Неба. Самалёт. Дзяўчына

Местная власть Правовое поле

Марыя Дунец падчас прыняцця прысягі.
Марыя Дунец падчас прыняцця прысягі.

“Як жа пасуе ёй ваенная форма!” —  падумаюць многія чытачы, убачыўшы гэты фотаздымак. Так жа была зачаравана і я, калі выпускніца пастаўскай СШ №3 Марыя Дунец у парадным строі курсанта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь пераступіла парог рэдакцыйнага кабінета. І толькі ўважліва разгле­дзеўшы прыгожую, усмешлівую дзяўчыну, заўважыла, што вучыцца яна на рэдкім нават сярод юнакоў авіяцыйным факультэце. Не дзіў­на, што маім першым пытаннем да новай знаёмай бы­ло: чаму выбрала менавіта яго?

—  Я з дзяцінства марыла насіць форму і атрымаць прафесію, якая будзе карыснай Радзіме і людзям, — прызналася Маша. — Вялікую ролю ў выбары навучальнай установы адыграла тое, што Паставы калісьці былі ваенным гарадком і многія мае родзічы — вайскоўцы. У прыватнасці, дзядзя — інжынер па абслугоўванні аві­яцыйнай тэхнікі. Таму авіяцыя аказалася для мяне бліжэйшай за іншыя спецыяльнасці, на якія прымалі дзяўчат.

Нягледзячы на тое, што школу Марыя закончыла з залатым медалём, яна вельмі баялася праваліцца на ўступных іспытах у акадэмію, бо разумела, які вялікі конкурс чакаецца для дзяўчат (у апошнія гады іх у ВНУ не набіралі). Але настойліва ішла да сваёй мэты. Рыхтавацца да паступлення пачала яшчэ ў 10 класе, выбраўшы прадметы, якія будзе здаваць налета. З беларускай мовай праблем не было — на працягу двух гадоў ­удзельнічала ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды і нават заваявала дыплом ІІІ ступені. А вось па матэматыцы і фізіцы давялося наведваць рэпетытараў, факультатыўныя заняткі ў школе, шмат працаваць самастойна. Таксама актыўна займалася фізпадрыхтоўкай: штодзень бегала па вечарах крос, выконвала розныя практыкаванні, каб паспяхова здаць нарматывы.

Усё гэта прынесла жаданы вынік. Марыя Дунец стала адзінай дзяўчынай з Віцебскай вобласці, якая паступіла летась у Ваенную акадэмію. Пры тым што ахвотніц апрануць ваенную форму было нямала. Але некаторыя не прайшлі прафадбор, астатнія зрэзаліся на ўступных іспытах.

Па словах Машы, усяго на іх курсе 12 дзяўчат, 5 з іх вучацца на авіяцыйным факультэце, 7 — на агульнавайсковым і факультэце сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання. Вучыцца няпроста, прыйшлося прывыкаць да ранняга шасцігадзіннага пад­’­ёму, доўгіх заняткаў-пар, строга вызначанага распарадку дня і таго, што без дазволу камандзіра кроку ўбок ступіць нельга. Асабліва складана было ў першы месяц, калі праходзілі курс маладога байца і разам з вывучэннем асноў ваеннага заканадаўства вялікая ўвага надавалася страявой і агнявой падрыхтоўцы. Дзяўчатам не рабілі ніякіх патуранняў — яны займаліся нароўні з хлопцамі.

Цяпер тыя цяжкасці — ужо звычайная справа. Нават аўтамат, які спачатку было не падняць, здаецца, намнога палягчэў. За паўгода ў акадэміі Марыя пасталела, стала больш самастойнай і дысцыплінаванай, набыла ваенную выпраўку і шмат сяброў-аднакурснікаў. Адзінае, што па-ранейшаму яе засмучае, дык гэта доўгая разлука з роднымі. Пасля паступлення бачыла іх усяго тры разы: на ўрачыстасці з нагоды прыняцця прысягі і калі двойчы прыязджала дамоў у непрацяглыя водпускі. Але амаль штодня сазвоньваецца з бацькамі і старэйшым братам па тэлефоне і адчувае вялікую маральную падтрымку, якая дапамагае ў ажыццяўленні пастаўленай мэты — стаць высакакласным авіяцыйным інжынерам. 

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.