Цікавыя праграмы і шмат карысных ідэй

Общество

img_6644
Фіналісты конкурсу (у цэнтры — Аляксандр Сварцэвіч, злева ад яго Ірына Гутар і Сяргей Піліпёнак).

На мінулым тыдні завяршыўся конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых работнікаў раёна “Шлях да поспеху-2016”. Удзельнікі — а іх да фіналу дайшло ўсяго сямёра — прадставілі ў раённым выканаўчым камітэце аўтарскія праграмы развіцця прадпрыемстваў, на якіх працуюць, выступіўшы ў якасці кіраўнікоў, і свае праекты на тэму “Калі б я быў старшынёй райвыканкама”.

Падтрымаць канкурсантаў на трэцім этапе — абароне аўтарскіх праграм — прыйшлі прадстаўнікі кіраўніцтва некаторых арганізацый і ўстаноў. У прыватнасці, дырэктар цэнтра культуры і народнай творчасці раёна К. В. Грэська, намеснікі дырэктараў: па ідэалагічнай рабоце УП ЖКГ М. А. Кабайла, галоўнага ўрача УАЗ “Пастаўская ЦРБ” А. В. Дарафееў, начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні В. Л. Врублеўскі. Ацэньвала выступленні маладых лю­дзей кампетэнтнае журы ў складзе намеснікаў старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёва і І. І. Несцяронак, начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г. М. Чаплінскай і арганізацыйна-кадравай работы А. Г. Рудніцкай, старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу С. М. Герасіменкі, а таксама першага і другога сакратароў райкама БРСМ І. А. Каралёвай і В. Л. Казлоўскай.

Перш чым прыступіць да ацэнкі праграм, з прывітальным словам да канкурсантаў звярнуўся Ю. М. Кісялёў. Ён адзначыў, што адчувае гонар за тое, што на Пастаўшчыне расце такая годная змена юнакоў і дзяўчат, якія за непрацяглы час найлепшым чынам зарэкамендавалі сябе ў сваіх арганізацыях, занялі там даволі высокія пасады. “Канешне, хацелася б, каб удзельнікаў конкурсу было больш, — працягваў Юрый Мікалаевіч. — Але мы будзем браць не колькасцю, а якасцю”.

Старшыню журы падтрымала Г. М. Чаплінская. Яна заўважыла: з кожным конкурсным этапам маладыя людзі ўсё больш вырастаюць прафесійна — і выказала спадзяванне, што тыя змогуць парадаваць сваімі праектамі, поглядамі і прапановамі. Пажадаўшы ўсім поспехаў, Галіна Мікалаеўна параіла не разгубіцца, быць мэтанакіраванымі і знайсці ў асобе журы саюзнікаў.

Згодна з жэрабем, першай абараняць аўтарскую праграму выпала бухгалтару ААТ “Камайскі-агра” Алене Зубовіч, якая прадставіла праект развядзення і ўтрымання на базе гаспадаркі коней для заняткаў іпатэрапіяй. У сваім выступленні дзяўчына абгрунтавала мэтазгоднасць конегадоўлі і яе вынікі. З цікавай праграмай па рэарганізацыі медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву раёна выступіў урач-інфекцыяніст, загадчык інфекцыйнага аддзялення Пастаўскай ЦРБ Аляксандр Сварцэвіч. Ён прапанаваў стварыць замест ФАПаў тры мабільныя перасоўныя брыгады ў складзе двух фельчараў, вадзіцеля аўтамабіля і санітара. Не менш цікавай і актуальнай аказалася і праграма намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Пастаўскай гімназіі Ірыны Гутар па ўкараненні воблачных тэхналогій у сістэме адукацыі і іншых сацыяльна значных сферах. (Для даведкі: воблачныя тэхналогіі — гэта тэхналогіі апрацоўкі даных, у якіх камп’ютарныя рэсурсы прадастаўляюцца інтэрнэт-карыстальніку як анлайн-сэрвіс. Слова “воблака” выкарыстоўваецца ў якасці метафары, што ўвасабляе складаную інфраструктуру, якая хавае за сабой усе тэхнічныя дэталі.) 

Механік транспартнага ўчастка УП ЖКГ Сяргей Піліпёнак прадставіў сваё бачанне скарачэння выдаткаў арганізацыі на вывазе цвёрдых бытавых адходаў, ухіленні забівання цэнтральнай каналізацыі ў шматкватэрным жылым доме, рабоце з неплацельшчыкамі за жыллёва-камунальныя паслугі і абсталяванні парковачных месцаў у горадзе. Арганізатар масавых мерапрыемстваў цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Таццяна Карпава прапанавала ўласную праграму развіцця культуры ў сельскай мясцовасці і аказання платных паслуг насельніцтву. Інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ РАУС Дзмітрый Жук унёс канкрэтныя прапановы па зніжэнні смяротнасці на дарогах шляхам паляпшэння ўмоў дарожнага руху ў горадзе. А інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі лясгаса Алена Мінчанкова акцэнтавала ўвагу на развіцці гадавальніцкай гаспадаркі на базе прадпрыемства.

Смелымі і не пазбаўленымі рацыянальнага зерня аказаліся і праекты на тэму “Калі б я быў старшынёй райвыканкама”. Канкурсанты прапаноўвалі пабудаваць у Паставах шматфункцыянальны спартыўны комплекс, рэканструяваць існуючы гарадскі парк у сучасны парк культуры і адпачынку для прадстаўнікоў усіх узростаў, устанавіць аўтаматы для збору пластыкавых бутэлек, арганізаваць вытворчасць вадасцёкавых сістэм, элементаў бяспекі даху і вентыляцыі, распрацаваць веласіпедныя маршруты па горадзе з улікам славутых мясцін, стварыць у раёне арганізацыю Беларускага грамадскага аб’яднання “Цвярозасць — Аптымаліст” і нават увесці ў школах абавязковыя факультатыўныя заняткі па асновах беларускай дзяржаўнасці.

Абсалютна ўсе праекты выклікалі непадробны інтарэс у членаў журы. Яны задавалі аўтарам шмат пытанняў, бурна абмяркоў­валі асобныя моманты, многія ­ў­несеныя прапановы бралі на заметку. Калі ж надышоў час падлічыць выстаўленыя за чатыры конкурсныя этапы балы, аказалася, што найбольшую іх колькасць набраў Аляксандр Сварцэвіч. Крыху адсталі ад яго Ірына Гутар і Сяргей Піліпёнак, якія займаюць адпаведна другое і трэцяе месцы. Узнагароджанне пераможцаў і астатніх удзельнікаў конкурсу адбудзецца падчас традыцыйных калядных сустрэч кіраў­ніцтва райвыканкама з моладдзю.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.