Душа ляцела з музыкай да Бога


img_6657

10 і 11 снежня ў раёне прайшоў IV фестываль арганнай музыкі “Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны”. Як заўсёды, месцамі яго правядзення сталі касцёлы Святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў райцэнтры і Святога Іаана Хрысціцеля ў Камаях, якія на два дні ператварыліся ў сапраўдныя канцэртныя залы.

Фестываль пачаўся вечарам у суботу ў пастаўскім касцёле. Адкрылі яго пастаянная вядучая, дыктар замежнай рэдакцыі “Ра­дыё Беларусь” Маргарыта Захарыя, журналіст-каментатар Беларускага радыё, арганіст касцёла Святога Роха ў Мінску Віктар Кісцень і салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Тамара Рэмез. Яны прадставілі пастаўчанам і гасцям горада літаратурна-музычную кампазіцыю “Авэ Марыя”, складзеную з твораў Франца Шуберта, Іагана Се­басць­яна Баха, Вольфганга Амадэя Моцарта, Шарля Гуно, Каміля Сенсанса, Жана Алена, Станіслава Манюшкі, Нуну Габунія і іншых айчынных і замежных кампазітараў мінулых стагоддзяў.

Вядучая канцэртаў Маргарыта Захарыя.
Вядучая канцэртаў Маргарыта Захарыя.

Як расказалі пазней музыканты, гэту праграму яны падрыхтавалі год назад да каляднага фестывалю ў мінскім касцёле на Залатой Горцы і там жа прэзентавалі слухачу. У Паставах яна прагучала ў крыху скарочаным варыянце, але не менш урачыста і ўзнёсла. А сапраўдным упрыгажэннем канцэрта сталі духоўныя вершы, якія пранікнёна прачытала Маргарыта Захарыя.

Спявае Аляксандр Хумала, за арганам — Вольга Падгайская.
Спявае Аляксандр Хумала, за арганам — Вольга Падгайская.

У нядзелю арган спяваў пад рукамі ўжо іншых праслаўленых артыстаў — лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, выкладчыцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольгі Падгайскай і саліста Белдзярж­філармоніі Канстанціна Шарава, якія выканалі творы Георга Фрыдрыха Гендэля, Джавані Пергалезі, Бенджаміна Брытэна, Габрыэля Фарэ, Жана Адама Гелена, Алясандра Марчэла, іншых кампазітараў-арганістаў. Сапраўдным сюрпрызам для пастаўчан стала выступленне мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь музычнай капэлы “Санорус” Аляксандра Хумалы, які спецыяльна прыехаў на фестываль і ўразіў усіх сваім незвычайна прыгожым, моцным голасам. Слухаючы яго, а таксама старажытны арган, хацелася думаць пра вечнае і ўзнёслае, ачысціцца душой і дакрануцца да спрадвечных хрысціянскіх святынь.

Канстанцін Шараў.
Канстанцін Шараў.

У знак удзячнасці ўсім удзельнікам канцэртаў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г. М. Чаплінская ўручылі ім Падзячныя лісты і невялікія падарункі ад раённага выканаўчага камітэта. Атрымаў іх і ініцыятар правядзення фестывалю, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, член прэзідыума ЦК прафсаюзаў работні­каў культуры Т. І. Стружэцкі, якому прадаставілі слова.

Тамара Рэмез і Віктар Кісцень.
Тамара Рэмез і Віктар Кісцень.

— Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што на Пастаўшчыне сфар­мі­равалася яшчэ адна выдатная традыцыя — правядзенне такога прыгожага фестывалю арганнай музыкі, — адзначыў Тадэвуш Іванавіч. — Але любая традыцыя будзе жыць тады, калі яна будзе развівацца і ўзбагачацца. Хацелася б, каб на наступных канцэртах прысутнічала яшчэ больш слухачоў і яны атрымлівалі сапраўдную эстэтычную і духоўную асалоду, бо менавіта ў храме душа паднімаецца разам з музыкай да Бога.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.