Рэлакс па-пастаўску


img_8999

Напрыканцы мінулага года наш горад з рэкламным турам наведалі прадстаўнікі філіялаў кампаніі “Белтурыст”, якія працуюць у Барана­вічах, Оршы, Брэсце, Віцебску і іншых гарадах Беларусі.

Спачатку адбылася сустрэча ў райвыканкаме з кіраўніцтвам раёна, дзе за кубачкам гарбаты была магчымасць бліжэй пазнаёміцца паміж сабой, пачуць кароткую інфармацыю пра Пастаўшчыну, яе мінулае і сучаснае, славутых людзей, адметныя па­дзеі і масавыя мерапрыемствы, якія тут ладзяцца. Затым прайшла аглядавая экскурсія па горадзе. Госці былі ўражаны тым, што на цэнтральнай плошчы захаваліся дамы рамеснікаў ХVIII ст, любаваліся веліччу храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца, касцёла Святога Антонія Падуанскага і іх унутраным аздабленнем. Шмат цікавага ўбачылі на экспазіцыях і пачулі пра старажытнае мінулае Пастаў у філіяле раённага краязнаўчага музея, які размешчаны ў палацы Тызенгаўзаў. Экскурсію там правёў навуковы супрацоўнік музея Вадзім Шышко.

У “Старым млыне” госці азнаёміліся з рэдкімі рамёствамі, якія змаглі адрадзіць і захаваць пастаўскія майстры. Пра іх работу і эксклюзіўныя рамёствы і вырабы, экспанаты выставачных залаў расказала дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух, а таксама падарыла кожнаму наведвальніку сімвалічны сувенір.

А як жа, пабываўшы ў “Старым млыне”, не пазнаёміцца з народным клубам нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя”?! Музыкай і вясёлай песняй-прывітаннем фальклорная група сустрэла гасцей. Іх запрасілі пачаставацца дамашняй выпечкай, пагрэцца духмяным чаем на зёлках. А потым гулялі ў розныя гульні, адгадвалі загадкі. І калі б не прыспешваў час, затрымацца тут можна было б надоўга. Прадстаўнікі турфірм літаральна засыпалі пытаннямі, цікавіла іх тут многае.

img_8660

Наступным пунктам экскурсіі стаў спартыўна-турыстычны комплекс “Азёркі”. Навагодняя анімацыйная праграма “Карагод казак пастаўскага Паазер’я” развесяліла гасцей. Яны актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх гульнях, вадзілі карагоды вакол ёлкі, смакавалі чай, а затым падсілкаваліся ў карчме.

— Уражанняў безліч, пазітыўныя эмоцыі перапаўняюць, — гаварылі госці. — Горад утульны. Тут багатая і ўнікальная гісторыка-культурная спадчына, шмат помнікаў архітэктуры, прыгожых мясцін. Праграма экскурсіі цікавая. Гэта быў час рэлаксу, мы атрымалі асалоду ад народнай этнічнай культуры, беларускай песні, вырабаў майстроў, высокага ўзроўню арганізацыі мерапрыемства. Турыст апошнім часам стаў патрабавальны. Ён хоча не толькі наведаць славутыя мясціны, але і паўдзельнічаць у забаўляльных праграмах. На Пастаўшчыне шмат цікавых народных традыцый, адпачынак — на любы густ, актыўна выкарыстоўваецца мясцовы турыстычны патэнцыял. Дзякуй за адкрытасць, шчырасць, гасціннасць, смачныя нацыянальныя стравы. Паставы — цікавы куточак Беларусі, адметны ў гісторыка-культурным плане, у вас добра развіта сфера паслуг.

Падчас рэкламнага тура завязаліся як сяброўскія, так і дзелавыя сувязі, тураператары выказалі жаданне прывозіць у Паставы экскурсійныя групы.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.