Служба даверу, міласэрнасці, дабра

Общество

П. Л. Курто (у цэнтры) са спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. С. Мушчыцкай, І. В. Дзядзюля, Т. А. Варабей, Т. У. Багушэвіч, І. І. Корсак, Л. С. Рымша, Ж. В. Цуканавай, Л. М. Бяленка, А. У. Захарыч, К. П. Дрозд, В. У. Родзь, С. А. Цыян, А. І. Северыной, С. А. Северыным і Г. Ф. Дзеравянка.
П. Л. Курто (у цэнтры) са спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. С. Мушчыцкай, І. В. Дзядзюля, Т. А. Варабей, Т. У. Багушэвіч, І. І. Корсак, Л. С. Рымша, Ж. В. Цуканавай, Л. М. Бяленка, А. У. Захарыч, К. П. Дрозд, В. У. Родзь, С. А. Цыян, А. І. Северыной, С. А. Северыным і Г. Ф. Дзеравянка.

Працаўладкаванне, назначэнне і выплата пенсій і дапамог, абслугоўванне адзінокіх састарэлых і інвалідаў  — вось толькі некаторыя з пытанняў, якія прыходзіцца штодня вырашаць работнікам сацыяльнай абароны.

Наша галоўная задача — каб не застаўся без увагі ні адзін чалавек, — гаварыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама П. Л. Курто. —  У гэтым напрамку зладжана і эфектыўна працуюць спецыялісты як нашага ўпраўлення, так і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Дуніла­віцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Дзень работнікаў сацыяльнай абароны ў раёне адзначаюць больш за 260 чалавек. У іх абавязкі ўваходзіць дапамагаць ін­шым фізічна, падтрымліваць маральна. Сацыяльная работа — не толькі закупка прадуктаў харчавання, медыкаментаў, прыбіранне ў хаце, але і аказанне псіхалагічнай дапамогі. Міласэрнасць для тых, хто працуе ў нашай сферы, з’яўляецца нормай жыцця. Калі чалавек трапляе ў складаную сітуацыю (хвароба, страта карміцеля, вялікія матэрыяльныя цяжкасці), ён звяртаецца да нас. І мы аказваем кваліфікаваную дапамогу. Работнікі сацыяльнай абароны — прадстаўнікі адной з самых высакародных прафесій, бо нясуць людзям дабро, працягваюць руку дапамогі кожнаму, хто мае ў ёй патрэбу.

— Пётр Леанідавіч, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама — гэта шырока разгалінаваная сетка аддзелаў, устаноў.

— Так. І з года ў год сфера дзейнасці пашыраецца, якасць паслуг паляпшаецца. Прыярытэтны кірунак — пенсійнае забеспячэнне. У раёне 11743 атрымальнікі пен­сій і дапамог. За год на гэта выдаткавана 37,2 мільярда рублёў. Сярэдні памер пенсіі — 283,5 рубля. Выплачваюцца яны своечасова. А яшчэ мы каардынуем рэалізацыю многіх дзяржаўных праграм: па праблемах пажылых і адзі­нокіх людзей, інваліднасці, занятасці насель­ніцтва, безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ахове працы. Органы сацыяльнай абароны апякаюць чалавека ад яго нараджэння да апошняга дня жыцця.

— Але найскладанейшы перыяд — старасць, часта адзінокая, бездапаможная.

— Сацыяльная палітыка дзяржавы накіравана на тое, каб старасць у нашых грамадзян была забяспечанай. Для гэтага ў раёне створаны і дынамічна дзейнічае тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Найбольш запатрабаваная форма абслугоўвання — аказанне паслуг на даму. Ёй ахоплена больш за 900 чалавек. Карыстаецца папулярнасцю аддзяленне тэрміновага абслугоўвання. У яго ўваходзяць тры гаспадарчыя брыгады. Яны забяспечаны бензапіламі, гужавым транспартам, мотаблокамі, мотакосамі, міні-трактарам, аўтамабілем “ГАЗ-2705”. Аказваецца больш за 250 відаў разавых паслуг.

