Азартна, імкліва, захапляльна

Образование

img_9887

“Тата, мама, я — спартыўная сям’я” — пад такой назвай 19 лістапада на базе сярэдняй школы №4 адбылося спартыўнае свята для  навучэнцаў пачатковых класаў, іх бацькоў і родных, якое праводзілася ў рамках тыдня здаровага ладу жыцця.

Пад гучныя апладысменты прысутных каманды “Сямейны экстрым” і “Таты, мамы, дзеці”, у склад кожнай з якіх уваходзіла па восем школьнікаў і чацвёра дарослых, пастроіліся ў спартыўнай зале перад гледачамі. Прагучала каманда “Раўняйся! Смір­на!”, і ўсе зрабілі раўненне на Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. Ганаровае права падняць яго было прадастаўлена неаднаразоваму прызёру раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па каратэ — вучню 4 “А” класа Аляксандру Макрушу.

img_9661

Па традыцыі спаборніцтвы пачаліся з прывітання каманд. Затым свой спрыт і фізічную падрыхтоўку ўдзельнікі дэманстравалі ў конкурсах “Чароўная палачка”, “Кенгуру”, “Пасадзі бульбу”, “Пераадоленне тунэля”, “Гарадкі”, “Хакей”, “Бег парамі”, “Скачкі ў мяшках”, “Касмічны сняданак” і “Асілкі”. На працягу ўсіх стартаў каманды бегалі, скакалі, праяўлялі кемлівасць, ды так азартна і ўдала, што амаль палова фотаздымкаў, зробленых падчас мерапрыемства, атрымалася размытай — фотаапарат проста не паспяваў сфакусіравацца на імклівых рухах удзельнікаў спартыўнага свята, хоць і стаяў у пазіцыі “Спорт”. Не менш азартна паводзілі сябе і балельшчыкі, прычым як дзеці, так і дарослыя: не скупіліся на апладысменты і словы падтрымкі (ад іх у вушах літаральна гуло), увесь час уздымалі плакаты з падба­дзёрваючымі лозунгамі.

Гэтак жа шчыра і ўважліва за ходам спаборніцтваў сачылі члены журы, у склад якога ўвайшлі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама С. У. Чымбург, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №4 А. В. Сцяпанава, фельчар Ж. Г. Дунец, прадстаўнікі бацькоўскага камітэта В. І. Анціховіч і А. А. Маргуноў, а таксама вучаніца 8 “Б” класа, лідар піянерскай дружыны школы Лізавета Загурская.

img_9855

Пакуль каманды-ўдзель­ніцы адпачывалі пасля напружаных выпрабаванняў, а журы падводзіла прамежкавыя вынікі, гледачоў забаўлялі вучні першых-чацвёртых класаў. Перша­класнікі “навучылі” рабіць зарадку, якая надасць ба­дзёрасці, чацвёртакласнікі выканалі песню “Спартыўны марш”, другакласнікі — запальны танец “Марачка”. Таксама прысутным прапаноўвалася паўдзельнічаць у размінцы для розуму і адгадаць розныя загадкі на спартыўную тэматыку, паслухаць песню ў выкананні Лізаветы Загурскай.

Мерапрыемства атрымалася азартным, захапляльным, вясёлым. Падводзячы яго вынікі, старшыня журы С. Чымбург адзначыў:

 — Было прыемна назіраць, як у дзяцей і бацькоў гарэлі вочы і што кожны выступаў з запалам. Хоць перамогу святкуе каманда “Сямейны экстрым”, гэта той выпадак, калі няма пераможаных, а ёсць толькі “недавыйграўшыя”. Дзякуй за падораныя эмоцыі.

Думаю, гэта агульнае меркаванне.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.