Дзяліліся аплаткай, спявалі, успаміналі

Духовность

6084

Упершыню вернікі новай пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага сабраліся разам на асвячэнне крыжа. Ён устаноўлены ў мікрараёне пятага гарадка, побач з месцам узвядзення касцёла. Было гэта 23 красавіка мінулага года. На наступны дзень адбылася першая святая Імша. Яна цэлебруецца кожную нядзелю ў 15 гадзін у касцёле Святога Антонія Падуанскага.

Наш пробашч ксёндз Андрэй Бульчак — добры арганізатар розных мерапрыемстваў. За час сваёй службы ў Паставах зладзіў некалькі пілігрымак па славутых мясцінах Беларусі, Літвы, Польшчы, Італіі. Актыўна працуе з маладымі парафіянамі, за якімі будучыня Касцёла. Не абыходзіць увагай і нас, старэйшых.

У рамках калядных свят запрасіў на аплаткавую сустрэчу. Спачатку мы памалілі­ся, потым дзяліліся аплаткай, казалі адно аднаму шчырыя словы, сардэчныя пажаданні. Затым спявалі калядныя песні, і кожны выказваў уражанні ад перажывання Адвэнту і святкавання Божага Нара­джэння. Успаміны вярталі ў нялёгкія, але такія шчаслівыя гады дзяцінства і маладосці, калі за вігілійны стол дружна садзі­лася вялікая сям’я: бацькі, дзеці, унукі. Цяпер многія засталіся адны, бо ў кагосьці дзеці жывуць далёка, прыязджаюць рэдка і родных блізка няма. Для іх касцёл, суседскія і біблійныя сустрэчы — як аддушына.

Вось і на гэты раз сабраліся разам — і пацяплела на сэрцах ад сумеснай малітвы, ад таго, што побач аднадумцы. А на душы пасвятлела ад прыгаданых забаўных калядных гісторый. Час праляцеў імгненна, дадому вярталіся акрыленыя. Дзякуй ксяндзу Андрэю Бульчаку за ініцыятыву правядзення сустрэчы, падчас якой мы змаглі раздзяліць паміж сабой радасць Божага Нараджэння, а арганістцы Вользе Касарэўскай — за акампанемент і прыгожыя спевы.

Р. ЛЫСЁНАК, парафіянка.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.