Галоўнае — станоўчы фінансавы вынік


sov24

Адкрытае акцыянернае таварыства “Хацілы-агра” — адна з найбольш тытулаваных гаспадарак Пастаўшчыны. Летась за высокія эканамічныя паказчыкі, добрую аддачу хлебнай нівы была занесена на абласную Дошку гонару, узнагароджана Ганаровымі  дыпломамі і грашовымі прэміямі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і абласнога выканаўчага камітэта, адзначана на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі”. Пра складальнікі  эфектыўнай работы карэспандэнт “Пастаўскага краю” Пётр Курыловіч гутарыць з намеснікам дырэктара па эканоміцы, галоўным бухгалтарам Ганнай Мар’янаўнай ШУБЕЛЬКА.

— Ганна Мар’янаўна, канчатковыя вынікі будуць вядомы некалькі пазней, але ўжо сёння бачна, што год завяршаеце з прыбыткам.

—  На гэта і накіравана ўся гаспадарчая дзейнасць калектыву. Хаця яшчэ два гады назад пасля будаўніцтва другой чаргі робатызаванай малочнатаварнай фермы і іншых выдаткаў былі пэўныя фінансавыя цяжкасці. На цяперашні час на рахунках заўсёды  ёсць свадобныя грашовыя сродкі, своечасова выплачваецца заработная плата, няма затрымак з падатковымі плацяжамі, за электраэнергію, пратэрмінаванай запазычанасці. Пры такіх выніках  плённай працы калектыву і ў людзей з’яўляецца стымул дабівацца большага.

За 2016 год мы атрымалі чыстага прыбытку 1217 тысяч рублёў, без дзяржпадтрымкі —1093 рублі. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі скла­дзе 9 мільёнаў рублёў, у разліку на аднаго работніка — 42 тысячы, рэнтабельнасць продажаў — 12,5%, сярэднямесячная заработная плата — 703 рублі. 44% выручкі ідуць на папаўненне абаротных сродкаў. Вядома, гэтага недастаткова, таму для пакупкі мінеральных удабрэнняў, гаруча-змазачных матэрыялаў і іншых неадкладных патрэб карыстаемся крэдытамі. Яны патрэбны і для мадэрнізацыі жывёлагадоўчых памяшканняў, абнаўлення тэхнікі, зношанасць якой складае 60%, на іншыя мэты пашырэння вытворчасці. На жаль, умовы атрымання крэдытаў для аграрыяў краіны не вельмі выгадныя.

— Якія асноўныя складальнікі атрымання выручкі, прыбытку?

—  У агульным аб’ёме выручкі 52% займае рэалізацыя малака. Кожны дзень ад яго маем у сярэднім 14 тысяч рублёў. Таму нарошчванне вытворчасці, павышэнне якасці малочнай прадукцыі застаецца галоўнай задачай. Вырашыць яе немагчыма без збалансаваных кармавых рацыёнаў, планамернай селекцыйнай работы з дойным статкам. На зімова-стойлавы перыяд 2016/2017 года ў гаспадарцы нарыхтавана на ўмоўную галаву жывёлы 35 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў. Гэта якасны сянаж ва ўпакоўцы, кукурузны сілас, камбікорм  з бялковымі дабаўкамі. Дарэчы, вось ужо два гады ў нас функцыянуе ўласны камбікормавы завод, дзе вырабляецца танная прадукцыя, а гэта прыносіць значную эканамічную выгаду.

Летась валавая вытворчасць малака склала больш за 9000 тон, што на 8,5% больш, чым было ў 2015 го­дзе, таварнасць — 94%. Да 6600 кілаграмаў узрос сярэдні надой ад каровы, а на малочнатаварным комплексе з даільнымі робатамі — да 8000 кілаграмаў. Пры складанні бізнес-плана на сёлетні год прадугледжана далейшае нарошчванне вытворчасці малочнай прадукцыі.

