Па лекі — з электронным рэцэптам

Общество

bul2-01

Пра новаўвядзенні ў сістэме аховы здароўя карэспандэнт “Пастаўскага краю” гутарыць з загадчыкам паліклінікі Пастаўскай ЦРБ Сяргеем Віктаравічам Дацэнкам.

— З 1 студзеня 2017 года ў паліклініцы пачала працаваць сістэма “Электронны рэцэпт”. Калі ласка, раскажыце, чым гэта выклікана.

— Стратэгія развіцця інфармацыйнага грамадства прадугледжвае, што к 2020 году доля медыцынскай дакументацыі, прадстаўленай у электронным выглядзе, і доля арганізацый аховы здароўя, падключаных да адзінай карпаратыўнай сеткі арганізацый аховы здароўя, павінны дасягнуць 100%. Для рэалізацыі гэтых задач зацверджана Дзяржаўная праграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016—2020 гады.

Уведзена новая камп’ютарная праграма, створана электронная база даных усіх жыхароў раёнаў, абласцей, краіны. Адным словам, час запатрабаваў перамен. Прыйшлі яны і да нас. Увага надавалася найперш тэхнічнаму боку электроннага рэцэпта — інфарматызацыі. Кожны кабі­нет урача аснасцілі новымі камп’ютарам і прынтарам. Затым навучылі персанал і ў снежні ў тэставым рэжыме адпрацоўвалі новаўвядзенне, а з 1 студзеня электронны рэцэпт працуе ў рэальным рэжыме.

— У чым сутнасць электроннага рэцэпта?

— Пачну з таго, што на прыём да ўрача, як правіла, ідуць людзі з рознымі захворваннямі, напрыклад з прастуднымі. У той жа час групе пацыентаў неабходна трапіць да доктара толькі для таго, каб абнавіць рэцэпт на таблеткі ад ціску, цукровага дыябету і г. д. Дык вось, апошнія, калі іх стан здароўя стабільны і няма патрэбы ісці ў паліклініку, па тэлефоне могуць папрасіць свайго ўрача прадоўжыць рэцэпт. Праз некалькі хвілін электронны рэцэпт — звычайны і льготны — будзе ў аптэцы, пра што пацыент, калі пажадае, даведаецца з паведамлення на яго мабільны тэлефон. У выпадку, калі чалавек вёў размову са стацыянарнага тэлефона, урач адразу яму паведаміць, праз колькі хвілін рэцэпт з’явіцца ў аптэцы.

Такім чынам, не заходзячы ў паліклініку, дзе патрэбна браць талон, чакаць у чарзе пад дзвярыма кабінета, пацыент накіроўваецца ў аптэку. Выгадна і ўрачам — яны змогуць больш часу ўдзяляць хворым людзям.

Калі ж няма магчымасці дамовіцца з урачом па тэлефоне, прыйдзецца ісці на прыём: урач выпіша рэцэпт — электронны або папяровы (па жаданні).

— Абавязковы элемент тэхналогіі электронных рэцэптаў — наяўнасць у пацыента пластыкавай карткі…

— Так. Яе можна набыць у 14 кабінеце паліклінікі ЦРБ, а таксама ў аптэцы. Выдаецца бясплатна, пры прад’яўленні пашпарта. У першую чаргу імкнёмся забяспечыць карткамі людзей, якія часта наведваюцца ў паліклініку. Калі ж чалавек па якой прычыне не захоча набываць такую картку, праблем не бу­дзе, бо штрых-код на рэцэпце ў аптэцы ў любым выпадку счытаецца і ў базе даных пацыента з’явіцца інфармацыя аб выпісаным прэпараце.

— Ці з’яўляецца пластыкавая картка дысконтнай?

— Так. Пластыкавая картка з’яўляецца накапляльнай. У залежнасці ад сумы накаплення на ёй на працягу 90 дзён прадастаўляецца працэнт скідкі. 

— Сяргей Віктаравіч, на цяперашні момант выпісваюцца і электронныя, і папяровыя рэцэпты?

— Так. Скажам, урач выехаў на выклік, а камп’ютара ў яго з сабой няма. Або пацыент адмовіўся ад электроннага рэцэпта. Імгненных перамен быць не можа, спатрэбіцца некаторы час. Плануем за паўгода ва ўсім разабрацца і з 1 ліпеня поўнасцю перайсці на электронныя рэцэпты. Наступны этап — электронная карта. Гэта азначае, што кніжак, якія захоўваюцца ў рэгістратуры, у цяперашнім іх выглядзе не будзе. Магчыма, уся інфармацыя пра стан здароўя чалавека, яго захворванні, лячэнне змесціцца ў маленькай картачцы накшталт чыпа. Час пакажа.

Калі што незразумела, паведамляйце, званіце мне па тэлефоне 4-19-24 або галоўнаму ўрачу на нумар 4-12-34, задавайце пытанні. Будзем тлумачыць.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.