Для завода — дэманстрацыя магчымасцей, для гледачоў — захапляльнае відовішча

Местная власть

Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў віншуе з перамогай трактарыста ААТ “Ліпаўцы” Андрэя Мацвеева, які прадстаўляў каманду Віцебскай вобласці на другім этапе ралі.
Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў віншуе з перамогай трактарыста ААТ “Ліпаўцы” Андрэя Мацвеева, які прадстаўляў каманду Віцебскай вобласці на другім этапе ралі.

Пастаўскі Парыж і турыстычны аб’ект —  мястэчка Мосар, што на Глыбоччыне, у гэтыя дні сталі яшчэ больш папулярнымі. 28 сту­дзеня тут прайшло трактарнае ралі. Яго арганізатарам выступіў Мінскі трактарны завод, а інфармацыйнымі партнёрамі — газета “СБ. Беларусь сегодня”, тэлеканал “АНТ” і інтэрнэт-партал TUT. BY.  

Відовішча сабрала больш за чатыры тысячы чалавек. Але перш чым адбыўся незвычайны заезд — а ён стартаваў у Парыжы, — тут ладзілася народнае гулянне, галоўнымі героямі якога сталі… трактары  BELARUS-3522. Гэта самая магутная серыйная мадэль МТЗ, аснашчаная рухавіком Caterpillar С9 магутнасцю 364 к. с. Трактар прызначаны для выканання энергаёмкіх сельскагаспадарчых работ у цяглавым і цяглава-прывадным рэжымах у скла­дзе шыроказахопных і камбінаваных агрэгатаў. Машыны прыцягвалі  ўвагу і прыгожым дызайнам. Пра іх тэхнічныя магчымасці ахвотна расказвалі спецыялісты, а таксама механізатары-пілоты, якім выпаў гонар паспаборнічаць у хуткасці і майстэрстве  ваджэння.

155

 

Да пачатку ралі прысутныя  мелі магчымасць падсілкавацца. Багаты выбар хлебабулачных вырабаў, прадукцыі мяснога і квасільна-засолачнага цэхаў райспажыўтаварыства, малаказавода, ААТ “Навасёлкі-Лучай” і іншых вытворцаў быў прадстаўлены на выставах-дэгустацыях, а таксама ў продажы. Вяскоўцаў і гасцей бясплатна частаваў наварыстай юшкай рыбгас “Навінкі”, а гарачым чаем і грэцкай кашай — стваральнікі магутных машын. Дарэчы, мінчане, каб падтрымаць удзельнікаў ралі і павітаць жыхароў Парыжа і іншых шматлікіх гледачоў, прыехалі са сваёй канцэртнай праграмай.

Артысты Палаца культуры МТЗ — народны ансамбль песні “Белы птах” і каманда КВЗ прадпрыемства — выклікалі ў прысутных весялосць, шмат станоўчых эмоцый. Добрыя ўражанні ў гасцей і парыжан засталіся ад выставы работ майстроў Дома рамёстваў “Стары млын”, якая разгарнулася ў фае мясцовага Дома культуры.

052

А затым адбылося знаёмства з пілотамі трактароў, каманды якіх выступалі на двух этапах і прадстаўлялі Мінскі трактарны завод і аграпрамысловыя структуры Віцебскай вобласці. Усе восем машын мелі лагатыпы вядомых інфармацыйных партнёраў са сталіцы і абласнога цэнтра, а таксама Віцебскай і Глыбоцкай інтэграцыйных структур. За рулём “Беларусаў” былі як сталічныя вадзіцелі Яўгеній Лукашэвіч, Руслан Барсук, Дзмітрый Емяльянчанка, Аляксандр Шарамет, так і прафесіяналы з сельгас­прадпрыемстваў Прыдзвінскага краю — Андрэй Мацвееў, Міхаіл Шуміла, Мікалай Часноў і Алег Бясецкі.

Іх, а таксама ўсіх прысутных з пачаткам прабегу павіншавалі старшыня Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта Віктар Гутараў, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльным раз­віцці ААТ “Мінскі трактарны завод” Андрэй Суслянкоў, капітан каманды “МАЗ-СПОРТаўта” Сяргей Вязовіч, якая нядаўна вярнулася з чарговых спаборніцтваў “Дакар-2017”, дзе МАЗ увайшоў у ТОП-3 лепшых аўтамабіляў свету. Пілоты ралійных грузавікоў прыгналі спартыўную машыну і сваёй прысутнасцю падтрымалі ўдзельнікаў беларускага “Дакара”.

