Абстаноўка стабільная, пад кантролем


Намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Сяргей Паўлавіч Сушко ўручае грамату ўчастковаму інспектару міліцыі Андрэю Уладзіслававічу Вештарту.
Намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Сяргей Пятровіч Пашко ўручае грамату ўчастковаму інспектару міліцыі Андрэю Уладзіслававічу Вештарту.

У справаздачы раённага выканаўчага камітэта аб выкананні параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2016 годзе і прагнозе на 2017-ты, з якой на сесіі раённага Савета дэпутатаў выступіў старшыня райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў, быў зроблены і аналіз крымінагеннай абстаноўкі на тэрыторыі раёна. Адзначана, што яна падкантрольная, стабільная і кіруемая. Гэта заслуга ўсіх праваахоўных органаў і сілавых структур, сярод якіх па колькасці супрацоўнікаў і штатнай структуры самым прадстаўнічым з’яўляецца раённы аддзел унутраных спраў.

Дадзеная яму кіраўніцтвам раёна  станоўчая ацэнка цалкам заслужаная, што  пацвярджаюць даверлівыя адносіны насельніцтва да міліцыі. Нягле­дзячы на складаную эканамічную сітуацыю ў краіне, жорсткі кантроль за станам правапарадку і бяспекі грамадзян з боку супрацоўнікаў РАУС, на сённяшні дзень поўнасцю давяраюць міліцыі 37,5% грамадзян, а агульны ўзровень даверу да яе на Пастаўшчыне дасягнуў 71,3%. Па гэтых паказчыках райаддзел трапіў у так званую “зялёную зону” на карце вывучэння грамадскай думкі вобласці і краіны.

Такая інфармацыя прагучала ў выступленні першага намесніка начальніка райаддзела ўнутраных спраў Дзмітрыя Віктара­віча Куталёва на нарадзе па падвядзенні вынікаў работы калектыву за мінулы год.

— Калі аналізаваць колькасць зваротаў грамадзян у наш райаддзел, то можна зрабіць вывад, што  праблемных пытанняў становіцца ўсё менш, — адзначыў Д. В. Куталёў. — Гэта вынік таго, што нашы супрацоўнікі сталі часцей вырашаць спрэчныя, канфліктныя сітуацыі на месцы, не даводзячы іх да разгляду ў РАУС. Летась у цэлым менш было заяў і паведамленняў аб правапарушэннях. Аднак нам не ўдалося дасягнуць зніжэння ўзроўню злачыннасці, якое назіралася на працягу апошніх чатырох гадоў.

Летась на тэрыторыі раёна зарэгістравана 279 злачынных дзеянняў — на 29 больш, чым было ў папярэднім годзе. Рост агульнай злачыннасці адбыўся ў асноўным па лініі наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі і барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Узрасла таксама колькасць крадзяжоў, злачынстваў, здзейсненых грама­дзянамі ў стане алкагольнага ап’янення і непаўналетнімі. У той жа час знізілася групавая і рэцэдыўная злачыннасць, зафіксавана менш негатыўных дзеянняў у грамадскіх месцах.

Дзякуючы зладжаным дзеянням супрацоўнікаў райаддзела і ўпраўлення ўнутраных спраў абл­выканкама выяўлена 20 злачынстваў, звязаных з наркакантролем і незаконным гандлем людзьмі, 11 з іх — пастаўскім  міліцыянерам. 

На працягу года ўзнікалі пэўныя праблемы ў рабоце групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. Аднак цяпер, нягледзячы на “амаладжэнне” асабовага складу, у падраздзяленні ўдалося палепшыць становішча, дабіцца зладжаных дзеянняў.

Сур’ёзная праблема ў грамадстве,  выклік праваахоўнікам — гэта алкагалізм. На працягу 2016 года ў адносінах грамадзян, якія парушаюць антыалкагольнае заканадаўства, складзены 64 адміністрацыйныя пратаколы, канфіскавана 1230,9 літра спіртаўтрымальнай вадкасці. Меры, якія прымаюцца ў гэтым кірунку, даюць пэўныя  вынікі, але яны па­вінны быць больш важкімі.

