“Папялушка” пабіла ўсе рэкорды


Галоўныя дзеючыя асобы прадстаўлення.
Галоўныя дзеючыя асобы прадстаўлення.

Пяты год запар  навагодняй казкай парадаваў гледачоў раённы Дом культуры. На гэты раз прадстаўленні “Папялушка” (на рускай мове “Золушка”), якія з аншлагам прайшлі 25 і 26 снежня, сабралі больш за тысячу дзяцей і дарослых. У першы дзень усім жадаючым нават не хапіла білетаў. “Папялушка” пабіла ўсе рэкорды як па колькасці занятых у спектаклі артыстаў, так і па колькасці гледачоў.

Казка нарадзілася даўным-даўно і на працягу многіх дзесяцігоддзяў з’яўляецца адной з самых любімых для хлопчыкаў і дзяўчынак, іх бацькоў, дзядуляў і бабуль. Менавіта яны і завіталі ў госці да жыхароў казачнага каралеўства (а гэта больш за паўтары сотні чалавек: галоўныя дзеючыя асобы, ­удзельнікі вакальных  ансамбляў, тан­цавальных і іншых творчых калектываў).

Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Алена Слядзеўская па-новаму прачытала казачную гісторыю, напоў­ніўшы яе сучаснымі рэалі­ямі жыцця, незвычайнымі нумарамі, сабраўшы таленавітых самадзейных выканаўцаў. Каля двух месяцаў спатрэбілася для таго, каб зрабіць маляў­нічыя дэкарацыі, пашыць прыгожыя касцюмы, пераўвасобіцца ў  вобразы герояў. А імі сталі прадстаўнікі самых розных прафесій і ўзростаў. Майстар лесу Камайскага лясніцтва Адзіл Валіеў вельмі ўдала выканаў ролю Караля. Прыгожай, паслухмянай і таленавітай выглядала галоўная гераіня — Папялушка — адзінаццацікласніца СШ №4 Лізавета Жук. Як заўсёды, захапілі сваёй ігрой мастацкі кіраўнік РДК Алена Слядзеўская, якая сыграла ролю Мачахі,  культработнік Таццяна Кухальская і настаўніца СШ №2 Вераніка Сіланава (ролі Дачок). Валерый Слядзеўскі паўстаў у ролі лесні­ка і бацькі Папялушкі. Упэўнена адчувалі сябе ў вобразах Прынца вучань 10 класа СШ №2 Мікіта Багачоў, Міністра бальных танцаў — настаўнік фі­зічнай культуры СШ №5 Аляксандр Бандарэнка, Феі — кіраўнік студыі РДК Вольга Балотнікава, Хлопчыка-чараўніка — вучань 5 класа СШ №1 Яўгеній Васілевіч. Двойчы на працягу казачнай дзеі пераўвасабляўся ў Герольда і Дзеда Мароза ваеннаслужачы Яўгеній Каралёў. Запомніліся гледачам і Снягурка (Анастасія Зубанава), Чараўнік (Аляксей Конанаў), лялькі Міньён і Рэпка (браты Яўгеній і Арцём Спрагоўскія). Прадстаўнічай, прыгожа і багата апранутай выглядала світа Караля, у якую ўваходзілі ўдзельнікі студыі літаратурнага чытання і тэатральнага калектыву РДК.

Традыцыйны сюжэт “Папялушкі” вельмі трапна дапаўнялі ансамбль  барабаншчыц Пастаўскай дзі­цячай школы мастацтваў, раённы маладзёжны ваенна-спартыўны клуб “Азімут”, узорныя студыі “Юніта” і “Каскад”, вакальныя і танцавальныя ансамблі і калектывы “Зорачкі”,  “Карамелькі”, “Ім­пульс”, “Экспромт” і іншыя выканаўцы.

Упрыгажэннем балю Папялушкі сталі лазернае шоу і шоу мыльных пузыроў з Мінска, іншыя спец­эфекты, якія ўнеслі ў навагодняе прадстаўленне непаўторнасць і хараство, выклікалі  захапленне і радасць.

— Калектыўная работа атрымалася прыгожай і творчай, пра што сведчаць шматлікія водгукі, — адзначыла дырэктар РДК Ала Чарнюк. — Было весела, цікава, сцэна сапраўды нагадвала казачнае каралеўства. Пастаўчане яшчэ раз даказалі, што любяць нашы казкі, такія сустрэчы. А калі бачыш шчаслівыя, радасныя твары дзяцей і дарослых, то разумееш, што нашы самадзейныя артысты, юныя спевакі і танцоры стараліся недарэмна.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.