Цікавая краіна з жывой гісторыяй


img_0418

Напрыканцы мінулага года групе пастаўчан, у склад якой уваходзіла і аўтар гэтых радкоў, пашчасціла пабываць у экскур­сійна-турыстычнай паездцы ў Польшчу, арганізаванай раённым аб’яднаннем прафсаюзаў. Наш маршрут пралягаў праз самыя вядомыя гісторыка-культурныя жамчужыны рэспублікі — Варшаву, Кракаў, Вялічку і Чанстахова.

У дарогу рушылі вечарам у чацвер, узяўшы напрамак на Гродна. Там да нашай групы далучылася вопытны суправа­джальнік Рыта Васілеўская, якая, як і большасць жыхароў гэтага абласнога цэнтра, не раз бывала ў Польшчы і добра ведае тыя мясціны, куды мы накіроўваліся. З яе дапамогай дастаткова хутка і без праблем прайшлі пашпартны кантроль на граніцы, а таксама па выгадным курсе абмянялі грошы ў Кузніцы.

І вось мы ў краіне-суседцы, якая сустрэла не хуткаснымі аўтабанамі, а рамонтнымі работамі на дарогах. Гэтым часам яны вядуцца практычна паўсюдна. Таму ўздоўж трас часта можна ўбачыць дарожную тэхніку, горы пяску і шчэбню, а максімальна дапушчальная скорасць руху складае, як правіла, 50-70 кіламетраў у гадзіну. Такія абмежаванні паўплывалі на працягласць нашага падарожжа, і ў Варшаву мы прыбылі толькі каля 10 гадзін раніцы наступнага дня.

Горад, дзе сэрца Шапэна

Стомленыя, але поўныя радасных прадчуванняў ад таго, што чакае напера­дзе, выса­дзіліся з аўтобуса на цэнтральнай гістарычнай плошчы Варшавы — Замкавым пляцы. Адсюль, як правіла, пачынаюць знаёміць турыстаў са старой часткай горада, вакол якой вырасла сучасная поль­ская сталіца. Дарэчы, сталіцай Варшава стала толькі ў канцы XVI стагоддзя (да гэтага была звычайным правінцыйным гарадком), пасля таго як у замку тагачаснага караля Польшчы Сігізмунда ІІІ Вазы ў Кракаве адбыўся пажар і ён вырашыў на некаторы час пераехаць у адну са сваіх рэзідэнцый, ды так і застаўся ў ёй. Размясціўся кароль у замку князёў Мазавецкіх, які пазней стаў называцца Каралеўскім. Насупраць яго, у цэнтры плошчы, узвышаецца 30-метровая калона Сі­гізмунда з бронзавай скуль­птурай наверсе. Гэта першы ў краіне свецкі помнік, пастаўлены сынам Вазы, каралём Уладзіславам IV, свайму бацьку.

Адзін з касцёлаў Кракаўскага прадмесця.
Адзін з касцёлаў Кракаўскага прадмесця.

З Замкавага пляца разам з экскурсаводам накіроўваемся ў Кракаўскае прадмесце — так называецца галоўны прагулачны праспект Варшавы з вялікай колькасцю храмаў, палацаў, помнікаў і памятных дошак. Тут, у прыватнасці, знаходзяцца касцёлы Святой Ганны і Святога Крыжа (у адну з калон апошняга, у адпаведнасці з завя­шчаннем вядомага поль­скага кампазітара Фрэдэрыка Шапэна, умуравана урна з яго сэрцам), Варшаўскі ўніверсітэт, Прэзідэнцкі палац, будынак якога раней належаў беларускім магнатам Радзівілам, помнікі Мікалаю Каперніку, нацыянальнаму герою Польшчы Юзафу Панятоўскаму, паэту Адаму Міцкевічу, а таксама вядомыя гатэлі “Еўрапейскі” і “Брысталь”. Расказваючы пра славутасці Кракаўскага прадмесця, нельга не ўзгадаць і музычныя лаўкі, устаноўленыя ў 2010 годзе з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння Шапэна. Усяго такіх лавак у Варшаве 15. Яны размешчаны ў розных частках горада, і кожная выконвае пэўны твор знакамітага піяніста, трэба толькі націснуць кнопачку.

Замкавы пляц.
Замкавы пляц.

