“Рады, што служу ў РАНС”

Личности

IMG_0025

Намеснік начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік унутранай службы Ігар Іосіфавіч Януковіч — адзін з самых вопытных намеснікаў кіраўнікоў органаў па надзвычайных сітуацыях Віцебшчыны. Гэту пасаду ён займае ўжо 14 гадоў і заслужыў аўтарытэт у калег. За кампетэнтнасць, адкрытасць, гатоўнасць выслухаць і дапамагчы, іншыя лепшыя чалавечыя якасці яго паважаюць і цэняць не толькі ў сваім калектыве, але і ў вобласці.

У Пастаўскім РАНС Ігар Іосіфавіч працуе з 1998 года. Як прызнаўся сам, калі пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта ўладкаваўся ў аддзел, каб на месцы прайсці тэрміновую службу, не думаў, што так доўга ў ім затрымаецца.

— Калектыў тады ўзначальваў Уладзімір Іванавіч Дарашкевіч — вопытны кіраўнік, які ўмеў з’яднаць падначаленых. Папрацаваўшы некаторы час, я зразумеў, што нікуды адсюль не пайду. Спадабалася, што ў аддзеле служаць надзейныя, добрыя людзі, — успамінае І. І. Януковіч.

Сваю кар’еру пачынаў майстрам-ратаўніком аддзялення дэзактывацыі, дэгазацыі і пажаратушэння спецыяльнай аварыйна-выратавальнай часці. Затым быў інжынерам хімічнай і радыяцыйнай разведкі. Некаторы час папрацаваў нават бухгалтарам цэнтралізаванай бухгалтэрыі пры Віцебскім абласным упраўленні МНС, паколькі закончыў ВНУ па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне прадпрыемствам”. Але неўзабаве вярнуўся ў Паставы. У 2002 годзе назначылі на пасаду намесніка начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні.

Кола цяперашніх абавязкаў Ігара Іосі­фавіча вельмі шырокае. Гэта камплектаванне ўсіх пасад аддзела, падбор кандыдатаў не толькі на службу, але і на паступленне ва Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, правядзенне індывідуальнай выхаваўчай работы з асабовым складам. Таксама І. І. Януковіч актыўна займаецца прафілактыкай пажараў, удзяляе вялікую ўвагу патрыятычнаму выхаванню моладзі, арганізуе і накіроўвае работу грамадскіх фарміраванняў аддзела, прапагандуе развіццё спорту. Яго непасрэдная заслуга ў тым, што на працягу апошніх гадоў пастаўскія ратаўнікі заваёўваюць прызавыя месцы на абласных і раённых спаборніцтвах па пажарна-выратавальным спорце, валейболе і міні-футболе.

— Усяму, чым займаюся цяпер, я вучыўся ва Уладзіміра Іванавіча Дарашкевіча і яго намесніка па кадрах і выхаваўчай рабоце Віктара Арсеньевіча Міхайлоўскага, — працягваў І. І. Януковіч. — Яны многае мне падказалі. А галоўнае — асабістым прыкладам паказалі, што трэба рабіць, каб была здаровая маральна-псіхалагічная абстаноўка ў калектыве, а сам ён здольны выканаць любыя пастаўленыя задачы. У нашым калектыве няма выпадковых людзей, у кожным можна быць упэўненым.

Агульнавядома, што служба ў ратаўнікоў кругласутачная. Датычыць гэта і кіраўніцтва аддзела. Па словах Ігара Іосіфавіча, нават калі не заступае на дзяжурства па гарнізоне, ён усё роўна знаходзіцца на сувязі. І калі нешта здараецца, незалежна ад таго, ноч за акном або дзень, у водпуску ці проста на выхадным, — па­вінен неадкладна прыняць меры, каб папярэдзіць надзвычайную сітуацыю. Нярэдка начальнік і яго намеснікі разам з дзяжурнай зменай выязджаюць на ліквідацыю пажараў, іншыя здарэнні.

Пры ўсіх цяжкасцях і асаблівасцях прафесіі Ігар Іосіфавіч прызнаецца: вельмі рады, што лёс склаўся менавіта так. І калі б прыйшлося зноў выбіраць, кім быць, абавязкова стаў бы ратаўніком.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.