Салідарнасць і адзінства дзеянняў

Экономика

У прэзідыуме — І. А. Далецкая, С. М. Герасіменка, Г. М. Толмач і У. У. Мядзелец.
У прэзідыуме — І. А. Далецкая, С. М. Герасіменка, Г. М. Толмач і У. У. Мядзелец.

25 лістапада адбылося пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. У яго рабоце прынялі ўдзел спецыяліст інфармацыйна-аналітычнага аддзела Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Г. М. Толмач і старшыня Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў У. У. Мядзелец. З дакладам выступіла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў І. А. Далецкая.

На абароне правоў працоўных

— Сёння прафсаюзы значна ўмацавалі свой аўтарытэт, — гаварыла дакладчык. — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі імк­нецца быць рэальнай сілай, якая здольна эфектыўна абараняць правы працоўных. У такім жа кірунку працуе і наша аб’яднанне. У яго склад уваходзяць 4 раённыя арганізацыі галіновых прафсаюзаў, 93 пярвічныя прафарганізацыі і прафгрупы. Яны налічваюць у сваіх радах каля 11 тысяч членаў прафсаюза. У раёне працуюць прадстаўнікі 14 галіновых прафсаюзаў. Прафсаюзнай дзейнасцю на грамадскіх пачатках займаюцца практычна ўсе старшыні прафсаюзных аргані­зацый. Выключэнне — раённыя арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і адукацыі і навукі.

Прафсаюзамі вызначаны прыярытэтныя кірункі дзейнасці, у прыватнасці ажыццяўленне грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб працы і ахове працы; паляпшэнне санітарна-бытавых умоў работнікаў працоўных калектываў; раз­віццё прафесійнай арыентацыі моладзі; выхаванне грамадзянскасці, духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення і іншыя. На сённяшні дзень усе прафсаюзныя арганізацыі ўвайшлі ў раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Для разгляду праблемных пытанняў і вызначэння мер узаема­дзеяння створаны раённы савет па працоўных і сацыяльных пытаннях. У яго склад уваходзяць па 4 прадстаўнікі ад райвыканкама, наймальнікаў і прафсаюзаў. Паміж гэтымі структурамі дзейнічае пагадненне па вырашэнні вышэйназваных пытанняў, і яно дае свой плён. У верасні прайшла сустрэча прафсаюзнага актыву раёна са старшынёй райвыканкама Віктарам Сяргеевічам Гутаравым, падчас якой вялася дзелавая і канструктыўная размова.

Адным з важных напрамкаў дзейнасці прафсаюзаў з’яўляецца кантроль за бяспекай і аховай працы на вытворчасці. З гэтай мэтай арганізавана работа рэйдавых груп тэхнічных інспектараў. Пачынаючы з мінулага года, праведзены праверкі ў 20 арганізацыях раёна, выяўлены 93 парушэнні заканадаўства аб ахове працы. Яны былі разгледжаны на пасяджэннях раённай ка­місіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў, а таксама на пасяджэнні райвыканкама.

Вядзецца работа па стварэнні пярвічных прафсаюзных арганізацый, у тым ліку ў арганізацыях недзяржаўнага сектара эканомікі. Сёлета ў раёне створаны 2 пярвічкі: у праектна-вытворчым архітэктурна-планавым бюро рай­выканкама і Пастаў­скім вытворча-мэблевым цэнтры. Спецыялістамі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі рэгулярна праводзяцца прыёмы грама­дзян па растлумачэнні норм заканадаўства аб працы.

Прафсаюзныя арганізацыі сталі самымі актыўнымі ўдзельнікамі на ўсіх этапах падрыхтоўкі і правядзення выбарчых кампаній у 2015 і 2016 гадах. Члены прафсаюза займаліся зборам подпісаў, ­удзельнічалі ў правядзенні пікетаў, працавалі ў скла­дзе выбарчых камісій, былі назіральнікамі.

Праведзена пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, на якім разгледжана пытанне “Аб выніках пятага Усебеларускага народнага сходу”. На ім абмяркоўваліся палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2016-2020 гады, комплекс мер па рэалізацыі асноўных палажэнняў гэтай праграмы ў сістэме Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Віцебскай вобласці і нашага раёна. Прафсаюзы садзейнічаюць у працаўладкаванні, аказваюць дапамогу маламаёмным, мнагадзетным сем’ям пры падрыхтоўцы да школы.

