пра жыццё.

У кожнага яно складанае. Няпроста было выбрацца і на мерапрыемства. Сацыяльныя работнікі на транспарце ТЦСАН забяспечылі падвоз, ля ўвахода ў фае гасцей сустракалі валанцёры — вучні патрыятычнага класа СШ №4. Яны праводзілі да гардэроба, дапамагалі распрануцца, а потым суправаджалі да выстаў або ў глядзельную залу.

Мерапрыемства адкрыла вядучая Таццяна Кухальская і прадаставіла слова намесніку старшыні райвыканкама Юрыю Мікалаевічу Кісялёву.

— 3 снежня дзяржава ўстанавіла асаблівы дзень для асаблівых лю­дзей, — гаварыў Юрый Мікалаевіч. — Але сацыяльная служба, улада памятаюць пра вас штодня і, чым могуць, дапамагаюць. Шмат зроблена для паляпшэння ўмоў пражывання ў Дунілавіцкім доме-інтэрнаце, насычана праходзяць дні ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вы абмежаваныя фізічна, але не ў творчасці і аптымізме. Палюбаваўся работамі, выстаўленымі ў фае. Яны выклікалі захапленне. Радуе, што ёсць шмат людзей, якія багатыя на міласэрнасць, дабрыню, спагаду, у любы час гатовы падставіць плячо, аказаць канкрэтную дапамогу.  Канешне, многія праблемы застаюцца. Штосьці ўдасца вырашыць у бліжэйшы час, нешта — пазней.

Таццяна Кухальская гутарыць з Дзянісам Жуком і яго мамай Эмай Баляславаўнай.
Таццяна Кухальская гутарыць з Дзянісам Жуком і яго мамай Эмай Баляславаўнай.

Кожны дзень — пераадоленне

Затым увазе прысутных быў прапанаваны фільм “На пераадоленне” — пра людзей, жыццё якіх у выніку няшчасных выпадкаў падзялілася на “да” і “пасля”. Фільм стварылі выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара раённага тэлебачання Юлія Лазікевіч і аператар Сяргей Плешакоў. Героі відэаролікаў прысутнічалі ў зале, і вядучая мерапрыемства знаёміла з імі прысутных, задавала пытанні. Яны расказвалі пра тое, што дае ім сілы жыць і не губляць веры.

Дзяніс Жук у снежні 2006 года адправіўся на курсы ў Віцебск. На вуліцы яго жорстка збіў незнаёмец. Хлопец трапіў у бальніцу з дзвюма чэрапна-мазгавымі траўмамі, была праведзена трэпанацыя чэрапа. Тры месяцы комы і прысуд — жыць не будзе.

— А я верыла, што сынок акрыяе, — не можа стрымаць слёз мама Эма Баляславаўна. — Прывезла з абласной бальніцы ў раённую. Вялікае дзякуй галоўнаму ўрачу ЦРБ Уладзіміру Мікалаевічу Чакаваму, яго намесніку Людміле Васільеўне Сямёнавай, іншым медыкам, якія настойліва змагаліся за жыццё Дзяніса. А ён на той час быў раслінкай, якая вось-вось магла загінуць. 

Дзякуючы прафесіяна­лізму медыкаў, бязмежнай мацярынскай любові, дасканаламу догляду, настойлівасці і мэтанакіраванасці, хлопец па-новаму вучыўся думаць, есці, з дапамогай лагапедаў — гаварыць. Пакрыху прысаджваўся, потым узяў у рукі хадулі, затым іх замянілі мыліцы, цяпер ходзіць з дапамогай лясачкі. Кожны дзень пачынае з зарадкі, абавязкова — трэніроўкі, хадзьба па лесвіцы, прагулкі на вуліцы. І ў Дзяніса, і ў яго мамы жыве надзея, што здароўе палепшыцца.

31 год таму ў сям’і пастаўчан Георгія Іванавіча і Алены Мельхіёраўны Душэўскіх нарадзіўся хлопчык. Назвалі Віталіем. Рос прыгожым, здаровым, пацешным. Яму быў адзін год і сем месяцаў, калі выйшаў з мамай на прагулку. І непрадбачаная сітуацыя: наперадзе на праезную частку дарогі бегла чужое дзіця, якое, яшчэ б хвіліну, і трапіла б пад колы аўтамабіля. Алена Мельхіёраўна кінулася на дапамогу. Дзіця ўратавала, а сама атрымала шматлікія пераломы, Віталік — чэрапна-мазгавую траўму. Хлопчык два тыдні быў у коме, пасля чаго па-новаму вучыўся поўзаць, есці, гаварыць. Пакуль мама праходзіла курс лячэння і рэабілітацыі, побач з сынам быў тата. А потым бацькі разам ахінулі дзіця любоўю і клопатам. Віталік на даму закончыў школу. З малых гадоў яго выхоўвалі ў веры, з 2006 года — ён міністрант пастаўскага касцёла.