Па гэтай жа вуліцы вяртаемся назад, на Замкавы пляц, каб прайсці ў двор Каралеўскага замка і наведаць сабор Святога Яна — найстарэйшы варшаўскі касцёл, закладзены ў 1370 годзе. У ім былі каранаваны два польскія каралі і дзве каралевы, у тым ліку апошні — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, адзіны манарх, пахаваны ў цяперашняй польскай сталіцы. Яго прах знаходзіцца глыбока пад зямлёй у гэтым храме. Таксама пад скляпеннямі касцёла спачываюць князі Мазавецкія, пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Генрык Сянкевіч, два польскія прэзідэнты і прэм’ер-міністры. Цікавую гісторыю маюць і размешчаныя побач плошчы Канонія і Рыначная. Апошняя лічыцца сэрцам Старога горада, а ў яе цэнтры ўстаноўлены помнік заступніцы Поль­шчы — Сірэне.

Трэба сказаць, што большасць будынкаў Старога горада не арыгінальныя, а адноўленыя, бо падчас Вялікай Айчыннай вайны амаль уся Варшава была разбурана. На тое, каб вярнуць гістарычнаму цэнтру ранейшы выгляд, спатрэбіліся дзесяцігоддзі і тытанічная праца найлепшых архітэктараў. Яны так пастараліся, што ў 1980 годзе Стары горад быў унесены ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Першая сталіца

З Варшавы пераязджаем у старажытную сталіцу Польшчы — Кракаў. Яго гісторыя авеяна шмат­лікімі легендамі пра заснавальніка горада міфічнага князя Крака, княжацкую дачку-прыгажуню Ванду, якая кінулася ў раку Віслу (яна працякае і праз Варшаву, і праз Кракаў), абы не стаць жонкай ненавіснага нямецкага рыцара, а таксама пра дракона, што наводзіў жах на гараджан і ў выніку быў імі знішчаны. Ад скульптуры дракона, які кожныя чатыры хвіліны дыхае агнём, устаноўленай побач з яго пячорай ля падножжа Вавельскага пагорка, узнімаемся на сам пагорак. На ім знаходзяцца знакамітыя Вавельскі каралеўскі замак і Кафедральны сабор.

Вавельскі каралеўскі замак.
Вавельскі каралеўскі замак.

У названым саборы, пабудаваным у 1020 годзе, пачынаючы з XIV стагоддзя, былі каранаваны амаль усе польскія каралі. І амаль усе яны тут пахаваны. Адзін з самых раскошных надгробных помнікаў, зроблены з чырвонага мармуру, — каралю Ягайлу, роданачаль­ніку знакамітай дынастыі Ягелонаў. У Кафедральным саборы пакояцца астанкі і жонкі Ягайлы — каралевы Ядвігі, а таксама вядомых пісь­меннікаў Адама Міцкевіча і Юліуша Славацкага. Цэнтрам храма з’яўляецца алтар Святога Станіслава — галоўнага заступніка Поль­шчы. Тут знаходзіцца рэліквіяр з яго мошчамі, а таксама епіскапскі трон.

З сабора праз арку трапляем ва ўнутраны двор Вавельскага замка, пабудаванага ў стылі рэнесансу пад кіраўніцтвам італьянскіх архітэктараў Барталамеа Берэццы і Франчэска Фларэнціна. Калісьці ў замку праводзілі каралеўскія турніры і святы. Сёння ж у ім знаходзіцца музей, экспазіцыі якога прысвечаны побыту польскіх каралёў. Перад уваходам у замак устаноўлены помнік нацыянальнаму герою Поль­шчы Тадэвушу Касцюшку, а на адной з яго сцен змешчаны таблічкі з імёнамі людзей і назвамі кампаній, якія ахвяравалі свае грошы на аднаўленне замка пасля неаднаразовых пажараў і войнаў.

Ад Вавельскага замка па вуліцы Гродскай ідзём углыб Старога горада, дзе што ні крок — унікальны гісторыка-архітэктурны помнік. Вось касцёл Святых Пятра і Паўла — храм у стылі барока, упрыгожаны каменнымі скульптурамі дванаццаці апосталаў. Побач з ім царква Святога Андрэя, пабудаваная ў ХІ стагоддзі. А крыху далей, на плошчы Усіх Святых, — касцёл Святой Тройцы, больш вядомы як Дамініканская базіліка. Гэта буйнейшая гатычная базіліка Кракава.

