Самая пара праявіць сябе

Местная власть

 

Пераможца раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Шлях да поспеху” Аляксандр Сварцэвіч (у цэнтры) і прызёры конкурсу Ірына Гутар (другое месца) і Сяргей Піліпёнак (трэцяе месца).
Пераможца раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Шлях да поспеху” Аляксандр Сварцэвіч (у цэнтры) і прызёры конкурсу Ірына Гутар (другое месца) і Сяргей Піліпёнак (трэцяе месца).

На Пастаўшчыне (па стане на 1 верасня 2016 года) пражываюць 6742 жыхары ва ўзросце ад 14 да 31 года, што складае 18% ад агульнай колькасці насельніцтва. З іх 4944 чалавекі ў горадзе і 1798 —  у сельскай мясцовасці. 1268 маладых людзей з’яўляюцца навучэнцамі школ, гімназіі і дзяржаўнага каледжа, 5474 працуюць у народнагаспадарчым комплексе раёна. Найбольшая колькасць моладзі  занята ў сельскагаспадарчай вытворчасці, cістэме спажывецкай кааперацыі,  адукацыі,  медыцыне, лясной і камунальнай гаспадарках.

Такая статыстыка была прыведзена на традыцыйнай сустрэчы маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна, якая адбылася напярэдадні старога Новага года. Адкрываючы яе, другі сакратар райкама ГА “БРСМ” Вераніка Казлоўская падкрэсліла, што на Пастаўшчыне створаны спрыяльныя ўмовы для таго, каб кожны малады чалавек у поўнай меры змог рэалізаваць свой інтэлектуальны і прафесійны патэнцыял, актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці раёна. Сёння ў вытворчай і сацыяльнай сферах працуе шмат адукаваных, энергічных, таленавітых людзей. Пры падтрымцы кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, мясцовых органаў дзяржаўнай улады яны здольны праявіць сябе, дабіцца сур’ёзных поспехаў, кар’ернага росту.

Далейшая размова на сустрэчы ў райвыканкаме пацвердзіла, што да пачынанняў і ініцыятывы маладых з разуменнем адносяцца ва ўладных структурах, грамадскіх арганізацыях. Пра гэта, прывітаўшы прысутных у зале, гаварыў і намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Ён спыніўся на галоўных кірунках рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на Пастаўшчыне, высока ацаніў уклад маладых у ажыццяўленне планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, іх удзел у шматлікіх мерапрыемствах. Красамоўным з’яўляецца і той факт, што 24 маладыя спецыялісты розных галін, якія праяўляюць лепшыя дзелавыя якасці, унесены ў раённы перспектыўны кадравы рэзерв і будуць вылучаны на кіраўніцкія пасады.

Пра тое, чым жыве моладзь Пастаўшчыны, больш падрабязна расказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Падгайская. Усімі суб’­ектамі, якія займаюцца пытаннямі рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, штогод праводзіцца больш за 50 розных раённых мерапрыемстваў. У іх ліку грамадска значныя акцыі, прымеркаваныя да свята Перамогі, Дня Незалежнасці, розных памятных дат і падзей.

Значнае месца займае работа па прафарыентацыі выпускнікоў школ і замацаванні маладых спецыялістаў. А іх з вышэйшай, сярэдняй і прафесіянальна-тэхнічнай адукацыяй штогод прыбывае ў раён больш за 150. У кожным калектыве ёсць комплекс мер, накіраваных на аказанне падтрымкі маладым спецыялістам. Шэраг ільгот і дадатковых выплат прадугледжаны ў калектыўных дагаворах УП ЖКГ, лясгаса, райспажыўтаварыства, цэнтральнай раённай бальніцы, ААТ “Камайскі агра”, “Навасёлкі-Лучай”, “Кураполле-агра”. На жаль, многія, адпрацаваўшы належны па размеркаванні тэрмін, развітваюцца са сваім першым рабочым месцам. Асабліва гэта характэрна для сельскай гаспадаркі, прамысловасці і будаўніцтва. Прычыны розныя.

Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў уручае дыплом і каштоўны падарунак канкурсанту Дзмітрыю Жуку.
Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў уручае дыплом і каштоўны падарунак канкурсанту Дзмітрыю Жуку.

У той жа час радуе, што нямала маладых людзей выбіраюць Пастаўшчыну месцам пастаяннага пражывання і тут дабіваюцца поспехаў, прызнання. Гэтаму садзейнічаюць і конкурсы прафесійнага майстэрства, спаборніцтва маладых механізатараў і вадзіцеляў, арганізаванае падчас сяўбы, нарыхтоўкі кармоў і ўборкі ўраджаю.

Прыкладам дружнай, творчай і актыўнай сям’і з’яўляюцца ўдзельнікі конкурсу “Майстры вёскі” не толькі з нашага, але і Рэзекненскага краю Латвіі. Усё большую папулярнасць набывае спартыўнае мерапрыемства “Я ў армію пайшоў бы, няхай мяне навучаць”. Маладыя пастаўчане ў складзе добраахвотных дружын ­удзельнічаюць у ахове грамадскага парадку.

— У адным са сваіх выступленняў Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сказаў, што адказнасць, самастойнасць, ініцыятыва павінны стаць галоўнымі рысамі пакалення сённяшняй моладзі, — адзначыла Святлана Падгайская. — Зыходзячы з гэтага, у раёне будзе працягвацца работа па ўсіх кірунках дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі: прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы правапарушэнняў, падтрымцы маладых сем’яў, садзейнічанні ў рэалізацыі маладымі права на працу і г. д.