— А калі хто не мае сіл пражываць самастойна?

— У раёне функцыянуюць аддзяленні кругласутачнага знаходжання ТЦСАН у Паставах (20 месцаў) і Лынтупах (30). Тут створаны ўсе неабходныя для пражывання ўмовы. Работнікі аддзяленняў імк­нуцца разнастаіць жыццё насельнікаў: для іх арганізаваны клубы па рукадзеллі, дзейнічаюць сацыяльная бібліятэка, музей пад адкрытым небам. З мэтай умацавання здароўя працуе фітабар, праводзяцца сеансы арома- і магнітатэрапіі, выкарыстоўваюцца ролікавыя масажоры, трэнажоры і іншыя сродкі, якія спрыяюць падаўжэнню жыцця.

У раёне нямала робіцца і для таго, каб заняць людзей, якія атрымалі права на заслужаны адпачынак, але не хочуць замыкацца ў сценах свайго дома. Для гэтага ў райцэнтры і Лынтупах адкрыты аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Іх дзейнасць накіравана на падтрыманне актыўнага ладу жыцця пажылых. Арганізаваны клуб “Сцежка здароўя”, вакальна-харавая студыя аб’ядноўвае аматараў песні, музыкі, паэзіі, рэалізуецца праект “Шлях да сэрца юбіляра”. Культурных мерапрыемстваў праводзіцца шмат. Пажылыя з задавальненнем прымаюць у іх удзел.

— Адна з задач грамадства — сацыяльная падтрымка інвалідаў, рэалізацыя іх права на дастойнае жыццё, працу, адпачынак.

— У Паставах працуе аддзяленне сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН. Яго наведваюць амаль 40 чалавек. Больш за 20 дзяцей прыходзяць з няпоўных, нядобранадзейных, апякунскіх і прыёмных сем’яў. Знаходзіцца занятак і для 20 інвалідаў пажылога ўзросту. Усе цікава і з карысцю праводзяць час. Спецыялісты аддзялення распрацавалі і ўкараняюць у работу пакрокавыя праграмы індывідуальнай рэабі­літацыі, вядуць картачкі асабістага росту. У аддзяленні можна асвоіць камп’­ютар, для развіцця працоўных навыкаў адкрыты швейная і сувенірная майстэрні, ёсць гурток па кветкаводстве — усяго дзейнічае 10 гурткоў і 10 клубаў, раз у квартал ладзяцца экскурсіі ў гарады Беларусі.

Больш за 200 чалавек пражываюць у Дунілавіцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Ім там утульна і камфортна.

— Пётр Леанідавіч, выкананне кожнага пункта любой праграмы — заслуга спецыялістаў.

— Несумненна. У нас падабраны не проста прафесійныя кадры, а людзі, сэрцы якіх напоўнены дабрынёй, цярпеннем, тактоўнасцю, уменнем спагадаць, падтрымліваць. Нярэдка сацыяльны работнік аказваецца адзіным родным чалавекам, праменьчыкам святла ў жыцці адзі­нокіх. Можна назваць сотню прозвішчаў тых, хто адданы абранай справе. Удзяч­ны ўсім за добрасумленнае выкананне абавязкаў, надзейнасць, імк­ненне рабіць усё для таго, каб людзі, якіх абслугоўвае наша ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, адчувалі сябе сапраўды абароненымі.

Вельмі важна падтрымка з боку камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, асабіста яго старшыні Аляксандра Мікалаевіча Хрыстафорава, раённага выканаўчага камітэта ў асобах  Віктара Сяргеевіча Гутарава, яго намесніка Юрыя Мікалаевіча Кісялёва, начальніка фінансавага ад­дзела райвыканкама Люд­мілы Мар’янаўны Шэцка.

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.