Карфбол — гэта цікава!

Культура

7410

Па запрашэнні маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Беларуская федэрацыя карфбола” зборная каманда Варапаеўскай сярэдняй школы прыняла ўдзел у Кубку Беларусі па карфболе U-17, які праводзіўся на спартыўным комплексе “ЦМОКІ-Мінск”.

Да нядаўняга часу мы нават не ведалі, што ёсць такі гульнявы від спорту. З карфболам нас пазнаёміў настаўнік фізічнай культуры Аляксей Васільевіч Новік, які і прапанаваў усім жадаючым прыходзіць на трэніроўкі. Гульня захапіла многіх школьнікаў рознага ўзросту з 6 па 11 клас.

Што ж такое карфбол? Гэту гульню прыдумалі галандцы яшчэ ў 1902 годзе. Яе сутнасць у тым, што на пляцоўцы гуляюць дзве каманды.У кожнай — па 8 чалавек (4 хлопцы і 4 дзяўчыны, прычым хлопцы маюць права гуляць толькі супраць хлопцаў, а дзяўчаты, адпаведна, толькі супраць дзяўчат). Задача — закінуць мяч у кольца, замацаванае на мачце на вышыні 3,5 метра. Ніякага шчыта, як, напрыклад,  у баскетболе, тут няма. Таксама нельга выбіваць мяч з рук, рабіць больш чым адзін крок з мячом, кідаць у кош, калі перад табой абаронца. Таму карфбол патрабуе хуткасці перамяшчэння па пляцоўцы, узаемаразумення гульцоў і, вядома,  дакладных кідкоў.

У Кубку Беларусі прынялі ўдзел каманды з Мінска, Слуцка, Пінска. Мы аказаліся ў адной групе з гульцамі з Мінскага энергетычнага каледжа і Слуцкага кадэцкага вучылішча. Хоць гульні з імі мы прайгралі, але аказалі ўпартае супраціўленне больш вопытным і сталейшым сапернікам. Набылі каштоўны вопыт барацьбы з моцнымі  камандамі, зразумелі, што для перамогі трэба старанна і рэгулярна трэніравацца. Нас цёпла прывітаў старшыня Беларускай федэрацыі карфбола Сяргей Міронавіч Аляксееў, які выказаў упэўненасць, што ў наступным го­дзе наша каманда дасць сапраўдны бой лідарам. У якасці падарунка ён уручыў нам карфбольны мяч. Дыпломамі федэрацыі былі адзначаны лепшыя гульцы нашай зборнай: вучаніца 11 класа Вераніка Ясюковіч і вучань 8 класа Данііл Галяш.

У перапынку паміж гульнямі мы мелі магчымасць паназіраць за паядынкам чэмпіянату Беларусі па баскетболе, які праходзіў у суседняй зале, паміж магілёўскай камандай “Барысфен” і мінскай — “Цмокі-2”.

Ад паездкі засталіся самыя добрыя ўражанні. Выказваем шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву дзяржаўнага аб’яднання “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна” за фінансавую падтрымку.

Яна ЖУК, вучаніца

7 класа Варапаеўскай СШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.