111

Удзельнікаў ралі благаславілі і пажадалі шчаслівай дарогі і Божай дапамогі іерэй Георгій Лакотка, настаяцель храма Уваскрэсення Хрыстова г. п. Варапаева і ксёндз Павел Самсонаў, дэкан Пастаўскага дэканата. А механізатарам, каб праехаць нямногім больш за дзесяць кіламетраў, давялося пераадолець узаранае поле, водную і іншыя перашкоды. Па ўсім маршруце трактары суправаджалі тэлекамеры , а здымкі зверху вялі квадракоптары. Акрамя хуткасці, новая тэхніка дэманстравала на трасе сваю магутнасць і вынос­лівасць. Менавіта такую задачу і ставілі перад сабой арганізатары ралі. Пілоты і самі машыны вытрымалі выпрабаванне, прадэманстраваўшы на фінішы яшчэ і трактарны футбол, а пазней — перацягванне троса. У спабор­ніцтве колавай і гусенічнай тэхнікі перамагла дружба. Жадаючыя маглі азнаёміцца і з малагабарытнай прадукцыяй МТЗ, паглядзець канцэрт самадзейных артыстаў са сталіцы, пачаставацца прадукцыяй глыбоцкіх вытворцаў.

141

Герояў дня ў Мосары віталі тысячы людзей, а таксама прадстаўнічая дэлегацыя, у склад якой уваходзілі старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, намеснік міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь Аляксандр Агароднікаў, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, генеральны дырэктар ААТ “Мінскі трактарны завод” Фёдар Дамаценка, кіраўнікі шэрага іншых рэспубліканскіх службаў і ведамстваў, а таксама старшыні Пастаўскага і Глыбоцкага райвыканкамаў Віктар Гутараў і Алег Морхат.

— Поспех на сяле заўсёды залежыць ад таго, наколькі на­дзейнымі, прадукцыйнымі з’яўляюцца тэхніка і агрэгаты, падрыхтаванымі і прафесійнымі — механізатары і вадзіцелі, — адзначыў кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў. — Усё гэта мы ўбачылі падчас ралі і асабліва парадаваліся за віцебскую каманду, ­удзельнікі якой паказалі сябе сапраўднымі майстрамі сваёй справы. Апраўдалі сябе і найноўшыя трактары МТЗ. Мы ўпэўнены, што ў далейшым будзе ўмацоўвацца садружнасць вытворцаў машын і тых, хто іх эксплуатуе, а на палях Віцебшчыны бу­дзе прымнажацца колькасць энерганасычаных трактароў, здольных забяспечваць высокую якасць работ.

082

— Прабег-выпрабаванне “Парыж—Мосар” прымеркаваны да Дня беларускай навукі, — сказаў генеральны дырэктар завода Фёдар Дамаценка. — Мы імкнуліся паказаць не толькі магутнасць, вынослівасць і здольнасць тэхнікі працаваць у розных умовах, але і нашы перадавыя дасягненні, у тым ліку навуковы патэнцыял. З пастаўленай задачай нашы канструктары, тэхнічныя і тэхналагічныя службы справіліся, усе трактары фінішавалі, у тым ліку тры зусім новыя, якія толькі што сышлі з канвеера і не паспелі прайсці абкатку. Ганарымся тым, што нашы энерганасычаныя машыны на роўных канкурыруюць з шэрагам аналагічных замежнай вытворчасці.

175

А затым адбылося ўзнагародж­ванне каманд, якія вызначыліся падчас прабегу. Пераможцам першага этапа стаў Руслан Барсук, які кіраваў трактарам з лагатыпам АНТ. Сярод віцебскіх майстроў на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару падняўся трактарыст ААТ “Ліпаўцы” Андрэй Мацвееў, машына якога была пазначана лагатыпам “Витебские вести”. Падарункі атрымалі і іншыя ўдзельнікі ралі. А кіраўнікам раённай вертыкалі Віктару Гутараву і Алегу Морхату былі ўручаны памятныя Кубкі.

Пры падвядзенні вынікаў адзначалася, што ўпершыню праведзенае ралі будзе садзейнічаць паляпшэнню іміджу прадпрыемства і павышэнню прэстыжу прафесіі трактарыста. Прагучала і думка, каб гонку “Парыж—Мосар” зрабіць традыцыйнай.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.