Перамаглі равеснікаў, выканалі спартыўныя разрады

Спорт

IMG_0490

14 студзеня выхаванцы Пастаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Ірына Грынько і Уладзіслаў Фазылаў (трэнер — Інга Алегаўна Роліч) прынялі ўдзел у Кубку і першынстве Віцебскай вобласці па лёгкаатлетычных кіданнях, якія праходзілі ў Наваполацку, і паказалі найлепшы вынік у сваіх групах.

Яны выступалі ў катэгорыі “юнакі і дзяўчаты 2002-2003 гадоў нара­джэння” (усяго ўзроставых катэгорый было чатыры) і значна абышлі сваіх равеснікаў: абое кінулі дыск на дзесяць метраў далей, чым тыя, хто заняў другое месца. Вынік Іры — 28 метраў, Улада — 33.

— Іру я трэнірую другі год, таму для яе гэта ўжо не першыя спаборніцтвы, а вось Улад пачаў займацца зусім нядаўна і ўдзельнічаў у іх упершыню, — расказвала трэнер. — Выступаць давялося ў складаных умовах: быў моцны снегапад, снег даходзіў да шчыкалатак, мінусавая тэмпература. Мы, гледачы, не ведалі, куды дзявацца ад холаду, а спартсмены кідалі дыск без верхняй вопраткі. Ужо толькі гэта варта ўзнагароды.

Лёгкаатлеты, якія трэніруюцца ў Інгі Алегаўны, дэманструюць выдатную фізічную падрыхтоўку не ўпершыню. Пытаюся, у чым сакрэт поспеху.

— Важна ўсё: і прыродныя даныя падлетка, і фізічная падрыхтоўка, і яго жаданне займацца, — адказвае І. А. Роліч. — Я сама доўгі час кідала дыск і з’яўляюся кандыдатам у майстры спорту, таму вучыць менавіта гэтаму віду лёгкай атлетыкі мне падабаецца больш за ўсё. Тут самае галоўнае — добрая фізічная падрыхтоўка, моцны целасклад і высокі рост, астатняе — справа тэхнікі.

Трэніроўкі праводзяцца тры разы ў тыдзень. На іх рабяты не толькі займаюцца кіданнем дыска і штурханнем ядра, але і  выконваюць разнастайныя практыкаванні са штангай і гантэлямі. Астатнія трэніруюцца кожны па сваім профілі. І даволі паспяхова — двух чалавек са старэйшай спартыўнай групы з наступнага навучальнага года плануюць забраць у Віцебскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву.

Па выніках Кубка і першынства Віцебскай вобласці па лёгкаатлетычных кіданнях Ірына Грынько і Уладзіслаў Фазылаў узнагаро­джаны медалямі і дыпломамі ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. Акрамя гэтага, за выкананне спартыўнага разраду ў бліжэйшы час яны атрымаюць адпаведныя разрадныя кніжкі. Ірыне прысвоены першы юнацкі разрад, Уладзіславу — трэці. 28-29 студзеня ў скла­дзе пастаўскай каманды, у якую ўвойдуць восем чалавек, яны прымуць удзел у першынстве Віцебскай вобласці па лёгкай атлетыцы. Пажадаем поспехаў.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.