Нават кастынг быў

Культура

102_9363

Адышоў у мінулае яшчэ адзін год, які прынёс нашай “Сяброўцы” (клуб, які працуе на базе Лынтупскай бібліятэкі) шмат вясёлых і сумных падзей, нечаканыя радасці і неспадзяваныя клопаты. Вельмі арганічна ўліліся ў калектыў новыя “сяброўкі”, па­дзівіўшы нас сваімі талентамі і захапленнямі.

Але ж якое свята без сустрэчы старога Новага года? Так вырашылі бібліятэкары Ірына Уладзіславаўна Трашчынская і Святлана Уладзіміраўна Пякарская, якія запрасілі нас на пасяджэнне жаночага клуба «Снежная-нежная сказ­ка зимы». Адбылося яно 13 студзеня. У прыгожа ўбранай чытальнай зале яшчэ гасціла ёлка, гарэлі рознакаляровыя свечкі, сталы былі аздоблены арыгінальнымі кампазіцыямі з шышак і хваёвых лапак, гучала музыка. Вядучыя азнаёмілі нас з цікавымі старонкамі гісторыі святкавання Новага года ў нашай краіне. Падчас віктарыны ўспаміналі навагоднія традыцыі народаў свету, іншы раз вельмі незвычайныя, пра некаторыя з іх пачулі ўпершыню. Народныя прыкметы надвор’я, звязаныя з гэтым днём, нават выклікалі дыскусію.

Цыганкі Аза (Галіна Маркевіч) і Рада (Вольга Махрова) у вершаванай форме “прадказвалі” лёсы, варажылі па руцэ кожнай з нас. З дасціпных жартаў усе смяяліся, як дзеці. І песні спявалі, кружыліся ў карагодзе. А потым нашы артысткі ў вобразах Дзеда Мароза і красуні Ёлкі распавялі прысутным пра жаданне Дзеда Мароза знайсці сабе жонку, бо ў багатым ледзяным палацы яму вельмі сумна без каханай і вернай спадарожніцы. Дапамагалі яму ў гэтай нялёгкай справе тры Сняжынкі (Наталля Балаш, Тэрэза Падляшчук, Іна Урбановіч — самыя смелыя “сяброўкі”). Дзед Мароз крэатыўна падышоў да пытання і наладзіў кастынг прэтэндэнтак. А Сняжынкі вельмі хораша імправізавалі ў танцах. Мы шчыра пляскалі ў ладкі і крычалі “брава!”. Святкаванне скончылася вясёлым карагодам і гарбатай за салодкім сталом.

Тры гадзіны праляцелі, як адно імгненне. Мы даўно не сустракалі Новы год так весела і змястоўна. Дзякуем Ірыне Уладзіславаўне і Святлане Уладзіміраўне за тое, што адарвалі нас ад мяккіх канап і надакучлівых тэлевізараў, каб займальна і цікава пабавіць час. Разыходзіліся перапоўненыя пазітыўнымі эмоцыямі. Жадалі адна адной і ўсяму свету міру, дабра, здароўя і любові.

Нэлла ЛОСЬ,

 г. п. Лынтупы.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.