У вырашэнні гэтых задач самы непасрэдны ўдзел прымае раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспублі­канскі саюз моладзі”, у 82 пярвічных арганізацыях якой налічваецца больш за 1070 юнакоў і дзяўчат. Першы сакратар РК БРСМ Іна Каралёва расказала пра патрыятычнае выхаванне членаў саюза, іх ­удзел у грамадска-палітычным жыцці, валанцёрскім руху, турызме і іншыя захапленні маладых.

Карысную інфармацыю прысутным паведаміла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая. Яна, у прыватнасці, нагадала пра сацыяльныя правы і гарантыі, прадугледжаныя ў калектыўных дагаворах для маладых, магчымасць атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю па цікавячых пытаннях, заклікала актыўней удзельнічаць у аздараўленні, культурных акцыях, якія праводзяцца пад эгідай прафсаюзаў.

Вядучы спецыяліст цэнтра банкаўскіх паслуг №230 філіяла №216 ААТ “ААБ Беларусбанк” Наталля Гарына і галоўны спецыяліст па крэдытаванні фізічных асоб аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Паставы Ганна Смірнова расказалі пра ўмовы прадастаўлення льготных крэдытаў для набыцця хатняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці. Галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Андрэй Клімюк азнаёміў з перавагамі, якімі могуць скарыстацца маладыя спецыялісты пры вырашэнні жыллёвых пытанняў.

Павел Нагановіч, Вольга Масцяніца, Уладзімір Кароль, Кацярына Кухальская і Святлана Савіцкая.
Павел Нагановіч, Вольга Масцяніца, Уладзімір Кароль, Кацярына Кухальская і Святлана Савіцкая.

У раёне стала добрай традыцыяй праводзіць конкурсы прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў і маладых работнікаў “Шлях да поспеху”. Яны збіраюць прадстаўнікоў розных галін і сфер дзейнасці. Не стаў выключэннем і мінулы год. На працягу яго канкурсанты прайшлі чатыры этапы, падчас якіх дэманстравалі свае творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, расказвалі аб дасягненнях і планах на будучае, паказвалі ўменне прымаць упраўленчыя рашэнні. На сустрэчы адбыліся падвя­дзенне вынікаў прафесійнага выпрабавання і ўзнагароджванне яго ўдзель­нікаў. Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў уручыў дыпломы і каштоўныя падарункі ад­дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама бухгалтару ААТ “Камайскі-агра” Алене Зубовіч, інжынеру па лесааднаўленні і меліярацыі лясгаса Алене Мінчанковай, інспектару дарожна-патрульнай службы Дзяржаўтаінспекцыі РАУС Дзмітрыю Жуку, арганізатару масавых мерапрыемстваў Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Таццяне Карпавай. А галоўныя прызы атрымалі: пераможца конкурсу — урач-інфекцыяніст, загадчык інфекцыйнага ад­дзялення цэнтральнай райбальніцы Аляксандр Сварцэвіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Пастаўскай гімназіі Ірына Гутар і механік транспартнага ўчастка УП ЖКГ Сяргей Піліпёнак, якія занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.

Сваіх канкурсантаў павіншавалі і ўручылі ім каштоўныя падарункі дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Ксенія Грэська, намеснік дырэктара УП ЖКГ па ідэалагічнай рабоце Міхаіл Кабайла і намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай райбальніцы Алег Дарафееў.

2016 год быў насычаны многімі яркімі падзеямі. Падводзячы яго вынікі, арганізатары сустрэчы паклапаціліся і пра тое, каб адзначыць самых актыўных маладых работнікаў, якія дабіліся значных поспехаў у працы, праявілі ініцыятыву ў грамадскіх справах. Гэта актывіст маладзёжнай арганізацыі Уладзімір Кароль, педагог-арганізатар СШ №1 Святлана Са­віцкая, камбайнер ААТ “Навасёлкі-Лучай” Віктар Рогаў, урач-тэрапеўт цэнтральнай райбальніцы Вольга Масцяніца, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце пагранічнай заставы “Лынтупы” Павел Нагановіч, правізар цэнтральнай аптэкі №87 Кацярына Кухальская. Памятныя падарункі ім уручыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская.

Самай прадстаўнічай на сустрэчы была дэлегацыя моладзі адкрытага акцыянернага таварыства “Навасёлкі-Лучай”.
Самай прадстаўнічай на сустрэчы была дэлегацыя моладзі адкрытага акцыянернага таварыства “Навасёлкі-Лучай”.

На сустрэчы разам з маладымі спецыялістамі і тымі, хто ўжо вызначыўся ў працоўных калектывах, грамадскім жыцці, прысутнічалі школьнікі — прадстаўнікі Маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў. За два гады свайго існавання гэта грамадскае аб’яднанне даказала сваю жыццядзейнасць, а шэраг рабят — самых актыўных і мэтанакі­раваных — сталі яго лідарамі. Маладых парламентарыяў і ўсіх удзельнікаў сустрэчы вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Арэхаў. Ён уручыў памятныя падарункі маладым памочнікам Кацярыне Мацюшонак, Лізавеце Жук, Андрэю Гутару, Маргарыце Ластоўскай, Маргарыце Ермаловіч, Івану Шыману і Луізе Дунец і пажадаў усім творчасці, ініцыятывы, здзяйснення планаў і мар. Галоўнае — не спыняцца на дасягнутым, настойліва ісці наперад — і тады ўсё атрымаецца.

Завяршылася сустрэча вечарам адпачынку на спартыўна-турыстычным комплексе “Азёркі”.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.