Цікавы, насычаны, творчы


Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Паазер’е».
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Паазер’е».

Завяршыўся Год культуры. Якім ён быў для людзей, што працуюць ва ўстановах культуры раёна, і астатніх пастаўчан? Пра гэта ў інтэрв’ю з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галінай Мікалаеўнай ЧАПЛІНСКАЙ.

— Нагадайце, калі ласка, як шмат культурна-масавых мерапрыемстваў праведзена летась на Пастаўшчыне.

— Мінулы год быў цікавым, насычаным і творчым. Кожны работнік культуры пастараўся сябе праявіць і зрабіць 2016-ты запамінальным і асаблівым. На працягу яго ў раёне праведзена звыш 70 значных культурна-масавых мерапрыемстваў. Годным пачаткам Года культуры стала выстава работ выкладчыкаў і вучняў дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера “Палітра Пастаўшчыны”, якая знайшла працяг у міжраённым пленэры. Акрамя таго, летась мастакі не раз радавалі нас сваімі карцінамі на выставах, што адбыліся і ў гарадскім скверы, і ў Доме рамёстваў, і ў Доме культуры. Што датычыць апошняга, то ён заявіў пра сябе такімі цікавымі праектамі, як “Рабі дабро” (гэта дабрачынныя канцэрты з удзелам мясцовых і прыезджых артыстаў) і творчыя сустрэчы “Вечар разам” (на іх нашы спевакі і народныя калектывы выступілі са справаздачнымі канцэртамі перад гледачамі). Яны знайшлі гарачы водгук у сэрцах пастаўчан, таму збіраемся і надалей ладзіць такія святы.

Нямала цікавых праектаў ажыццявілі работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна сумесна з сельскімі ўстановамі культуры. У прыватнасці, у аграгарадках упершыню прайшла культурна-гістарычная акцыя для моладзі “Святкуем па-беларуску” на аснове мясцовых народных танцаў і гульняў. Праявілі сябе і ў навагоднія святы, арганізаваўшы калядны кірмаш, які меў асаблівы поспех у юных гараджан. Спадзяюся, такія кірмашы стануць традыцыйнымі. Выйшаў у свет рэкламна-інфармацыйны буклет “Культурная палітра Пастаўшчыны”, прысвечаны Году культуры, які таксама падрыхтавалі супрацоўнікі Цэнтра культуры. На старонках выдання шмат цікавых інфармацыйных і фотаматэрыялаў.

Новыя сучасныя формы работы знайшлі бібліятэкі. Яны самі пайшлі да чытачоў: пачалі актыўна ладзіць на вуліцы цікавыя праграмы, прысвечаныя розным юбілейным і грамадскім падзеям. А адным з найбольш значных мерапрыемстваў мінулага года, праведзеных цэнтральнай раённай бібліятэкай, стала свята паэзіі “Пакуль пяём на роднай мове мы, жыве зямля бацькоў, жыве Радзіма” ў рамках Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” з удзелам беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” з лат­війскага горада Даўгаўпілс.

Парадавалі і музейныя работнікі, пастаўскія краязнаўцы. Значна папоўніліся новымі экспанатамі экспазіцыі, размешчаныя ў палацы Тызенгаўзаў. У тым ліку экспазіцыя, прысвечаная Першай сусветнай вайне. Праведзены навукова-гістарычныя чытанні з нагоды 100-годдзя пачатку Нарацкай аперацыі, у якіх удзель­нічалі гісторыкі з Беларусі і Расіі, а таксама два аўтапрабегі па месцах пахаванняў рускіх і нямецкіх салдат.

Дырэктары Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера Ж. У. Курдо і Дома рамёстваў «Стары млын» Т. М. Петух.
Дырэктары Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера Ж. У. Курдо і Дома рамёстваў «Стары млын» Т. М. Петух.

— На ваш погляд, якія з праведзеных мерапрыемстваў сталі знакавымі для раёна, найбольш запомніліся пастаўчанам?

— Да найбольш важных і масавых я аднесла б святкаванні Дня Перамогі і Дня Незалежнасці. Яны заўсёды праходзяць вельмі ўрачыста, збіраюць вялікую колькасць людзей, не пакідаючы абыякавым ніводнага пастаўчаніна, і звязваюць у адно цэлае прадстаўнікоў розных пакаленняў і прафесій: моладзь, ветэранаў, ваеннаслужачых. Падчас іх работнікі культуры маюць магчымасць паказаць гледачам канцэрты з удзелам лепшых творчых калектываў і самадзейных артыстаў Пастаўшчыны. Ну і, канешне ж, найбольш вядомым за межамі краіны з’яўляецца наш Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”, які штогод упісвае яркія старонкі ў гісторыю фестывальнага руху новымі адкрыццямі, імёнамі і падзеямі. Напрыклад, летась на фестывалі мы адсвяткавалі 25-годдзе праслаўленага калектыву — фальклорнага ансамбля “Паазер’е”, без якога немагчыма ўявіць музычную культуру пастаўскага краю.

