Пастаўскай батлейцы — другое месца

Общество

pastawy_1

5 студзеня ў рамках XV фестывалю “Дні хрысціянскай культуры” ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Віцебска прайшоў дыяцэзіяльны конкурс калядных батлеек. У ім удзельнічалі 13 калектываў з Віцебска, Полацка, Наваполацка, Друі, Параф’янава, Ідолты, Лынтуп, Дуброўна і іншых парафій. Сваё выступленне прадставілі і мы, юныя парафіяне маладой пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага.

Тэма тэатральных пастановак — Божае Нараджэнне. У нашай сцэнцы на прыкладзе адной сям’і мы паказалі, як важна жыць інтарэсамі адно аднаго, кіравацца сапраўднымі каштоўнасцямі, якімі з’яўляюцца любоў, вера, увага. А Божае Нараджэнне — гэта час, каб у чарговы раз засяродзіцца на сваіх блізкіх, перажыць свята ў рэлігійным вымярэнні і зразумець, што Бог павінен займаць належнае месца ў жыцці кожнай сям’і. Распрацоўкай сцэнарыя займаліся Алёна Пятроўна Лукашэвіч, якая працуе катэхеткай у нашай парафіі, і арганістка Вольга Уладзіміраўна Касарэўская. Яна ж забяспечыла і музычнае суправаджэнне.

Па дарозе ў Віцебск здарылася непрадбачанае: з-за вялікага марозу ў аўтобусе замерзла паліва. Прыйшлося выклікаць новы транспарт. Пакуль яго чакалі, знайшлі прытулак у парафіі ў Празароках, дзе пробашчам служыць наш зямляк ксёндз Дзмітрый Ражко. Там мы сагрэліся не толькі гарачым чаем, але і хрысціянскай увагай.

Прыгоды ў дарозе не перашкодзілі нам добра выступіць. Стараліся ўсе. Галоўную ролю ўдала выканаў самы юны акцёр — васьмігадовы Альберт Лукашэвіч. Журы ў складзе арганісткі парафіі Святога Духа ў Віцебску Таццяны Дарафеевай, кіраўніка літаратурна-драматычнай часткі тэатра імя Якуба Коласа Алеся Замкоўскага і акцёра беларускага тэатра “Лялька” Алега Рыхтара высока ацаніла наша выступленне і прысудзіла нам і палачанам другое месца. Трэцяе раздзялілі парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Віцебску, Наваполацка і Параф’янава. На першым гаспадары — віцебская парафія Езуса Міласэрнага.

Узнагароды ўручыў біскуп Алег Буткевіч. Цукеркі атрымалі і дзеці, якія прысутнічалі ў якасці гледачоў. ­Удзячны нашаму ксяндзу-пробашчу Андрэю Бульчаку за тое, што заахвоціў да ўдзелу ў конкурсе і арганізаваў паездку.

Аляксандр ШАУРА,

удзельнік батлейкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.