Атрымалі зброю, прынялі кодэкс гонару вайскоўцаў

Правовое поле

img_0294

Раніцай 30 снежня ўвесь асабовы склад першага радыётэхнічнага цэнтра выйшаў на пляц для ўрачыстага пастраення. Нагода — прыбыццё ў падраздзяленне новага папаўнення, якое да гэтага часу праходзіла курс маладога байца ў Мачулішчах. Там жа навабранцы сталі галоўнымі дзеючымі асобамі аднаго з воінскіх рытуалаў — прыняцця прысягі. Паўдзельнічаць яшчэ ў двух ім трэба было непасрэдна ў падраздзяленні, дзе і давядзецца праходзіць тэрміновую службу.

img_0331

Адзін з іх — уручэнне салдатам тэрміновай службы стралковай зброі. Аўтамат Калашнікава пад роспіс кожнаму з адзінаццаці навабранцаў выдаў начальнік першага радыётэхнічнага цэнтра падпалкоўнік Аляксей Міхайлавіч Дубовік. Затым новае папаўненне прыняло кодэкс гонару абаронцы Айчыны. У адрозненне ад папярэдняга гэта новы воінскі рытуал, які быў зацверджаны першага снежня мінулага года на падставе загада міністра абароны Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляўся ўпершыню. У адпаведнасці з ім, навабранцы перад строем вайскоўцаў далі ўрачыстае абяцанне ўзорна выконваць абавязкі ваеннай службы, імкнуцца заняць годнае месца ў сваім падраздзяленні, паважаць асабістыя заслугі і прафесійнае майстэрства старэйшых таварышаў па службе, пераймаць іх вопыт, паважаць гонар і годнасць саслужыўцаў, не дапускаць у адносінах да сябе і іншых грубасці і прыніжэння, гэтак жа прыстойна паводзіць сябе і па-за размяшчэннем вайсковай часці і іншае.

img_0333

Са знакавымі падзеямі салдат тэрміновай службы павіншавала камандаванне цэнтра, пажадала поспехаў у ратнай справе і ніколі не забываць дадзенага абяцання. Слова ў адказ узяў радавы Раман Мядзведзеў:

— Дзякуй за тое, што так цёпла сустрэлі нас. Думаю, усім запомняцца хвалюючыя і ўрачыстыя моманты воінскіх рытуалаў, у якіх мы сёння з задавальненнем удзельнічалі, — гаварыў салдат. — Спадзяюся, што такое станоўчае ўражанне ад знахо­джання ў падраздзяленні застанецца і надалей, не будзе ніякіх нестатутных узаемаадносін. А ўсім салдатам тэрміновай службы жадаю спакойна адслужыць і вярнуцца дадому пасталелымі і ўзмужнелымі.

img_0388

Напрыканцы мерапрыемства ўвесь асабовы склад першага радыётэхнічнага цэнтра, чаканячы крок, прайшоў па пляцы ўрачыстым маршам.

img_0366

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.