Актыўна ўдзельнічаюць у культурна-масавай рабоце, якая вядзецца ў раёне. Не засталіся ў баку ад мерапрыемстваў, прысвечаных Дню абаронцаў Айчыны, 8 Сакавіка, Дню маці, ушаноўвання працоўных дынастый, адкрыцця дома сямейнага тыпу, “вяровачнага гарадка” ў Азёрках, Міжнароднага фестывалю  народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”.  Праведзена шмат прафсаюзных акцый: раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”, “Прафсаюзы — дзецям”, “Павіншуем маму разам”, “Я=Беларусь!”, “Прафсаюзы Віцебшчыны ў Год культуры”, акцыя, прысвечаная 80-годдзю прафсаюзнага спорту, і іншыя. Цікава прайшла сяброўская сустрэча народнага хору ветэранаў вайны і працы нашага раёна і хору ветэранаў “Маналіт” — Глыбоцкага.

— У вашым раёне я не ўпершыню, — гаварыў У. У. Мядзелец. — Прафсаюзны актыў згуртаваны і мэтанакіраваны. Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі — гэта цаглінкі фундамента Федэрацыі прафсаюзаў. Старшыні прафкамітэтаў у вашым раёне праводзяць вялікую работу па абароне правоў працоўных, умацаванні аўтарытэту прафсаюза. Дзякуй за бескарыслівую работу, актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах.

Галоўнымі прынцыпамі арганізацыйнай дзейнасці раённага аб’­яднання прафсаюзаў з’яўляюцца салідарнасць і адзінства дзеянняў усіх прафсаюзных арганізацый і арганізацыйных структур галіновых прафсаюзаў. На Пастаўшчыне гэты прынцып захоўваецца, пра што гаварылі ў сваіх выступленнях старшыні прафсаюзных арганізацый работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Дзіяна Іванаўна Пякарская і работнікаў агра­прамысловага комплексу Сяргей Мікалаевіч Герасіменка, старшыня прафкама СШ № 5 Ганна Іосіфаўна Дрозд.

Л. В. Федарэнка, А. Ю. Кандыбін і Т. Б. Баторы.
Л. В. Федарэнка, А. Ю. Кандыбін і Т. Б. Баторы.

І талентамі парадавалі

Затым  у рамках тыдня прафсаюзнай культуры “Народныя таленты табе, Беларусь” адбыўся святочны канцэрт, які стаў цудоўным падарункам для ўсіх, хто прыйшоў у канцэртную залу Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза па вуліцы Чырвонаармейскай. У першым блоку для гледачоў спявалі старшыня Валкоўскага сельскага Савета Таіса Браніславаўна Баторы, начальнік Варапаеўскай дыстанцыі пуці Аляксандр Юр’евіч Кандыбін, дырэктар раённага камбіната бытавога абслугоў­вання насельніцтва Ларыса Віктараўна Федарэнка.

Актыўная жыццёвая пазіцыя характарызуе сёння большасць членаў прафсаюза. Аб гэтым сведчыць іх актыўны ўдзел у вакальным конкурсе “Новыя імёны Беларусі”, мэта якога — прыцягненне маладых людзей да творчасці, раскрыццё іх здольнасцей і талентаў, прапаганда здаровага ладу жыцця. У раённым этапе конкурсу ўдзельнічалі прадстаўнікі больш чым 20 арганізацый. Сваімі выступленнямі ў чарговы раз парадавалі члены прафарганізацый Сяргей Казура з УП ЖКГ і Вікторыя Пятрова (раённы цэнтр дзяцей і моладзі).

Аляксандр Іжмайловіч, Ева Вежнавец і Валерыя Патрушава.
Аляксандр Іжмайловіч, Ева Вежнавец і Валерыя Патрушава.

“Прафсаюз — праз пакаленні” — так называлася чарговая старонка канцэрта. На сцэну выйшлі ветэраны працы і прафсаюзнага руху, энтузіясты творчасці, былыя работніцы адкрытага акцыянернага таварыства “Паставымэбля” Яўгенія Аляксандраўна Чарняўская і Алена Пятроўна Конанава. Больш за 30 гадоў яны актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах завода. Не разгубіліся і на раённай сцэне.

А будучыня, вядома ж, за маладымі — ініцыятыўнымі, здольнымі. У Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза расце плеяда таленавітых вучняў, поспехамі якіх ганарацца настаўніцкі калектыў, бацькі, родныя. Віртуозна грала на цымбалах Валерыя Патрушава, у захапленні засталіся гледачы і ад вакальнага майстэрства Аляксандра Іжмайловіча і Евы Вежнавец.    

Сяргей Казура і Вікторыя Пятрова.
Сяргей Казура і Вікторыя Пятрова.

У заключэнне мерапрыемства быў запалены сімвалічны агонь творчасці, які перадаваўся ад старэйшых артыстаў маладым. І. А. Далецкая па­дзякавала ўдзельнікам канцэрта і ўручыла ім дыпломы, кветкі і памятныя падарункі. Прыемным сюрпрызам стаў букет руж для Л. В. Федарэнка ад члена прафарганізацыі РКБА Кацярыны Казловай.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.