Гады ідуць, заслугі застаюцца


Старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работні¬каў АПК Аляксандр Яўсеевіч Кузмянкоў уручае Ганаровую грамату Баляславу Півусавічу Шылько.
Старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работні¬каў АПК Аляксандр Яўсеевіч Кузмянкоў уручае Ганаровую грамату Баляславу Півусавічу Шылько.

4 студзеня ў райвыканкаме адбылося ўшаноўванне былога старшыні калгаса “Дружба”, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Баляслава Півусавіча Шылько. З нагоды 75-годдзя з дня нараджэння ён узнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама, абласной і раённай арганізацый прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Павіншаваўшы юбіляра са знамянальнай датай, старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Сяргеевіч Гутараў нагадаў пра яго жыццёвы і працоўны шлях, падкрэсліў, што Баляслава Півусавіча заўсёды вызначалі мэтанакіраванасць, рашучасць, жаданне і ўменне дасягаць пастаўленай мэты. Такім ён зарэкамендаваў сябе ў школе, падчас праходжання тэр­міновай ваеннай службы ў знакамітай Віцебскай дэсантнай дывізіі, дзе даслужыўся да старшыны батарэі. Але асабліва заявіў пра сябе як гаспадарнік, умелы арганізатар і выхавальнік калектыву, праявіў сябе падчас будаўніцтва першага ў раёне свінагадоўчага комплексу на 24 тысячы галоў, а затым на пасадзе старшыні калгаса “Дружба”, які ўзначальваў больш за 20 гадоў. У гэты перыяд гаспадарка дасягнула сапраўднага росквіту, выйшла ў лік перадавых у вобласці і рэспубліцы. Ураджайнасць зерневых і зернебабовых дасягала да 50 цэнтнераў з гектара, а валавы намалот — да 20 тысяч тон. Камайцы восем разоў удзельнічалі ў рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі” . Як пераможцы спаборніцтва камбайнеры і вадзіцелі ў  якасці падарункаў атрымалі 2 легкавыя аўтамашыны, 32 халадзільнікі і 12 тэлевізараў. Па вопыт у “Дружбу” ехалі з розных куткоў вобласці і краіны.

Б. П. Шылько знаходзіў час і для грамадскай работы, прадстаўляў выбаршчыкаў Пастаўшчыны ў Вярхоўным Савеце БССР, іншых дзяржаўных органах. Памятнымі сталі і гады, калі ўзначальваў раённую арганізацыю прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, з’яўляўся членам раённага выканаўчага камітэта. Яго актыўнасць, гаспадарлівасць адзначаны шмат­лікімі ўзнагародамі, у тым ліку ордэнам Дружбы народаў.

Юбіляр з кіраўніцтвам раёна і  гаспадарнікамі пасля віншавання.
Юбіляр з кіраўніцтвам раёна і гаспадарнікамі пасля віншавання.

—  Вывераная жыццёвая пазіцыя Баляслава Півусавіча Шылько, прадуманыя, узважаныя адносі­ны да  разнастайных спраў, чуласць і ўважлівасць да людзей і сёння з’яўляюцца павучальным прыкладам для кіраўнікоў гаспадарак, — падкрэсліў В.С. Гутараў. — Яго вопыт па-ранейшаму запатрабаваны і служыць узорам таго, як трэба дасягаць пастаўленых мэт і поспехаў у рабоце.

— Разам з Баляславам Півусавічам Шылько мне пашчасціла працаваць у аграрным сектары вобласці, Вярхоўным Савеце БССР, — узгадаў старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрама Аляксандр Яўсеевіч Кузмянкоў. — Ён заўсёды клапаціўся пра калектыў гаспадаркі, выкарыстоўваў любую магчымасць для набыцця тэхнікі, іншых матэрыяльных рэсурсаў. Падкуплялі яго прыстойнасць, ураўнаважанасць, руплівасць, уменне знаходзіць кантакт з любымі асобамі.

Пра гэтыя і іншыя якасці юбіляра гаварылі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Ва­сільевіч Чэпік, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Пётр Леанідавіч Курто, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Мікалаевіч Герасіменка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Аляксееўна Далецкая, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Ганна Францаўна Літвіновіч, дырэктары ААТ “Навасёлкі-Лучай” Юрый Францішкавіч Шымчык і “Камайскі-агра” — Андрэй Віктаравіч Сарапененка.

Такая ўвага расчуліла ветэрана. Баляслаў Півусавіч шчыра падзякаваў за віншаванні і пажаданні, прыгадаў розныя падзеі і гісторыі са сваёй багатай біяграфіі, выказаў надзею, што ўсё лепшае, што мела “Дружба”, будзе адраджацца.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.