А каханне жыве і цяпер


wr-720.sh-18

“Раскажу табе пра маё каханне, такое кароткае (сустракалі­ся толькі чатыры суботы і чатыры нядзелі ) і такое доўгае,  бо я кахаю яго і цяпер”, — сказала мне адна знаёмая.

Было гэта гадоў 50 таму. Мне споўнілася сямнаццаць, ужо бегала з сяброўкамі на танцы. Адзення асабліва яшчэ не было, мы мяняліся сукенкамі. У той вечар зайшлі ў клуб, прычасаліся каля люстэрка, і я першая пераступіла парог залы. Гучала музыка, некалькі пар танцавалі. Я застыла: каля вешалкі стаяў незнаёмы хлопец, высакаваты, чарнявы, такі прыгожы! Не магла крануцца з месца, усё глядзела на яго, як зачараваная. Зайгралі вальс. Ён запрасіў мяне на танец. Пазнаёміліся. Жэня быў мясцовым, але ў 15 гадоў паехаў вучыцца і застаўся там працаваць. Чатыры суботы і нядзелі мы нікога не бачылі — усе танцы былі нашы. Пасля праводзіў дадому.

Праз чатыры тыдні Жэню забралі ў армію на тры гады. Праводзін не рабілі (маці памерла даўно, бацька быў жанаты другі раз), на вакзал прыехала толькі я. Ён абяцаў: “Роўна  праз тры гады я да цябе прыеду, а пакуль буду пісаць пісьмы. Чакай мяне”.

Пісьмы прыходзілі праз дзень-два. Я адказвала на іх, чакала. Іншыя хлопцы для мяне не існавалі. Яго мачаха стала мяне называць нявестачкай. І вось аднойчы ў абедзенны перапынак сядзім з сяброўкай, я ёй чытаю яго пісьмо. А адна з работніц пачула  і голасна кажа: “Пісьмы піша! А сам ажаніўся, і дзіця ёсць”.

Быццам кіпенем мяне аблілі. Як я перажывала, плакала! Але не пагаварыла з яго роднымі і яму не напісала. Зусім нічога не высвятляла. Проста стала рваць пісьмы, не чытаючы. Пачала сустракацца з хлопцамі, адзін з іх прапанаваў мне выйсці за яго замуж.

Распісаўшыся, ідзём з ЗАГСа дадому, а насустрач нам бяжыць мая сяброўка, абдымае мяне, а сама на вуха шэпча, што толькі што з аўтобуса сышоў у форме Жэня, адразу пра мяне спытаў. Пайшлі мы ў вёску, там родныя ўжо ладзілі для маладых стол. На другі дзень гасцілі ў іншай вёсцы — у бацькоў мужа. А так хацелася ўбачыць каханага, хоць пакрыўдзіў і займеў жонку і дзіця! Упрасіла мужа схадзіць вечарам на танцы. Прыходзім, а Жэня з маёй сяброўкай танцуе. Так прама ёй і сказаў: “Калі ў цябе няма хлопца, я з табой пабуду. Як раней з ёй”. Сумна мне стала, хоць вый, хоць крычы ад таго, што нічога не вярнуць. Мы з мужам пайшлі дадому…

На некалькі гадоў мы з мужам выехалі ў Расію, думалі там жыць. Але з кожным годам ён піў усё больш, і я вырашыла вярнуцца дадому — хоць родныя блізка.

З мужам развялася. Пасля не склалася і з другім… Праз гадоў трыццаць сустрэла нашу агульную знаёмую. Яна ведала пра маё жыццё, таму адразу спытала: “А чаму ты з Жэнем не хацела быць? Ён жа так цябе кахаў!” Я ёй сказала пра жонку і дзіця. “Няпраўда ўсё гэта! Злы язык у той бабы! Толькі і гаварыў пра цябе, ты адна ў яго была!”

Вось так праз шмат гадоў я даведалася праўду, зразумела, якое вя­лікае каханне было побач — толькі працягні руку. А я не працягнула, не пагаварыла, не зберагла.

Прайшло яшчэ гадоў з дзесяць. Выпадкова сустрэла яго мачаху, ужо зусім старэнькую. “А нявестачка мая, няма ўжо нашага Жэнечкі. Памёр ён, тут, на радзіме, пахавалі. Двух сыноў пакінуў, жонку. Добра з ёй жыў, клапаціўся пра сям’ю. Але цябе ўвесь час успамінаў, і жонка ведала пра ягонае каханне”.

Так я і жыву адна, выгадаваўшы дзяцей. І ўспамінаю тыя далёкія суботы і нядзелі, калі мы з каханым кружыліся пад гукі вальса. Хочацца сказаць маладым: “Не верце плёткам, зайздросным, злым словам. Лепш самі пагаварыце і ўсё высвет­ліце, каб не было пасля так балюча”.

Аліна ЛАТЫШ,

 няштатны карэспандэнт.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.