Надзейныя швы Буяліча

Личности

IMG_9305

Электрагазазваршчыка навасёлкаўскага ўчастка ўнітарнага прадпрыемства “Жыллёва-камунальная гаспадарка Пастаўскага раёна”  Валерыя Баляслававіча Буяліча чакала ўбачыць са зварачным апаратам. А ён на тэрыторыі кацельні асвойваў … механічны дрывакол.

— Не здзіўляйцеся, — патлумачыў начальнік участка Іван Яфімавіч Хаткевіч. — Баляслававіч — майстар на ўсе рукі. Ён і зваршчык, і сантэхнік. І дрываколам, які толькі прывезлі, зацікавіўся. Вывучае яго ўстройства, правілы эксплуатацыі. Інструмент павінен значна аблегчыць ручную працу работнікаў кацельні. Нярэдка дапамагае ім і Буяліч. У зварцы ж яму няма роўных — швы заўсёды надзейныя.

Валерый Баляслававіч родам з невялікай вёсачкі Мацейкі, што недалёка ад Янчукоў. Як і многія яго равеснікі, закончыў Пастаўскае прафтэхвучылішча, працаваў у былым калгасе “Праўда” механізатарам, адслужыў у арміі і вярнуўся на радзіму. Некаторы час быў рабочым па абслугоўванні будынкаў Янчукоўскай базавай школы. А калі тая закрылася, пераехаў з сям’ёй у Навасёлкі.

— Якраз утварыўся навасёлкаўскі ўчастак ЖКГ, было месца сантэхніка, прадастаўлялася жыллё, — расказваў В. Б. Буяліч. — Потым мяне накіравалі на курсы газаэлектразваршчыкаў на базе Пастаўскага каледжа. І вось ужо больш за 10 гадоў не выпускаю з рук зварачны апарат. Работа тонкая і працаёмкая. Патрабуе ўваж­лівасці, акуратнасці, асцярожнасці.

Спраў хапае ў любую пару года. Участак абслугоўвае цеплатрасы і водаправод не толькі ў Навасёлках, але і ў Старым Двары, Цешалаве. За 2013-2014 гады на цэнтральнай сядзібе ААТ “Навасёлкі-Лучай” памянялі больш за 5 кіламетраў цеплатрасы, звыш 2-х кіламетраў вода­правода. Асноўны аб’ём работ выкананы В. Б. Буялічам. Мінулым летам дапамагаў на замене цеплатрасы ў райцэнтры, да 5 кіламетраў з 7-мі прыкладзена рука Буяліча. 

— З новай цеплатрасай не так страшны маразы, — гаварыў І. Я. Хаткевіч. — Працуем без аварыйных сітуацый. А былі зімы, што да 12 прарываў адначасова здаралася. Прыходзілася папацець. Баляслававіч запатрабаваны ў Варапаеве, Гуце, Парыжы. Калі там узнікаюць непаладкі, ён спяшаецца на дапамогу. Вось і зараз адпраўляем у Варапаева на рамонт цеплатрасы ля будынка канторы ўчастка ЖКГ.

— А што самае складанае ў рабоце? — цікаўлюся ў В. Б. Буяліча.

— Умовы, у якіх часам даводзіцца працаваць. Мароз за 20, а тут прарыў. Спускаешся ў гразь, якая замярзае за лічаныя хвіліны. Хочацца ж хутчэй замяніць пашкоджаную трубу, каб цяпло зноў паступала ў дамы. Варыць новыя трубы — задавальненне, а на прарыве трэба камбінаваць, каб якасна адрамантаваць старое.

— У Валерыя Баляслававіча гэта заўсёды атрымліваецца, — гаварылі мне ва УП ЖКГ. — Зарэкамендаваў сябе кваліфікаваным спецыялістам. Адказны, настойлівы, працавіты, дысцыплінаваны. Робіць усё хутка і якасна. Яму пад сілу і складаныя віды зваркі. Выручыць у любы час сутак, у святочныя і выхадныя дні. На аб’екце затрымліваецца да таго часу, пакуль не закончыць работу.

А па яе выніках за 2015 год В. Б. Буяліч прызнаны лепшым па прафесіі сярод электрагаза­зваршчыкаў УП ЖКГ Пастаўскага раёна.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.