Напружанай застаецца і сітуацыя на дарогах. У мінулым годзе з 9 да 12 павялічылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў на тэрыторыі раёна, у якіх 6 чалавек загінулі і 8 атрымалі раненні, што таксама больш, чым у папярэднім годзе. Асноўнымі прычынамі няшчасных выпадкаў на дарогах з’яўляюцца парушэнні вадзіцелямі скораснага рэжыму, правілаў манеўравання, праезду перакрыжаванняў.

Узнагароджаныя супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў: Дзмітрый Пятровіч Кузьміч, Дзмітрый Леанідавіч Туркоў, Яўгеній Генадзьевіч Самсонаў, Аляксандр Пятровіч Лабуць.
Узнагароджаныя супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў: Дзмітрый Пятровіч Кузьміч, Дзмітрый Леанідавіч Туркоў, Яўгеній Генадзьевіч Самсонаў, Аляксандр Пятровіч Лабуць.

Больш падрабязна па асноўных кірунках дзейнасці падраз­дзяленняў райаддзела на нарадзе далажылі намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні В. Л. Врублеўскі, начальнік ад­дзялення крымінальнага вышуку Д. Ю. Шыман, начальнік ад­дзела аховы парадку і прафілактыкі А. Г. Мядзелка, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх В. К. Кішко, часова выконваючы абавязкі на пасадзе начальніка аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі  А. В. Арэхаў.

Свае прапановы і пажаданні па ўдасканаленні дзейнасці супрацоўнікаў райаддзела выказалі пракурор раёна А. А. Козіч, старшыня суда раёна А. В.  Карытка.

Значнае месца на нарадзе было адведзена рабоце з асабовым складам аддзела, пытанням захавання супрацоўнікамі законнасці і дысцыпліны. У гэтым кірунку праводзіцца планамерная работа, няма ніякіх паслабленняў. Расце колькасць класных спецыялістаў. Вось і напрыканцы мінулага года імі сталі яшчэ 9 чалавек, якія паспяхова прайшлі кваліфікацыю. Высокую фізічную падрыхтоўку пацвердзілі спартсмены аддзела. У мінулагодняй спартакіядзе па службова-прыкладных відах спорту каманда Пастаўскага РАУС заняла другое месца. Праводзіцца комплекс мерапрыемстваў з маладымі супрацоўнікамі. Рыхтуецца рэзерв кадраў. Па накіраваннях РАУС 16 чалавек займаецца ў Магілёўскім інстытуце і Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. 

Добрую ацэнку кадраваму патэнцыялу, асноўным вынікам работы аддзела ў 2016 годзе (з пэўнымі заўвагамі і прапановамі)  далі намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама С. П. Пашко і намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. Яны ўручылі групе супрацоўнікаў заслужаныя ўзнагароды. За ўмелыя, прафесійныя дзеянні, добрасумленныя адносіны да выканання службовых абавязкаў Ганаровых грамат райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама ўдастоены старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Дзмітрый Пятровіч Кузьміч, міліцыянер-вадзіцель аператыўна-дзяжурнай службы Аляксандр Пятровіч Лабуць, участковы інспектар Андрэй Уладзіслававіч Вештарт. Падзякамі старшыні райвыканкама і начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама адзначаны ўчастковы інспектар міліцыі Дзмі­трый Леанідавіч Туркоў, старшыя оперупаўнаважаныя групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Яўгеній Генадзьевіч Самсонаў і аддзялення крымінальнага вышуку — Яўгеній Ві­тальевіч Курыловіч.

Члены добраахвотнай дружыны грамадскага аб’яднання “Беларускае казацтва” Дзмітрый Мікалаевіч Плешавеня і Фёдар Савельевіч Макрак узнагароджаны граматамі раённага аддзела ўнутраных спраў.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.