Дружна працавалася ў “Дружбе”


img_0588

Сёння спаўняецца 75 гадоў былому старшыні калгаса “Дружба” Баляславу Півусавічу Шылько. Нам пашчасціла працаваць побач з ім. Таму хочам узгадаць той шлях, які прайшлі за чвэрць стагоддзя пад кіраўніцтвам гэтага мудрага, таленавітага, разважлівага, у любых абставінах на дзіва ўраўнаважанага чалавека.

Працоўную дзейнасць ён пачаў у сваім родным калгасе “Радзіма” прычэпшчыкам, пазней — трактарыстам. Асвойваў цалінныя землі, атрымаў спецыяльнасць інжынера. У “Дружбу” прыйшоў на пасаду начальніка свінагадоўчага комплексу, які толькі пачалі будаваць  за дзяржаўны крэдыт у 20 мільёнаў тагачасных рублёў. Колькі было бяссонных начэй, камандзіровак у многія гарады і рэспублікі былога Саюза! Колькі патрачана сіл, здароўя! А колькі ўсяго патрэбна было “дастаць”. Як жа Баляслаў Півусавіч не любіў гэта слова! Але даводзілася падпарадкоўвацца на карысць справе, якой быў цалкам аддадзены, — такі быў час.

Спачатку планавалася аддзяліць комплекс ад гаспадаркі. Вядома ж, кіраваць толькі ім намнога прасцей — вузкая спецыялізацыя: вырошчвай свіней, прадавай мяса, за выручаныя грошы купляй камбікармы, як гэта было, напрыклад, у Гарадоцкім раёне і многіх іншых гаспадарках вобласці. Але ў Камаях комплекс пакінулі ў складзе гаспадаркі. А яна ў той час была ў заняпадзе, не хапала нават саломы для буйной рагатай жывёлы. Вось якую ношу давялося ўзваліць на сябе Баляславу Півусавічу, калі яго абралі старшынёй калгаса. Дзе толькі ні прыходзілася выпрошваць кармы, ездзіць па іх за многія кіламетры, каб накарміць жывёлу. Потым, калі “Дружба” не толькі памацнела, але і стала перадавой гаспадаркай у раёне і вобласці, да яе пачалі далучаць слабейшыя.

Толькі мудрасць кіраўніка дазволіла стварыць, здружыць, згуртаваць адзіны моцны калектыў, у якім было каля сотні спецыялістаў і каля тысячы працаўнікоў. Дзякуючы карпатлівай працы, намалоты зерня складалі да 20 тысяч тон, па многіх паказчыках вытворчасць прадукцыі складала амаль трэць ад раённай. Баляслаў Півусавіч вывеў гаспадарку ў лік 60-ці лепшых у Беларусі. Яго працоўныя заслугі адзначаны ордэнам “Дружбы народаў”, Падзякай Прэзідэнта краіны, прысваеннем звання “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”. Ён годна прадстаўляў раён у Вярхоўным Савеце БССР. Але самая вялікая ўзнагарода — удзячнасць людзей, з якімі працаваў. 

Неяк пры спатканні спыталі ў былога старшыні: “Ці ўспамінаеце нашу “Дружбу”? Ці баліць за яе душа?” На што ён адказаў: “Нават часта бачу ў снах”. Паважаны Баляслаў Півусавіч! Дзякуй вам за тое, што ўмела кіравалі і ўсё рабілі для людзей, каб ім лепш жылося. Усе, каму пашчасціла з вамі  працаваць, віншуюць вас з 75-годдзем, жадаюць вам, вашым родным і блізкім моцнага зда­роўя, аптымізму на доўгія гады.

Былыя спецыялісты,

работнікі бухгалтэрыі калгаса “Дружба”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.