У Азёрках казкі карагодзяць

Культура

img_0076

Калісьці тут, у маляўнічым урочышчы Азёркі, што непадалёк ад райцэнтра, кожную зіму ўладарыў Зюзя Паазерскі. Але некалькі гадоў назад міфалагічны герой з’ехаў з Пастаўшчыны. А казачна прыгожыя мясціны засталіся. Думаеце, яны сталі менш прыцягальнымі? Зусім не! І дзякуючы таму, што раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне стварыць у Азёрках вялікі спартыўна-турыстычны аб’ект. Увасабляе праект у жыццё дзяржаўнае аб’яднанне “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна”.

Наша газета ўжо расказвала пра адкрыццё тут “вяровачнага гарадка”, планы і практычныя захады па манціраванні скаладрома, абуладкаванні пляжа, пляцовак для гульняў у баскетбол, валейбол, міні-футбол, гольф, бадмінтон. З вясны спартыўна-турыстычны комплекс заявіць пра сябе на ўсю моц.

img_0066

— Ну, а што адбываецца ў Азёрках зараз? — пытаюся ў намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Станіслава Уладзіміравіча Чымбурга.

— Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да правя­дзення калядных і навагодніх прадстаўленняў. Упрыгожваем тэрыторыю. Узведзена новая дыхтоўная сцэна. Распрацаваны сцэнарый пад назвай “Карагод казак пастаўскага Паазер’я”, запісана фана­грама, вядуцца рэпетыцыі.

img_0099

— Разумею, што загадзя раскрываць інтрыгу казкі не варта. І ўсё ж хацелася б пачуць некалькі слоў пра сцэнарый свята.

— Гасцей у Азёрках радасна сустрэнуць цётка Ганна і дзядок Бай, і на сцэне разгорнецца захапляльная дзея. Шмат пустак паспрабуюць утварыць Баба Яга і яе паплечнік — свавольнік Боўць. Але Снягурка і Дзед Мароз змогуць выратаваць свята. І ля навагодняй ёлкі закружыць карагод паазерскіх казак.

img_9988

— Чым яшчэ, акрамя культурнай праграмы, прывабіце гасцей?

— Пачну з таго, што Азёркі яшчэ больш папрыгажэлі — амаль на сямі гектарах, якія перададзены нам, лес ачышчаны. Устаноўлены новыя малыя архітэктурныя формы, абсталявана паляна казак. Заззяюць прыгажуня ёлка і ілюмінацыя на будынках і дрэвах, раз-пораз неба расквеціць феерверк. Адным словам, атмасфера будзе казачнай. Толькі б не пашкадавала нябесная канцылярыя снегу…

img_9994

— А ці будзе адпачывальнікам дзе сагрэцца?

— Абавязкова! Пра гэта паклапоцяцца работнікі сістэмы грамадскага харчавання. У Азёрках расчыняе дзверы карчма, якая таксама будзе па-святочнаму ўпрыгожана. Яе памяшканне ацяпляецца. Там можна пакаштаваць розных страў, сагрэцца духмянай гарбатай або кавай. Больш за тое, нашым аб’яднаннем прымаюцца заяўкі на карпаратыўны адпачынак у карчме. І не толькі ў калядныя і навагоднія святы, але і з любой іншай нагоды. Хіба гэта не рамантычна — сабрацца на адпачынак кампаніяй у дваццаць-трыццаць і больш чалавек у такім казачна прыгожым месцы?

— Што, акрамя ўспамінаў пра прыемны адпачынак, застанецца ў гасцей вашага спартыўна-турыстычнага комплексу?

—   Кожны, хто пажадае, зможа набыць сувені­ры, якія будуць прадаваць у Азёрках райспажыўтаварыства і народныя майстры Пастаўшчыны.

— І апошняе пытанне. Станіслаў Уладзіміравіч: калі ў Азёрках ладзяцца прадстаўленні і які кошт білетаў?

—   Першае запланавана на суботу, 17 снежня. Затым — 25 снежня, 7 і 14 студзеня. Пачатак усіх — у 15 гадзін. У гэтыя дні з плошчы Леніна ў Паставах будзе курсіраваць у Азёркі спецыяльны аўтобус (адпраўленне з прыпынку ля магазіна “Малако” ў 14.30). З 26 па 30 снежня і з 3 па 6 студзеня прадстаўленні будуць па заяўках. Кошт уваходнага білета для дарослых — 4.50, для дзяцей — 3.00 рублі. Запрашаем усіх жадаючых і абяцаем, што будзе весела і цікава.

Па больш падрабязныя даведкі звяртайцеся ў дзяржаўнае аб’яднанне “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна” па тэлефонах: 2-01-93, 2-17-94, 8(029)2261210.

— Дзякуй за інтэрв’ю. І да сустрэчы ў навагодніх Азёрках!

Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.