2016 год запомніцца не толькі гэтымі, але і многімі іншымі мерапрыемствамі: традыцыйнымі святамі вёсак, вуліц і мікрараёнаў горада, конкурсам сярод маладых сем’яў “Майстры вёскі”, які прайшоў у Кураполлі, фестывалем арганнай музыкі, канцэртамі зорак беларускай і расійскай эстрады, філарманічнымі канцэртамі і музычным праектам “Вялікі тэатр — дзецям”.

Удзельнікі ансамбля «Званочкі» Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Удзельнікі ансамбля «Званочкі» Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў.

— А чым асабліва парадаваў 2016-ты? Якія дасягненні прынёс?

— Парадаваў у першую чаргу тым, што 10 творчых калектываў раёна, якія з’яўляюцца народнымі і ўзорнымі, пацвердзілі прысвоеныя ім ганаровыя званні. Што да ўзнагарод, то на “Славянскім базары ў Віцебску” майстры Дома рамёстваў “Стары млын”, якія займаюцца вырабам традыцыйнага народнага касцюма і ткацтвам, былі адзначаны ў конкурсных праграмах дыпломамі фестывалю. Навучэнцу Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Аляксандру Іжмайловічу прысуджана абласная прэмія ў сферы культуры як пераможцу заключных этапаў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных творчых конкурсаў. А ўдзельнікі эстраднай вакальнай студыі “Славія” Цэнтра культуры і народнай творчасці заваявалі два прызавыя месцы на рэспубліканскім конкурсе “Хрустальная ліра”.

Было і шмат іншых дасягненняў. На раённым сходзе ў лютым будуць вызначаны пераможцы раённага спаборніцтва па выніках мінулага года, дзе адзначаць таксама і дасягненні работнікаў культуры Пастаўшчыны.

Майстар-метадыст па ткацтве А. В. Крывенькая.
Майстар-метадыст па ткацтве А. В. Крывенькая.

— Галіна Мікалаеўна, гаворачы пра асноўныя культурныя падзеі мінулага года, мы не ўзгадалі, што вельмі насычанымі і па-сапраўднаму яркімі аказаліся апошнія дні 2016-га, калі работнікі культуры асабліва пастараліся для пастаўчан.

—  У пераднавагоднія і навагоднія дні ў іх заўсёды шмат работы. І 2016 год не стаў выключэннем. Спецыялісты Цэнтра і Дома культуры правялі шмат святочных канцэртаў, ранішнікаў для дзяцей як на базе сваіх устаноў, так і выязных, арганізавалі калядны кірмаш. Акрамя таго, каторы год запар РДК рыхтуе дзіцячы навагодні спектакль. Яго з нецярпеннем чакаюць маленькія гледачы, а іх бацькі загадзя купляюць білеты. Сёлета музычная пастаноўка “Папялушка” з аншлагам прайшла 25 і 26 снежня. Такія спектаклі будзем рабіць не толькі да Новага года і ўжо да сакавіка рыхтуем новы. Сваё музычнае прадстаўленне “Аднойчы на Каляды” падрыхтаваў таксама Цэнтр культуры, а школа мастацтваў сабрала аматараў класічнай музыкі на традыцыйны калядны канцэрт. Добра папрацавалі і клубныя работнікі на сяле, правёўшы віншавальныя праграмы, навагоднія ранішнікі для дзяцей работнікаў сельгаспрадпрыемстваў і агеньчыкі для дарослых.

Работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі.

— Чым збіраецеся здзіўляць у 2017 годзе? Што новага ўнесяце ў культурнае жыццё раёна?

— Планаў шмат, і хоць Год культуры закончыўся, культработнікі Пастаўшчыны не думаюць адпачываць. Будзем далей праводзіць тыя мерапрыемствы, якія падабаюцца людзям, абавязкова з’явяцца новыя культурныя падзеі і праекты. Сакрэты раскрываць не стану, скажу толькі, што нам ёсць чым парадаваць і здзівіць пастаўчан. Таму чакайце прыемных сюрпрызаў і цікавых падзей.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.