
На свята Божага Нараджэння дрэвы і кусты не маюць ні лісцікаў, ні кветак, але іх аздабляе само Неба: пасылае зіхоткія сняжынкі, каб павялічыць радасць. У гэты час не спяваюць птушкі, але свята ўпрыгожваюць спевы калядных песень. Менавіта іх конкурс адбыўся ў Паставах сярод дзяцей і моладзі парафіі Святога Антонія Падуанскага і парафіі Езуса Міласэрнага.
Ён праводзіўся ў дзвюх узроставых груgах: да дзесяці гадоў і ад дзесяці да сямнаццаці. У малодшай групе самай маленькай выканаўцай была Малько Жэня (4 гады) з песняй “Ідзе на зямлю”. Чатырохгадовая Жук Крысціна разам са сваімі сёстрамі Маргарытай (6 гадоў) і Насцяй (8 гадоў) праспявала песню “Кароўкі, авечкі”. Добра падрыхтаваліся і выступілі ў малодшай узроставай групе таксама Дзіковіч Аліна, Дзіковіч Яна, Касарэўская Вераніка, Палякова Ульяна. Трэцяе месца ў гэтай групе заняла і атрымала прыз (рукзак) Шаура Маша, другое і прыз (палатку) — Маргуноў Арцём, першае і прыз (гітару) — Бабчук Маша.

У старэйшай узроставай групе, акрамя песень, прагучала на флейце “Аve Maria” ў выкананні Касарэўскага Аляксея. Песню “Зорка Бэтлеемска” выканаў Цалко Мацвей, яму на балалайцы акампаніраваў старэйшы брат Станіслаў. На польскай мове прагучала песня “Марозная ціша” ў выкананні Нікіфаровіч Маргарыты. Таксама Маргарыта разам з Буцневіч Таццянай праспявала песню “Вітай, зорка ранняя”. Гучнымі апладысментамі дзякавалі слухачы Буйко Алесі, Буйко Сняжане, Казлоўскай Ангеліне, Фярковіч Насці, Скрыпко Ларысе. Першае месца ў гэтай узроставай групе і гітару атрымала Ожаль Юлія (дарэчы, яна ўсе чатыры разы прымала ўдзел у конкурсе каляднай песні), другое месца і прыз (палатка) — у Сідлярэвіч Кацярыны, трэцяе і прыз (рукзак) — у Таразевіч Кацярыны. Усе ўдзельнікі атрымалі салодкія падарункі і сшыткі.

Падводзячы вынікі конкурсу, намеснік старшыні райвыканкама Кісялёў Юрый Мікалаевіч падзякаваў дзецям за тыя радасць, цяпло і спакой, якія яны перадавалі сваімі спевамі гледачам, пажадаў далейшых творчых поспехаў.
Конкурс не адбыўся б, калі б у дзяцей не было цудоўных настаўнікаў: Касарэўскай Вольгі Уладзіміраўны, Кватарчук Вольгі Віктараўны, Сівіцкай Ядвігі Фабіянаўны. Ім, як і выканаўцам, зала доўга апладзіравала.
У той жа дзень прайшоў і конкурс “Шопка”. Сем’і (дарослыя разам з дзецьмі) павінны былі змайстраваць, у адпаведнасці са сваёй фантазіяй, месца, дзе нарадзіўся Езус. Першае месца ў ім заняла сям’я Андрэя і Маі Дулінец, другое — сям’я Яўгена і Алены Хмяльніцкіх.
Пра прызы для пераможцаў і падарункі для ўсіх удзельнікаў конкурсу паклапаціліся пробашчы парафій Святога Антонія Падуанскага і Езуса Міласэрнага — ксяндзы Вадзім Прасяной і Андрэй Бульчак.
Аліна ЛАТЫШ,
няштатны карэспандэнт.
Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.