Пераможца — у кожнай групе


IMG_7556
Аператар машыннага даення СП “Дунілавічы-агра” Валянціна Ждановіч.

У лістападзе 2016 года прэзідыум райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу зацвердзіў умовы спаборніцтва за дасягненне найвышэйшай прадукцыйнасці жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд. Такая форма заахвочвання лепшых жывёлаводаў з’яўляецца адным з мерапрыемстваў, якія ажыццяўляюцца ў ходзе рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”.

— Каб зацікавіць найбольшую колькасць работнікаў ферм, за аснову ўзялі наяўны ўзровень вытворчасці малочнай прадукцыі, — адзначыў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрама Сяргей Герасіменка. —  З улікам гэтага  сельгаспрадпрыемствы размеркавалі па чатырох групах. Калі раней у лік лепшых маглі трапіць у асноўным  прадстаўнікі найбольш моцных гаспадарак, то цяпер ацэньваецца  праца і іншых жывёлаводаў.  Так, па выніках работы за кастрычнік-снежань мінулага года  прафкамітэтамі ўсіх гаспадарак было вылучана 14 аператараў, якія атрымалі самы высокі надой малака ад каровы. Сярод іх і вызначылі пераможцаў.

Імі сталі: у першай групе гаспадарак — Іліта Абуховіч  (ААТ “Хацілы-агра”, 1273 кг), у другой — Валянціна Цвяткова (ААТ “Янавіца-агра”, 978 кг), у трэцяй — Валянціна Ждановіч (СП “Дунілаві­чы-агра”, 836 кг), у чацвёртай   — Тэрэса Дуброўская (ААТ “Парыж-агра”, 538 кг). Названыя аператары машыннага даення ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў агра­прамысловага комплексу.

Добрае прыбаўленне надояў малака за першыя тры месяцы стойлавага ўтрымання маюць таксама Наталля Ткачова (ААТ “Навасёлкі-Лучай”), Алена Лялека (“Кураполле-агра”), Вольга Феакцістава (“Камайскі-агра), Любоў Балабушка (“Сцяг Перамогі-агра”), Наталля Раловіч (“Пастаўскі райаграсэрвіс”), Святлана Гудкова (“Рассвет Пастаўскі”), Таццяна Нейфельд (“Ярэва-агра”), Валянціна Місун (“Вярэнькі-агра”), Люцыя Шушкевіч (“Блакітныя азёры-агра”), Людміла Жыцкіх (“Андроны”).

У далейшым лепшыя жывёлаводы будуць вызначаны па выні­ках работы за студзень-люты і сакавік-красавік.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.