Песня, музыка, паэзія

Личности

20161205_152257

Літаратурна-музычная гасцёўня ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча працуе ўжо некалькі гадоў. Тэмы на яе пасяджэннях абмяркоўваюцца самыя розныя. Нядаўна гасцёўня прайшла пад назвай “Моладзевая палітра”, на якую сабраліся  юныя пастаўчане, што пішуць вершы, граюць на гітары.

Адкрылі вечар навучэнцы 11 класа СШ № 2 гітарыст Улад Рассохін і салістка Валерыя Пяткевіч. Вершам і музыкай перанялі ад іх эстафету Наталля Высоцкас і Аляксандр Унтан з гімназіі. Затым прысутныя разважалі над тым, што такое музыка. Музычным стылям і жанрам была прысвечана наступная старонка гасцёўні. Навучэнцы адказвалі на пытанні віктарыны, паказалі добрыя веды ў народнай і сучаснай музыцы. Найбольш папулярнай аказалася руская, цыганская, украінская. Шмат прыхільнікаў і ў сучаснай — эстраднай, мюзікла, шансона, дыска, румбы, рэпа. Улад Рассохін і Аляксандр Унтан выканалі інструментальную кампазіцыю ў стылі панк-рок. Гучнымі апладысментамі гледачы дзякавалі за творчасць і яшчэ аднаму дуэту — вучаніцам СШ № 3 Ганне Кундро і Ірыне Трафімавай, якія выканалі сучасную песню, акампаніруючы сабе на гітарах.

Многія маладыя людзі захапляюцца паэзіяй. Некаторыя самі спрабуюць пісаць вершы. На вечарыне вядучая правяла невялікую інтэрактыўную гульню. З прапанаваных слоў трэба было скласці вершаваныя радкі. Усе ўдала справіліся з заданнем. Наталля Высоцкас пранікнёна прачытала верш “Майму дзядулю”, напісаны да 70-годдзя Перамогі. А потым зноў ігралі Ірына Трафімава і Аляксандр Унтан (гавайская гітара).

Вечарына прайшла на адным дыханні. Яна адкрыла новыя імёны таленавітых маладых лю­дзей. А песня, музыка і паэзія  згуртавалі тых, хто знайшоў час прыйсці ў той дзень у Дом культуры.

Анастасія ЗУБАНАВА, рэжысёр

раённага Дома культуры.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.