Мы — за дыялог


zaglavnaya

Перада мной на рабочым стале — два стосікі перакіднога календара. Адзін, на 2016 год, стракаціць усемагчымымі паметкамі — адрасы, прозвішчы, нумары тэлефонаў, даты, тэмы — усё тое, што магла не ўтрымаць памяць, а каляндарныя лісткі захавалі і ў патрэбны дзень падказалі. Другі — на 2017 год. У ім яшчэ не адгорнута ні адной старонкі, не ўнесена ніводнага дадатковага запісу. Па гэтай прычыне здаецца нават танейшым за свайго старэйшага сабрата. Але гэта пакуль. Пабягуць адзін за другім дні новага года, і каляндарныя лісткі традыцыйна “абрастуць” датамі, тэмамі, адрасамі.

Якімі яны будуць, падкажа жыццё. Як і тое, якім скла­дзецца кожны чарговы нумар газеты. У адным упэўнена, што “Пастаўскі край” ствараўся і будзе стварацца абавязкова з вашым удзелам, паважаныя чытачы. Так, у газеты ёсць заснавальнікі — раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў, дзейнасць якіх мы павінны асвятляць, ёсць рэдакцыйныя планы, але заўсёды зной­дзецца месца і вашым допісам, а мы абавязкова да­едзем на падказаныя вамі адрасы.

Газета — гэта не маналог журналістаў. Мы — за дыялог з вамі, шаноўныя чытачы. Вельмі  каштоўна, калі вы не толькі чытаеце публікацыі або праглядваеце іх на сайце газеты, але і ацэньваеце, выказваеце сваё меркаванне, прапануеце асвятліць тую ці іншую тэму або пішаце самі. Таму вялікае дзякуй усім нераўнадушным.

Не магу не сказаць і пра прыемнае для нас, журналістаў. У гэтыя дні чытачы вельмі актыўна званілі ў рэдакцыю і дзякавалі за газету, асабліва за навагодні выпуск. Прызнаюся, мы вельмі стараліся, рыхтуючы яго. Зрэшты, і ў кожны будзённы нумар укладваем шмат працы і творчасці.

Ну і апошняе. Ад імя рэдакцыйнага калектыву жадаю ўсім чытачам раёнкі ў новым годзе моцнага здароўя, душэўнай раўнавагі, згоды ў сем’ях і дабрабыту.

Будзем разам!

Фаіна КАСАТКІНА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.