І рамантыка, і настальгія


fgbfg

Атрымаўшы заданне наведаць у раённым краязнаўчым музеі выставу “Навагодняя настальгія”, адразу падумала: а што новага яна мне адкрые? Усё гэта ўжо было ў маім жыцці. Але памылялася.

Пашанцавала адразу, ледзь пераступіла парог выставачнай залы ў філіяле музея ў палацы Тызенгаўзаў: сюды заві­талі наведвальнікі, якія маглі падзяліцца меркаваннямі пра ўбачанае. І з самага пачатку да мяне стала даносіцца: “І ў нас была такая ёлка: шкляныя пацеркі, чырвоная пяцікутная зорка на макаўцы, серабрысты дожджык, на падлозе пад дрэўцам — плюшавыя цацкі…”, “І мы цукеркі вешалі, але хутка ў абгортках з’яўляліся кавалачкі хлеба, і ніхто з дзяцей не прызнаваўся, куды знікалі сапраўдныя ласункі…”, “І мне шылі такі маскарадны касцюм і рабілі такую ж карону: на кардон наклейвалі вату, зверху — асколкі разбітых ёлачных цацак…”, “Па суседстве жыў дзядуля, які к Новаму году прыносіў кошык яблыкаў. Яны былі невялічкія, але такія спелыя, ажно бардовыя. З радасцю вешалі іх на лапкі…”

Хвіліна-другая, і я пачынаю ўспамінаць, як сама чакала навагоднія святы, дзе і якія рэчы стаялі ў нас дома, каб параўнаць з гэтым выставачным пакоем. Але ўключаецца тэлевізар — і пачынаецца дэманстрацыя фільма “Рамантычныя 60-ыя”. Тут і дакументальныя кадры, і мастацкія, і ўспаміны артыстаў, вядомых людзей пра тое, як жылі ў тыя гады, у што апраналіся, як развівалася мода і г. д. А дырэктар музея Раіса Леанідаўна Курачэнка пачынае свой аповед пра стварэнне навагодняй інсталяцыі:

— Мы маглі цацкі і іншыя атрыбуты навагодняга свята проста пакласці на белую вату. Але пайшлі іншым шляхам: каб стварыць сапраўдную атмасферу 60-70-ых, вырашылі пад выставу вызваліць цэлы пакой. Цяпер ён нагадвае жылую кватэру тых часоў. Мяркуючы па водгуках, падарылі людзям радасць.

Раіса Леанідаўна расказвае пра кожны прадмет — радыё­прыёмнік, швейную машынку, буфет, этажэрку з кнігамі, настольнікі, сурвэткі. Падыходзім да рарытэта: на падстаўцы — першы тэлевізар. Памятаю, якой навіной было яго з’яўленне ў маёй вёсцы. Падзівіцца на загадкавую скрыню, з якой і песні спявалі, і фільмы дэманстраваліся, да суседа штовечар прыходзіла да дваццаці чалавек. Тады, можа, гаспадару гэта не надта падабалася, а сёння хата даўно на замку і сцежкі да яе зараслі травой…

Захоплівае аповед пра радыёлу “Звезда” першага выпуску Мінскага радыёзавода. У продажы яе не было — экзэмпляры толькі для падарункаў. На ўсю Віцебскую вобласць былі выдзелены ўсяго чатыры такія прыёмнікі. Пастаўчанін Яфім Іванавіч Атвалка (брат таго самага Аляксандра Атвалкі, які ў свой час атрымаў у падарунак габелен ад графа Пшэздзецкага за выдатнае заканчэнне  Санкт-Пецярбуржскай афіцэрскай кавалерыйскай школы) быў узнагаро­джаны Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам менавіта такой радыёлай. А калі ў старасці пераязджаў жыць да сына, дачка Людміла некаторыя хатнія рэчы, у тым ліку і радыёлу, прапанавала музею.

Убачылі мэблю ад вядомага ў свой час пастаўскага мэбельшчыка Івана Аляксандравіча Крукоўскага. Побач — піяніна. І зноў акунаемся ў атмасферу 60-ых, успамінаем, што жылі ў асноўным сціпла. Праўда, некаторыя гараджане маглі сабе дазволіць пакупку такога музычнага інструмента, каб навучаць сваіх дзяцей ігры на ім. А літаральна на выхадзе каля сцяны — табурэтка. На ёй — сетка з нітак, у якой — пасылка. Р. Л. Курачэнка тлумачыць: “На свята сваякі звычайна прысылалі з поўдня краіны мандарыны, іншыя прысмакі”. Яшчэ ў сетцы — бутэлька шампанскага. Які ж Новы год без такога напітку? Гаспадыня, відаць, адстаяла ў чарзе, купіла, атрымала на пошце пасылку, прыйшла дамоў, зняла валёнкі, паліто, хустку…

Сама гісторыя, здаецца, дыхае. Узгадвалі і 70-ыя, і 80-ыя і сыходзіліся на думцы, што нашаму пакаленню дастаўся нядрэнны час: вучыліся ў школах, атрымлівалі вышэйшую адукацыю, працавалі, сталі сведкамі палёту чалавека ў космас. Адносіны паміж людзьмі былі душэўныя, адкрытыя. А самае галоўнае — побач знаходзіліся дарагія і блізкія сэрцу людзі — бацькі, сёстры, браты, сваякі.

Выстава вяртае людзей старэйшага пакалення ў юнацтва, маладосць, і гэта каштоўна. Цікавая і для маладых, якія раней не бачылі такіх рарытэтаў. Выставы магло б і не быць, калі б не пастаўчане, якія прыносяць у дар установе рэчы і прадметы, тым самым фарміруючы музейны фонд. Дырэктар прасіла падзякаваць многім, а асабліва Людміле Аляксандраўне Далговай, Ліліі Радзівонаўне Зарэцкай, Наталлі Аляксееўне Бука, Валянціне Сігізмундаўне Крукоўскай, Галіне Зянонаўне Вялічка, Алене Антонаўне Бароўка, Марыі Іванаўне Лапцінскай, Таццяне Гвідонаўне Гарошка, Барысу Уладзіміравічу Зелюкову, Людміле Яўгенаўне Чатовіч, Алене Адамаўне Ляўковіч.

А я, паважаныя чытачы, раю: схадзіце на выставу, адчуйце настальгічны подых часу, подых краіны.

Галіна ПІШЧ.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.