Шахматны калейдаскоп

Спорт

2134

У міжраённых спаборніцтвах па хуткіх шахматах, што праходзілі ў Глыбокім, прынялі ўдзел 9 каманд. Гулялі ў 7 тураў і па швейцарскай сістэме. Для поўнай аб’ектыўнасці “сляпую” жараб’ёўку перад кожным турам праводзіў камп’ютар. Іншы раз ён быў бязлітасным і ўжо на старце звёў паміж сабой яўных фаварытаў. Але і гэта не стала перашкодай для моцнай каманды Браслаўскага раёна. Суседзі з першых тураў захапілі аднаасобнае лідарства і не саступілі яго да фінішу. Другі вынік паказала каманда Глыбокага. У тройцы прызёраў яшчэ адзін фаварыт — каманда Лепельскага раёна.

Пастаўшчыну прадстаўлялі выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі, якія занялі выніковае шостае месца. Найбольшую колькасць ачкоў набраў Матфей Іваноў (3,5 з 7). На паўачка менш у капітана каманды Жэні Ліпскай.

* * *

У вышэйшай лізе засталося згуляць шэсць адкладзеных партый. Яны былі перанесены на больш позні тэрмін з-за хваробы шахматыстаў. Завяршыў спаборніцтвы ўрач Андрэй Паўлаў. Спачатку без барацьбы ён прайграў яўнаму фаварыту чэмпіянату Аляксандру Сямёнаву (ЦРБ), а пазней даволі лёгка выйграў у аўтара гэтых радкоў. Чэмпіён раёна вызначыцца ў залатой партыі паміж індывідуальным прадпрымальнікам Дзмітрыем Стахоўскім і праграмістам ЦРБ Аляксандрам Сямёнавым. Апошняму, каб стаць першым, дастаткова згуляць унічыю.

 У нізе турнірнай табліцы трэці няўдачнік, які развітаецца з вышэйшай лігай, вызначыцца ў партыі паміж Аляксандрам Мурзо і Авенірам Чырванцом. Першага задаволіць толькі выйгрыш.

У першай лізе працягвае лідзіраваць Сцяпан Дзяшук (УП ЖКГ). На другое месца выйшаў Аляксей Паўлаў (Віцебская абласная падатковая інспекцыя), які ў хо­дзе адкладзеных партый перамог Матфея Іванова (СШ №2), але прайграў Уладзіміру Краўчанку і Сцяпану Дзяшуку. У ключавой партыі Жэня Ліпская перамагла Дзмітрыя Крупадзёрава (ААТ “Паставымэбля”) і захоўвае добрыя шансы на тое, каб заваяваць пуцёўку ў вышэйшую лігу.

* * *

Чэмпіянат раёна па хуткіх шахматах бу­дзе складацца з шасці адборачных турніраў, па выніках якіх восем мацнейшых ігракоў па кругавой сістэме (кожны з кожным) вызначаць чэмпіёна раёна ў красавіку наступнага года. У фінальнай частцы згуляюць шахматысты, якія будуць мець максімальна высокі каэфіцыент у трох любых турнірах.

Першы адборачны турнір выйграў А. Мурзо, а ў другім не было роўных С. Дзяшуку. Трэція спаборніцтвы вызначыліся масавасцю (22 удзельнікі) і самым высокім каэфіцыентам. Тут перамогу святкаваў А. Таразевіч (раён газазабеспячэння), у актыве якога пяць з шасці магчымых ачкоў. Столькі ж і ў Д. Стахоўскага, але ў яго на гэты раз горшымі былі дадатковыя паказчыкі. Зусім нямнога адсталі Д. Крупадзёраў, аўтар гэтых радкоў і А. Мурзо.

Юрый КАТОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.