І сюрпрыз ад Насці Жук

Местная власть

Сярэбраны прызёр абласных спаборніцтваў Насця Жук.
Сярэбраны прызёр абласных спаборніцтваў Насця Жук.

У лістападзе ў абласным цэнтры праходзілі спаборніцтвы па плаванні. У двух з іх вызначыліся выхаванцы трэнера Аляксандра Бучнева з фізкультурна-спартыўнага клуба “Паставы”.

З кожным годам у Віцебску ўсё большую папулярнасць набывае адкрыты гарадскі турнір па спрынтарскім плавальным мнагабор’і,    прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Веры Харужай. Сёлета ў спаборніцтвах разам з гаспадарамі прынялі ўдзел каманды Наваполацка, Оршы, Полацка, Гомеля, Мінска, Светлагорска, а таксама з расійскага горада Вялікія Лукі. Большасць удзельні­каў з’яўляліся выхаванцамі дзіцяча- юнацкіх школ алімпійскага рэзерву. Юныя пастаўчане сталі адзі­нымі, хто прадстаўляў на турніры сельскі раённы цэнтр. Але гэта не перашкодзіла ім  сярод больш чым 300 сапернікаў паказаць добрыя вынікі.

У басейне віцебскай СШ №31 барацьбу за ўзнагароды вялі хлопчыкі і дзяўчынкі ў чатырох узроставых катэгорыях. На працягу трох дзён яны выяўлялі мацнейшых у плаванні на спіне, вольным стылем, брасам і батэрфляем. Добрыя вынікі паказала Ліза Кліпа, якая на трох дыстанцыях з чатырох заваявала сярэбраны і два бронзавыя медалі, а таксама медаль за чацвёртае месца ў плавальным мнагабор’і.

На шляху да выхаду ў фінальную групу спартсменаў вызначылася сямікласніца Аляксандра Іванькова. Плаваннем яна займаецца ўсяго другі год і, па словах трэнера Аляксандра Бучнева, з кожным тыднем і месяцам усё больш прыбаўляе ў майстэрстве. Вось і на турніры ў Віцебску на дзвюх плавальных дыстанцыях Аляксандра выканала два дарослыя спартыўныя разрады. Па-за праграмай турніру выступаў дзесяці­класнік Андрэй Гутараў. І для яго дарожка 25-метровага басейна таксама аказалася “хуткай”. Андрэй выканаў трэці дарослы разрад.

Да фіналу турніру дайшла Даша Дубовік. Годна выступілі таксама Пётр Трава, Андрэй Собаль, Ілья Сіманька. У сваіх заплывах — а ў кожным удзельнічала больш за 70 юных плыўцоў — яны былі ў групах мацнейшых.

Каля 200 хлопчыкаў і дзяўчынак сабрала адкрытае першынство па плаванні на спіне, якое праводзіла дзіцяча-юнацкая школа адімпійскага рэзерву №8 г. Віцебска. У Паставах гэты від плавання не культывуецца. Тым не менш запрашэнне прыняць удзел у спаборніцтвах было прынята.

— Трэніраваліся крыху больш за два тыдні і на поспех не разлічвалі, — расказваў Аляксандр Бучнеў. —  Але самая юная ўдзельніца спаборніцтваў — вучаніца другога класа СШ №3 Насця Жук — паднесла сюрпрыз. На 25-метровай дыстанцыі яна паказала другі вынік і ўпершыню ў асабістым заліку заваявала сярэбраны медаль. У новым для сябе відзе плавання сярод дзясяткаў аднагодкаў шосты вынік паказаў Пётр Трава, парадаваў і Андрэй Собаль. Карыстаючыся выпадкам, хачу нагадаць пра нашага выхаванца Паўла Лютынскага, які з’яўляецца навучэнцам рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Нядаўна ён выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту па плаванні.

Цяпер юныя пастаўскія плыўцы і іх трэнер рыхтуюцца да адкрытага першынства абласной школы алім­пійскага рэзерву, дзе  выступяць у галоўных для сябе відах плавання — батэрфляем і кролем.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.