Добры арганізатар і ідэйны натхняльнік

Экономика

IMG_9160

У адзін з апошніх дзён мінулага года ў прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне панаваў святочны настрой. Нагода — юбілей старшыні прафкамітэта Марыны Іосіфаўны Юрковай.

На стэндзе — віншавальная паштоўка, каля рабочага стала — насценгазета, прысвечаная юбілярцы. Завіталі і госці: старшыня Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Уладзімір Уладзіміравіч Мядзелец і старшыня райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Дзіяна Іванаўна Пякарская.

— Марына Іосіфаўна дзесяць гадоў узначальвае прафкамітэт прадстаўніцтва Белдзяржстраху ў вашым раёне, — гаварыў Уладзімір Уладзіміравіч. — Зарэкамендавала сябе ўмелым арганізатарам, ідэйным натхняльнікам калектыву. Яе актыўная жыццёвая пазіцыя, энтузіязм дапамагаюць аператыўна вырашаць усе пытанні. За заслугі ў справе абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза, асабісты ўклад у развіццё прафсаюзнага руху пастановай прэзідыума Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў ад 8 снежня 2016 года № 124 прозвішча Марыны Іосіфаўны занесена ў Кнігу Гонару нашай абласной арганізацыі. У ёй пакуль толькі 17 чалавек.

Па прафесіі М. І. Юркова — бухгалтар. Закончыла Гомельскі кааператыўны інстытут, доўгі час працавала ў гандлі. Затым перайшла ў прадстаўніцтва Бел­дзяржстраху на вельмі адказную пасаду галоўнага бухгалтара. Сумяшчаць асноўную работу з грамадскай, вядома, няпроста. Але Марына Іосіфаўна з той катэгорыі людзей, якія спраўляюцца з усімі ўскладзенымі абавязкамі.

— Марына Іосіфаўна працуе ў нас 10 гадоў, — расказваў дырэктар прадстаўніцтва Грыгорый Грыгор’евіч Шэцка. — Прафесіянал сваёй справы. Ёй уласцівы лагічнае мысленне, уменне аперыраваць лічбамі. Дакументацыя заўсёды ў належным парадку. Асвойвае новыя метады і падыходы, цікавіцца галіновай літаратурай, найноўшымі распрацоўкамі ў страхавой сферы дзейнасці.

— Як прафсаюзны лідар М. І. Юркова ўмее зарадзіць энергіяй іншых, захапіць ідэяй, стварыць добры настрой, — гаварыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Д. І. Пякарская. — Цесна ўзаемадзейнічае з дырэкцыяй. Добра арыентуецца ў заканадаўстве і нарматыўна-прававых актах, уносіць слушныя прапановы пры распрацоўцы калектыўнага дагавора.

— Наша прафсаюзная арганізацыя налічвае 33 чалавекі, — расказвала Марына Іосіфаўна. — Дружна адзначаем святы. Заўсёды падтрымліваем чалавека, калі яго напаткала бяда. Члены прафсаюза атрымліваюць матэрыяльную дапамогу пры ўступленні ў шлюб, нараджэнні дзіцяці, да юбілейных дзён нараджэння. Арганізуем экскурсіі па Беларусі і за яе межы, паездкі на канцэрты вядомых артыстаў. Вялікая ўвага ўдзяляецца ветэранам арганізацыі, сярод якіх ёсць і адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Аляксандравіч Антух. 

Марыну Іосіфаўну цэняць і паважаюць у калектыве. “Яна ўмее працаваць з людзьмі і знаходзіць выйсце з любой сітуацыі, — гаварылі калегі. — Чулы і спагадлівы чалавек. Акуратная, патрабавальная да сябе і  да падначаленых. Сціплая, абаяльная, вопытная, кампетэнтная, камунікабельная. Умее слухаць і заўсёды чуе чалавека,  таму і з’яўляецца столькі гадоў нашым нязменным прафсаюзным лідарам”.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.