У Старым горадзе размяшчаюцца таксама Пап­скі ўніверсітэт Яна Паўла ІІ і знакаміты Ягелонскі ўні­версітэт — адзін з першых у Еўропе, заснаваны ў 1364 годзе, у старэйшым корпусе якога нам пашчасціла пабываць. У 1504—1506 гадах тут вучыўся вядомы асветнік і першадрукар Францыск Скарына, пра што сведчыць памятная дошка ў яго гонар. Убачылі мы і новы ўніверсітэцкі корпус, ва ўнутраным дворыку якога ў вызначаны час гучыць сусветны гімн студэнтаў “Gaudeamus igitur” і выходзяць на парад фігуркі ўсіх фундатараў навучальнай установы і прафесараў.

Рыначная плошча.
Рыначная плошча.

Гістарычны цэнтр Старога Кракава — Рыначная плошча, куды накіроўваемся далей. Яна з’яўляецца самай вялікай сярэднявечнай гандлёвай плошчай у Еўропе і ўяўляе сабой няправільны квадрат памерам 200х200 метраў. У яго цэнтры знаходзяцца старажытныя гандлёвыя рады — Сукенніцы, якім больш за 700 гадоў. Раней у гэтых памяшканнях гандлявалі сукном, а зараз на першым паверсе Сукенніц размясціўся кірмаш, а другі паверх займае Нацыянальны музей. Побач з гандлёвымі радамі ўзвышаецца вежа гарадской ратушы, а за імі — Марыяцкі касцёл, з якім звязана некалькі легенд. Адна з іх — пра трубача, што нёс дазор на вежы касцёла, першым убачыў набліжэнне варожых войскаў Батыя і паспеў падаць сігнал трывогі. Але толькі кракавянін пачаў трубіць, як быў забіты татарскай стралой. З таго часу ў памяць пра яго подзвіг кожную гадзіну з вежы касцёла на ўсе чатыры бакі свету гучыць мелодыя горна, якая заканчваецца на той ноце, на якой абарвалася жыццё героя.

З Рыначнай плошчы па былой каралеўскай дарозе, якая праходзіць праз увесь Стары горад, крочым да Барбакана — гарадскіх умацаванняў абарончага тыпу, узведзеных у канцы XIV стагоддзя. Асноўнай задачай Барбакана была ахова ўвахода ў горад праз Фларыянскія вароты, з якімі ён злучаўся вялікім развадным мастом. Гэтыя старажытныя вароты — адзіныя з сямі, што захаваліся да нашых дзён. Над імі размяшчаецца аднайменная вежа вышынёй 34,5 метра.

Як і Стары горад Варшавы, старажытны цэнтр Кракава ахоўваецца ЮНЕСКА. Ён уражвае сваёй велічнасцю і прыгажосцю, асабліва ў час калядных і навагодніх свят, калі паўсюдна ўстанаўліваюцца навагоднія ёлкі і кампазіцыі, а з наступленнем прыцемак уключаюцца шматлікія гірлянды і падсветкі.

Пад зямлёй і на нябёсах

Горад Вялічка знаходзіцца за 10 кіламетраў ад былой польскай сталіцы. Ён знакаміты на ўвесь свет саляной шахтай. Месцара­джэнне каменнай солі тут пачалі распрацоўваць яшчэ ў ХІІІ стагоддзі, і работы вя­ліся аж да канца ХХ-га. Прамысловую здабычу солі спынілі толькі ў 1996 годзе з-за збяднення жылы і эканамічнай нерэнтабельнасці. Але шахту не закрылі. У ёй па-ранейшаму вырабляюць невялікую колькасць харчовай солі і солі для ванн, а таксама сувеніры з яе. Акрамя таго, “Вялічка” прымае турыстаў, якіх за год бывае больш за мільён чалавек. У іх лік увайшлі і мы.

img_0472

Купіўшы ўваходныя білеты і спецыяльныя наклейкі-дазволы на фота- і відэаздымку, услед за экскурсаводам спускаемся па драўлянай лесвіцы на глыбіню 62 метры, куды вядуць 380 прыступак. На кожнай паваротнай пляцоўцы пры­мацаваны таблічкі, якія ўказваюць, колькі метраў засталося зверху. Пад канец спуску з непрывычкі пачынае злёгку кружыцца галава. Гэта толькі першы ўзровень шахты. Усяго іх 9, а максімальная глыбіня складае 327 метраў. За час экскурсіі турысты спускаюцца да трэцяга ўзроўню, на 135 метраў, і прахо­дзяць за дзве з паловай гадзіны каля трох кіламетраў.

