Нявыдуманыя гісторыі


35

Напрыканцы года мне давялося правесці вечар з трыма сёстрамі-расіянкамі, Валянцінай, Нэлай і Людмілай, якія вярталіся з двухтыднёвага адпачынку ў санаторыі “Прыазёрны”. Адна з іх жыве ў Маскве, дзве другія — ажно ў Іркуцкай вобласці. Узрост — 70, 78 і 81 год. А энергіі, прагі жыцця, гумару ў кожнай больш, чым у асобных 30-40-гадовых. Не магу не падзяліцца некаторымі іх санаторнымі гісторыямі.

Неспадзяванка

Людміла прыйшла на працэдуру. І толькі паспела прывітацца, як масажыстка, прыязна ўсміхаючыся, заўважыла: “А я вас ведаю. Вы летась у нас адпачывалі”. Масквічка здзівілася: “Ну і памяць! Праз вашы рукі праходзяць сотні пацыентаў…” “Але вы — асаблівая”, — падкрэсліла масажыстка і ў пацвярджэнне гэтага дастала з шуфлядкі стала… мінулагодні нумар “Пастаўскага краю”, у якім быў змешчаны фотаздымак Людмілы з сястрой і яны дзяліліся ў газеце ўражаннямі ад знаходжання ў санаторыі.

Аказваецца, прачыталі і захавалі газету. А праз год пазналі гераіню публікацыі. Што ні кажы, галоснасць — вялікая справа.

Сланцы

Купальны касцюм, шапачка і сланцы ў яе ляжалі ў асобным пакеце. З ім і прыйшла ў басейн. Стала пераабувацца, а адзін сланец і блізка не налазіць на нагу. “Ды і не дзіва, — смяецца жанчына. — Аказваецца, што я, збіраючыся ў санаторый, па рассеянасці ўзяла адзін свой, 38-га размеру, а другі — унучкі — 35-га. Яны ж па колеры і фасоне аднолькавыя. Але ў далёкай маладосці ў мяне быў куды большы “аблом”. Не ўключаючы святла ў пярэднім пакоі, абула боты і пайшла ў магазін. Па дарозе заўважыла, што некаторыя сустрэчныя пазіралі на мяне вельмі ўсмешліва. Вырашыла, што я, маладая ды прыгожая, выклікаю сімпатыі. А ступаючы на ганак магазіна, глянула на свае ногі, і чырвань сораму заліла твар — на мне былі боты рознага колеру”.

Ліфт

Ім трэба было трапіць з шостага паверха на першы. Навошта таптаць ногі, калі ёсць ліфт? Зайшлі ў кабінку, закрылі і працягнулі ажыўленую гаворку пра свае жаночыя справы (а гаварухі ўсе тры яшчэ якія!).

— І тут я адчуваю, што становіцца цяжка дыхаць, — узгадвае адна з сясцёр, — і хачу выйсці з кабінкі. Але аказваецца, што мы ўсё яшчэ на шостым паверсе.

Захапіўшыся гаворкай, ніводная не націснула кнопку ходу. Ліфт нікому не запатрабаваўся, і яны некалькі хвілін “мітынгавалі” ў замкнутай прасторы кабінкі. А кіслароду станавілася ўсё менш і менш…

Згубы

Найстарэйшая з сясцёр, Валянціна, вярнуўшыся з працэдур у нумар, спахапілася, што недзе “пасеяла” партманэт. А ў ім не толькі грошы, але і дакументы. Кінуліся шукаць — безвынікова. Тады малодшая, Людміла, узялася рэвізаваць Нэліну сумачку. Тая — у слёзы: “Ты што, мяне западозрыла?” “Дурніца! — раззлавалася Людміла. — Шукаю, бо Нэла магла пераблытаць сумачкі і пакласці партманэт не ў сваю, а ў тваю”. Адным словам, разнерваваліся ўсе. І дарэмна, бо не прайшло і паўгадзіны, як партманэт ім прынеслі ў нумар.

А перад самым ад’ездам згубі­ла залаты ланцужок Нэля. Добра, што на пару дзён затрымаліся ў знаёмых пастаўчан, а тыя здагадаліся пазваніць у “Прыазёрны”. Знойдзены ланцужок чакаў гаспадыню. З’ездзілі і забралі.

Ну дык як расіянам не цаніць гасціннасць і сумленнасць беларусаў?

Фаіна КАСАТКІНА.   

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.