— Ганна Мар’янаўна, ваша гаспадарка па-ранейшаму займаецца вырошчваннем буйной рагатай жывёлы, хаця яе рэалізацыя з’яўляецца стратнай. Якое тут бачыцца выйсце?

— Дзякуючы добрай кармавой базе, вытворчасць мяса летась склала 778 тон, або ўзрасла ў параўнанні з папярэднім годам на 7%, сярэднясутачнае прыбаўленне — 571 грам, сярэдняя вага адной галавы буйной рагатай жывёлы — 485 кілаграмаў. Але нават  пры такіх нядрэнных выні­ках з-за нізкіх цэн рэалізацыя ялавічыны, сапраўды, стратная. У нас цяпер на дарошчванні і адкорме налічваецца 3500 галоў. Каб вырасціць бычка на продаж патрабуюцца каласальныя затраты на працягу двух гадоў. У той жа час бройлернае кураня вырастае за 4 месяцы, а кошт мяса аднолькавы — 4 рублі за кілаграм. Адным са шляхоў выпраўлення сітуацыі з’яўляецца скарачэнне затрат на вырошчванне БРЖ. З 2015 года мы пачалі мадэрні­зацыю жывёлагадоўчых ферм. Замест клетачнага ўтрымання жывёлу пераводзім на беспрывязна-выгульнае з вулічным кармавым сталом.  Напрыклад, на такой ферме ў Хацілах утрыманне бычкоў на адкорме стала прыбытковым, бо скараціліся тэрміны іх вырошчвання, а сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе склала адзін кілаграм. Сёлета плануем правесці рэканструкцыю яшчэ адной такой фермы. А ўвогуле, калі будзе дасягнута дамоўленасць з Банкам развіцця Беларусі, то ў сельгаспрадпрыемстве плануецца пабудаваць малочную ферму з даільнай залай.

—   А што можна сказаць пра раслінаводства, дзе, як вядома, вынікі залежаць не толькі ад тэхналогій і чалавечага фактару, але і ад кліматычных умоў?

— Летась ураджайнасць зерневых і зернебабовых склала 56 цэнтнераў, а валавы намалот пасля дапрацоўкі — 7 тысяч тон. 1950 тон харчовага зерня рэалізавалі ў лік дзяржаўнага заказу. Прадалі 1400 тон насення эліты. Зернем разлічыліся з Віцебскім аблаграсэрвісам, фуражом забяспечылі жывёлагадоўлю.

Наша гаспадарка — элітавытворчая, таму кожны год вядзецца мэтанакіраваная работа па ўдасканаленні тэхналогіі вырошчвання зерневых культур за кошт унясення гліфасатаў, якаснага ворыва і апрацоўкі глебы, сяўбы ў аптымальныя тэрміны, сортаабнаўлення насення. Для дапрацоўкі зерня ёсць зернесушылка КЗСВ-30 на прыродным газе, а таксама зернеачышчальная лінія па падрыхтоўцы насення. А вось з азімым рапсам не пашанцавала. На ўсіх 300 гектарах ён загінуў, што прывяло да дататковых расходаў на пакупку бялковай сыравіны.

У цэлым кармоў нарыхтавалі больш, чым летась. Толькі сенажу ва ўпакоўцы маем 7337 тон. Як вядома, у адной яго тоне ўтрымліваецца пераварымага пратэіну ў два разы больш, чым у закладзеным у траншэі. Парадавала  кукуруза, ураджайнасць якой склала 374 цэнтнеры з гектара. Кукурузнага сіласу закладзена 17507 тон, што на 55% больш, чым у папярэднім годзе.

Самых добрых слоў заслугоўваюць нашы спецыялісты і радавыя працаўнікі. Назваць прозвішчы ўсіх проста немагчыма. Мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым. Цяпер самае галоўнае — арганізавана правесці стойлавае ўтрыманне грамадскага статка, усебакова падрыхтавацца да яравой сяўбы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.