— Вера ў Бога мне вельмі дапамагае, — гаварыў хлопец. — Я ўдзячны сваім бацькам, якія так пра мяне клапоцяцца. А яшчэ люблю наведваць аддзяленне сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знахо­джання інвалідаў ТЦСАН. Там у мяне шмат сяброў. Мы цікава праводзім час, вучымся ствараць розныя вырабы, разам адзначаем святы, дні нараджэння. Добра, што ёсць такое месца, дзе цябе разумеюць і падтрымліваюць.

Многія людзі, сутыкнуўшыся з бядой, губляюць сэнс жыцця. Прыкладам сілы волі, мужнасці, мэтанакіраванасці можа служыць Андрус Чыпуліс. Дзевятнаццацігадовым хлопцам ён няўдачна нырнуў, моцна ўдарыўшыся галавой. З таго часу яго сродкам перамяшчэння вось ужо 17 гадоў з’яўляецца інвалідная каляска.

— Калі б не мама, сябры, не ўяўляю, што са мной стала б, — гаварыў Андрус. — Напэўна, упаў бы ў дэпрэсію. А 14 гадоў таму ў маім жыцці з’явілася Алеся. Яна — мае рукі, ногі, маё жыццё. Усё, што раблю,  раблю дзеля нас.

— А для мяне Андрэй — прыклад сапраўднага мужчыны, — з лю­боўю гладзіць плечы мужа Алеся. — Ён ведае адказ на любое пытанне. Прыгожы, мужны, цярплівы. Я ім ганаруся.

Няпросты лёс у Віктара Мечыслававіча Мухі і Алесі Міхайлаўны Мялко. Выхоўваліся ў дзіцячых дамах, школах-інтэрнатах, урэшце трапілі ў Дунілавіцкі дом-інтэрнат. Але не развучыліся марыць, спадзявацца, верыць у лепшае і радавацца кожнаму дню. Цяпер праходзяць рэабілітацыйны курс у аддзяленні для самастойнага пражывання дома-інтэрната. Магчыма, у бліжэйшы час змогуць вярнуць дзеяздольнасць і пакінуць сцены ўстановы.

Алеся любіць гатаваць, даглядаць кветкі, займаецца рукадзеллем, дапамагае ў падсобнай гаспадарцы інтэрната, удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, спартыўных мерапрыемствах, ведае на памяць шмат вершаў і дэкламуе іх. Віктар асвоіў некалькі прафесій: сталяра, муляра, плітачніка. Майструе кармушкі для птушак, дапамагае даглядаць цяпліцы, сад, гуляе ў футбол, хораша спявае, танцуе, вядзе мерапрыемствы, якія ладзяцца ў інтэрнаце, удзельнічае ў тэатральных пастаноўках.

Віталій Душэўскі з мамай Аленай Мельхіёраўнай.
Віталій Душэўскі з мамай Аленай Мельхіёраўнай.

Гучалі песні і вершы

Былі прадэманстраваны таленты і на свяце. На сцэне раённага Дома культуры разам з іншымі насельнікамі Дунілавіцкага дома-інтэрната выступілі Віктар Мечыслававіч Муха і Алеся Міхайлаўна Мялко. Спяваў і граў на баяне Павел Андрэевіч Яльмееў. Свае вершы з залы прачытаў Вадзім Ліпніцкі. Ва ўсіх іх нямала праблем са здароўем, але яны не адчайваюцца, умеюць радавацца і тварыць. Шчырыя апладысменты гледачоў заслужылі як людзі з абмежаванымі магчымасцямі, так і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра і ансамбля народных інструментаў “Гуцкія музыкі”, народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Заранка” Варапаеўскай школы мастацтваў.

Арганізатары мерапрыемства ўдзячны спонсару — індывідуальнаму прадпрымальніку Таццяне Аляксандраўне Сташулёнак — за прадастаўленыя падарункі героям відэаролікаў. Усе, хто ў той дзень знайшоў сілы прыйсці ў раённы Дом культуры, яшчэ раз даказалі, што моцныя духам. Яны ведаюць цану рэчам, якія мы ўспрымаем як звычайныя, і таму радуюцца жыццю куды больш за здаровых людзей.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.