Нарэшце перад намі доўгія калідоры-галерэі, якія раздзяляюць масіўныя дзверы. Экскурсавод тлумачыць, што так зроблена сістэма вентыляцыі. На саляной падлозе — рэйкі-канавы, па якіх уручную або з дапамогай коней цягнулі нагружаныя ваганеткі. Сцены калідораў і камер умацаваны масіўнымі драўлянымі палямі. З цягам часу яны таксама пакрыліся соллю і пабліскваюць у промнях святла. Праходзячы па калідорах, пастаянна сустракаем васковыя фігуры шахцёраў, якія наглядна ілюструюць аповед гіда пра нялёгкую працу солездабытчыкаў — вольнанаёмных рабочых і катаржан, што правініліся перад панамі. Некаторыя фігуры для большай натуралістычнасці экскурсавод прыводзіць у рух.

У шахце таксама шмат статуй і скульптур, высечаных з солі. Сярод іх помнікі Мікалаю Каперніку, Гётэ, Юзафу Пілсудскаму, якія калісьці наведвалі “Вялічку”. А ў адной з камер устаноўлены саляны бюст караля Казіміра Вялікага. Ёсць тут і некалькі штучных салёных азёр, якія знахо­дзяцца на розных узроўнях і асабліва ўражваюць турыстаў. Па адным возеры, злучаным з затопленым тунэлем, раней плавалі на плыце. Але пасля няшчаснага выпадку, калі плот пераку­ліўся і людзі з яго ўтапіліся, гэту забаву забаранілі, а побач з вадаёмам устанавілі фігуру Святога Яна Непамука — заступніка тапельцаў. На беразе яшчэ аднаго возера ў цемры, якую асвятляюць агеньчыкі на лесвіцы ўздоўж сцяны, для турыстаў гучыць музыка Шапэна.

Паколькі работа шахцёраў была вельмі небяспечнай і яны праводзілі пад зямлёй большую частку свайго жыцця, за стагоддзі ў “Вялічцы” з’явілася некалькі памяшканняў, дзе можна было памаліцца, — капліц. Самы вялікі і прыгожы храм, які будавалі некалькі гадоў, размяшчаецца на глыбіні 135 метраў. Столь, сцены з выявамі святых, іх асобныя фігуры, алтар, падлога ў выглядзе кафлі і нават вялізныя (на першы погляд, хрустальныя) люстры — усё ў ім зроблена з солі. Па словах экскурсавода, у гэтым храме часта ладзяцца абрады вянчання. Ёсць у шахце і рэстаран з банкетнымі заламі, кафэ, сувенірная лаўка і нават санаторый, у якім з дапамогай пары солі паспяхова лечаць лёгачныя і алер­гічныя захворванні.

img_0512

…З трэцяга ўзроўню шахты на паверхню паднімаемся ўжо не па лесвіцы, а на сапраўдным шахцё­рскім ліфце. У вузкія ка­бінкі ўпрытык адзін да аднаго змяшчаюцца восем чалавек. Некалькі секунд — і мы зноў на зямлі. Купіўшы сувеніры, спяшаемся да аўтобуса, каб пасля невялікага адпачынку адправіцца ў апошні пункт падарожжа — Чанстахова.

Гэты горад з’яўляецца духоўнай сталіцай ­і галоўным месцам паломніцтва хрыс­ці­ян. А ўсё дзякуючы цудадзейнаму абразу Маці Божай Чанстахоўскай, які з 1382 года захоўваецца ў Яснагорскім манастыры і якому аднолькава пакланяюцца і католікі, і праваслаўныя. У Чанстахова мы прыехалі раніцай у нядзелю. У неверагодна прыгожым і велічным храме ішла служба. Сотні людзей у розных яго залах разам са святарамі ўзносілі малітвы да Бога і Багародзіцы. Далучыліся да іх і мы.

Трэба сказаць, што надвор’е ў той дзень выдалася дрэннае (у адрозненне ад першых двух, калі быў невялікі марозік, а з бязвоблачна-блакітнага неба свяціла яркае сонца). З раніцы павіс густы туман, імжыў дождж, раз-пораз пачынаў ісці мокры снег. А наша група накіроўвалася дамоў, у Паставы. Праехаць трэба было амаль тысячу кіламетраў па не самых лепшых дарогах. Але, дзякуючы майстэрству вадзіцеляў з філіяла “АТП №17” Івана Мечыслававіча Сарокі і Вальтэра Уладзіміравіча Мельца, а таксама апецы Маці Божай Чанстахоўскай, дабраліся без прыгод. З сабой прывезлі не толькі шмат фота­здымкаў, але і яркія, незабыўныя ўражанні.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.