Па бацькавых слядах

Личности

IMG_0018

Прыклады таго, калі дзеці выбіраюць прафесію бацькоў, — не рэдкасць. Многія прадстаўнікі малодшага пакалення сем’яў прыходзяць працаваць у тыя ж калектывы, дзе раней рупіліся старэйшыя. Нямала такіх міні-дынастый і ў Пастаўскім раённым ад­дзеле па надзвычайных сітуацыях. Гэта бацька і сын Дарашкевічы, Казароўцы, Гінько, Іршонкі, Пачкоўскія, Ясінскія. З аднымі з іх — Віктарам Францавічам і Аляксандрам Гінько — мне нядаўна давялося пазнаёміцца.

У пажарную часць у Паставах, як тады называўся РАНС, Віктар Францавіч прыйшоў у 1994 годзе, пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У той час якраз пачаўся працэс ваенізацыі пажарных часцей, і на работу ў іх на афіцэрскія пасады набіралі людзей з вышэйшай адукацыяй. Маладому, па-спартыўнаму падцягнутаму інжынеру-будаўніку прапанавалі перакваліфікавацца ў інспектара Дзяржаўнага пажарнага нагляду.

— На гэтай пасадзе я адпрацаваў каля 13 гадоў, — расказваў ветэран. — Разам з яшчэ трыма інспектарамі ездзіў па раёне, правяраў на сваім участку аб’екты: ФАПы, магазіны, школы, ад­дзяленні сувязі, фермы і інш. — на прадмет пажарнай бяспекі. Праводзіў растлумачальную работу з адказнымі за яе і з насельніцтвам. Калі здараўся пажар — а іх было шмат, за год у сярэднім 60-70, — выязджаў на месца, каб устанавіць прычыны ўзгарання. Вёў таксама справаздачнасць па пажарах.

Апошнія два гады да выхаду на пенсію В. Ф. Гінько працаваў начальнікам каравула ў Варапаеве. Там, акрамя праверак жылога сектара, займаўся непасрэдна тушэннем пажараў. На заслужаны адпачынак выйшаў у сакавіку 2009 года, але сувязі з калегамі і аддзелам не страціў. Тым больш што ў ім цяпер працуе сын Аляксандр. Яшчэ хлопчыкам ён часта бываў на рабоце ў бацькі, з вялікай цікавасцю разглядаў пажарныя машыны, касцюмы ратаўнікоў, слухаў іх гісторыі і марыў таксама ратаваць лю­дзей. Але ажыццявіць мару змог толькі пасля тэрміновай службы ў арміі — уладкаваўся майстрам-ратаўніком — камандзірам аддзялення ў Шаркаўшчынскі райаддзел па надзвычайных сітуацыях (у Паставах на той час вакансій не было). Праз 8 месяцаў паехаў на першапачатковую падрыхтоўку ў Віцебск, пасля якой у канцы снежня 2008 года перавёўся ў Пастаўскі раённы аддзел, дзе вызвалілася месца ратаўніка. А ў 2013-ым перайшоў на пасаду вадзіцеля пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1, бо вельмі падабаецца тэх­ніка — нездарма пасля школы атрымаў у прафтэхкаледжы прафесію вадзіцеля.

За гады работы ў РАНС Аляксандру Гінько неаднойчы даво­дзілася выязджаць на тушэнне пажараў, некалькі разоў ратаваў і чалавечыя жыцці. У прыватнасці, расказваў, як у шостым гарадку разам з калегамі вывеў з задымленага памяшкання мужчыну і вынес жанчыну, якая ўжо страціла прытомнасць. Не так даўно выратавалі двух чалавек на пажары па вуліцы Вакзальнай у райцэнтры.

— Нягледзячы на тое, што цяпер я вадзіцель, у выпадку неабходнасці адзяваю апарат на сціснутым паветры і іду ў агонь шукаць лю­дзей, — кажа мой суразмоўца.

Як калісьці Віктар Францавіч, старшына ўнутранай службы Аляксандр Гінько годна нясе службу. Яго адзначалі граматамі раённага аддзела і абласнога ўпраўлення МНС, грашовымі прэміямі міністэрства. Работа хлопцу падабаецца, і ён не супраць таго, каб маленькі сын, якому пакуль усяго паўтара года, таксама стаў ратаўніком.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.