Пераможная гульня Сямёнава

Спорт

2134

На працягу трох апошніх гадоў асноўная барацьба за лідарства на першынстве раёна па класічных шахматах вялася паміж Дзмітрыем Стахоўскім (індывідуальны прадпрымальнік) і Аляксандрам Сямёнавым (ЦРБ). 2016-ы не стаў выключэннем. Але раней маладыя шахматысты гулялі сінхронна — атрымлівалі перамогі. На гэты раз Д. Стахоўскі двойчы згуляў унічыю з найвопытнейшым ветэранам Віктарам Шастаковым (ФК “Атлант”) і аўтарам гэтых радкоў, чым і паставіў сваё папярэдняе чэмпіёнства пад сумненне. Пасля гэтага ў цэнтры ўвагі была партыя лідараў паміж сабой у сёмым туры. Д. Стахоўскі гуляў белымі, і вельмі асцярожна, і ўсё ж у па­зіцыйнай канцоўцы страціў пешку. Гэта і трэба было А. Сямёнаву, які свой шанс не ўпусціў і стаў чэмпіёнам раёна, атрымаўшы ў васьмі партыях турніру восем перамог. Тым самым Аляксандр Сямёнаў выканаў і першы кандыдацкі бал.

Трэці прызёр вызначыўся ў апошняй партыі чэмпіянату. Ю. Катовічу (Андронаўская ЯСБШ) трэба было перамагчы У. Плешака (Глыбоцкая міжраённая інспекцыя працы), які сёлетні сезон праваліў і даўно страціў шансы застацца ў вышэйшай лізе. Таму многія палічылі партыю сяброў-сапернікаў фармальнасцю. Але ўсё было сумленна. Напружаны трохга­дзінны паядынак скончыўся пасля пазіцыйнага праліку аўтара гэтых радкоў. Такім чынам, бронзавым прызёрам першынства раёна стаў В. Шастакоў. А з вышэйшай лігай, акрамя У. Плешака, развітваюцца В. Лекарэвіч (ЗАТ “Спорт-пары”) і А. Мурзо (ПМЦ).

Непрадказальнымі і змястоўнымі атрымаліся паядынкі ў першай лізе. Тут інтрыга жыла да апошніх партый, бо і склад ­удзельнікаў быў роўным па сілах. У папярэднім чэмпіянаце вялікі рэзананс мела развітанне з вышэйшым дывізіёнам першаразрадніка С. Дзешука (УП ЖКГ). Многія шчыра спагадалі Сцяпану Іванавічу. Работа над памылкамі была зроблена хутка. Сведчаннем гэтага сталі пераканаўчая гульня ў першай лізе і вынік: 12,5 з 14 магчымых ачкоў.

На працягу чэмпіянату была сапраўдная сеча. Папераменна другі і трэці радок у турнірнай табліцы займалі А. Паўлаў (Віцебская абласная падатковая інспекцыя), Я. Ліпская (СШ №1), Д. Крупадзёраў (ААТ “Паставымэбля”), І. Бабчынскі (СШ №4), У. Краўчанка (ваенны пенсіянер), ветэран-педагог з Ляхаўшчыны В. Сямашка. Усё вырашылі вынікі адкладзеных партый. Дагульванне праходзіла даволі нервова, што і зразумела: ніхто не хацеў саступаць. Другое месца заняў Д. Крупа­дзёраў (11 ачкоў). На ачко менш набралі У. Краўчанка і В. Сямашка. Дарэчы, першаму нядаўна споўнілася 72 гады, а яго апанент старэйшы за сябра на шэсць гадоў. Каб вызначыць, хто з іх атрымае трэцюю пуцёўку ў вышэйшую лігу, давялося падлічваць дадатковыя паказчыкі. Па іх высветлілася, што пасля даволі працяглага перапынку ў наступным сезоне ў вышэйшай лізе будзе выступаць Уладзімір Краўчанка.

Ю. КАТОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.