Пазітыўная і адкрытая

Личности

131

Наша самая маладая ўдзельніца хору ветэранаў вайны і працы Таццяна Анатольеўна Сабецкая  8 сту­дзеня адзначыць свой юбілей.

Яна нарадзілася ў горадзе Ламаносаў Ленінградскай вобласці ў сям’і ваеннаслужачага. Часта пераязджалі з аднаго месца жыхарства на іншае. Дзяўчынка памяняла некалькі школ, але на паспяховасць гэта ніяк не паўплывала: усюды вучылася добра і сярэднюю школу скончыла толькі з дзвюма чацвёркамі. Адначасова атрымала і пасведчанне аб заканчэнні музычнай школы па класе скрыпкі. З дзяцінства расла вельмі актыўнай, рана праявіліся яе арганізатарскія здольнасці, усюды была ў лідарах: узначальвала піянерскі атрад, дружыну, камсамольскую арганізацыю. Мае шмат грамат і дыпломаў за ўдзел у дзіцячых і юнацкіх аглядах-конкурсах па вакале, выяўленчым мастацтве, вершаскладанні.

У 1980 годзе Таццяна паступіла ў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры на спецыяльнасць “Культработнік, арганізатар-метадыст культасветработы”. Ва ўніверсітэце таксама была камсоргам курса, удзельнічала ў шматлікіх аглядах-конкурсах. У 18 гадоў уступіла ў рады КПСС.

У 1985 годзе выйшла замуж за ваеннаслужачага і пераехала ў Азербайджан, дзе ў той час муж праходзіў ваенную службу. Пазней ён быў пераведзены ў Беларусь. Такім чынам сям’я аказалася ў Паставах. У нашым горадзе Таццяна Анатольеўна працавала спачатку інструктарам па рабоце з сем’ямі ваеннаслужачых у вайсковай часці, потым — машыністкай у судзе, кіраўніком гурткоў у СШ №3 і каледжы, аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якому пакінула ў падарунак з дзясятак карцін і некалькі сувеніраў. У апошні час займаецца рамесніцтвам: вышывае стужкамі на прафесійным узроўні, стварае лялькі, сувеніры, цацкі. Яе работы неаднаразова выстаўляліся ў Доме рамёстваў. Ідэі карцін з’яўляюцца ў галаве, а некаторыя чэрпае з інтэрнэта. Там жа ўбачыла лялькі, якімі і захапілася. Увогуле лічыць, што інтэрнэт — сродак самаразвіцця.

Таццяна Анатольеўна вельмі ганарыцца сваімі дзецьмі, гаворыць, што ніколі не мела з імі праблем. Старэйшыя дачка і сын маюць свае сем’і, скончылі па дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы, жывуць і працуюць у Мінску. Малодшы сын вучыцца ў выпускным класе СШ №3. Бабуліна радасць — дзве маленькія ўнучачкі.

З вялікай любоўю адносіцца да песні. Кажа, колькі сябе памятае, заўсёды спявала. І зараз, калі спявае, адчуваецца, што гэта прыносіць ёй задавальненне, а слухачам стварае  добры настрой. Песні ў выкананні жанчыны гучаць чароўна і кранальна.

Таццяна Анатольеўна дзякуе Богу і лёсу за тое, што да гэтага часу захавала ў душы светлыя пачуцці: наіўнасць, веру ў дабро, любоў — і кожны Новы год сустракае як цуд. Як бы ні выпрабоў­ваў яе злы рок, як бы ні  сціскала сэрца горыч страты родных і блізкіх, хлусня, абгаворы, зайздрасць, пабываўшы амаль на краі, ніколі не апускала рук, ішла толькі наперад.

Т. А. Сабецкая лёгка ўпісалася ў наш ветэранскі калектыў, знайшла агульную мову з кожным удзельнікам. Напэўна, таму, што яна — чалавек вельмі пазітыўны, прыстойны, адкрыты, з вялікай павагай ставіцца да іншых.

Ад імя ўсяго нашага калектыву віншую Таццяну Анатольеўну з юбілеем. Жадаю і надалей заставацца такой жа маладой і прыгожай, пазітыўнай і адкрытай, аптымісткай. А яшчэ моцнага здароўя ёй, яе родным і блізкім.

Т. КАЗАКЕВІЧ, старшыня

клуба ветэранаў “Памяць”.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.