Капліца сілкуе нас

Духовность

713648166 снежня католікі ўшаноўваюць Святога Мікалая — біскупа, чалавека вялікага сэрца і дабрыні, бязмежнай любові да бліжніх. Народныя легенды апавядаюць пра тое, што ён дапамагаў бедным і няшчасным, любіў рабіць прыемныя сюрпрызы. Сёлета зрабіў яго і для вернікаў нашай капліцы.

Першым падарункам стаў канцэрт удзельнікаў гурта “Лаўдас” з Мінска. А пасля Імшы Святы Мікалай разам з анёлам пачаставаў нас цукеркамі. Мы ў сваю чаргу павіншавалі з імянінамі свайго пробашча ксяндза Мікалая, які ўвабраў у сябе самыя лепшыя якасці свайго нябеснага апекуна.

Колькасць жыхароў у вёсцы змяншаецца з года ў год. Некалі ксёндз два дні калядаваў па дамах парафіян, а цяпер толькі крыху больш за дзесяць чалавек збіраецца на Імшу. Кожны раз найперш дзякуем Богу за магчымасць маліцца ў нашай невялічкай каплічцы. У маладосці ездзілі за сотні кіламетраў у касцёл у Нарач, Гадуцішкі, Глыбокае, хапала сіл нават пешшу хадзіць у Лучай. Цяпер жа і ў Паставы праблема выбрацца: аўтобус ходзіць нерэгулярна, ды і хвароб не злічыць. Большасць з нас размяняли восьмы дзясятак. Да капліцы ж паціху даходзім: хто з веласіпедам, хто з лясачкай, а хто — і з дзвюма. Дзякуй маладым вяскоўкам, якія і капліцу прыбіраюць, і дэкарацыі святочныя робяць.

Запалі ў душу святыя місіі, якія праходзілі ў кастрычніку. Гэта шэраг  духоўных практыкаванняў, навук, набажэнстваў, якія накіраваны на духоўнае адраджэнне парафіі і кожнага верніка. Апошні раз такая падзея адбывалася ў лучайскім касцёле ў 1991 годзе. Ксёндз-місіянер Ста­ніслаў прыязджаў да нас пяць дзён запар. У нас была магчымасць паглядзець на сваё жыццё праз прызму Евангелля, аднавіць і ўмацаваць веру. На кожны дзень вызначалася пэўная інтэнцыя з адпаведным казаннем. Мы атрымалі сакрамант намашчэння хворых, маліліся за дзяцей і ўнукаў, хворых, за душы памерлых родных, сваякоў, сусе­дзяў, аднавяскоўцаў, благаславенне атрымалі і ўдовы.

У адзін з дзён сямейныя пары аднаўлялі шлюбныя абяцанні. Перад алтаром сталі Альфрэда Фабіянаўна і Вікенцій Вікенцьевіч Падгайскія, якія якраз днямі адзначалі 55-ю гадавіну шлюбу,  Уладзімір Фердынандавіч і Галіна Анатольеўна Праліч — 53-ю, Мар’ян Сігізмундавіч і Ганна Іосіфаўна Таразевіч — залатое вяселле, а Тамара Сяргееўна і Эдуард Феліксавіч Субко разам 44 гады. Яны дзякавалі за гады сумеснага жыцця, за тыя радасці і нягоды, якія былі на іх шляху і якія яны дзялілі на дваіх, абяцалі і надалей з павагай адносіцца адно да аднаго, падтрымліваць і клапаціцца ў любой сітуацыі.

Капліца — адзінае месца ў вёсцы, дзе мы можам сабрацца. Прыгожа праводзім майскія і чэрвеньскія набажэнствы, у кастрычніку — ружанцовую малітву, у перыяд Вялікага посту перажываем пакуты Хрыста на Крыжовай дарозе. Вялікае дзякуй ксяндзу Мікалаю Ліпскаму за тое, што прыязджае да нас кожную нядзелю і ў святы, у перыяд Адвэнту ад­праўляе раратнія Імшы. Вяртаемся дадому, абагаціўшыся духоўна, з палёгкай на сэрцы і з радасцю перажываем кожны новы дзень.

Вернікі цешалаўскай капліцы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.