Спрэчкі лідараў лігі

Спорт

Двайны блок пастаўчан спыніў чарговую атаку саперніка.
Двайны блок пастаўчан спыніў чарговую атаку саперніка.

“Атлант” (Паставы) – “РДВАР-1” (Мінск) – 1:3, 1:3

1 дзень. 1:3 (19:25; 19:25; 25:20; 21:25).

2 дзень.  1:3 (16:25; 25:23; 25:27; 21:25).

Наша каманда добра ведала, якія няпростыя выпрабаванні яе чакалі ў гэтых матчах. Пастаўчане хоць і прыбавілі ў гульні ў параў­нанні з пачаткам сезона, але гэтага аказалася недастаткова, каб адолець грознага саперніка — базавы клуб юніёрскай зборнай Беларусі (U-19). Вопытны спецыяліст, заслужаны трэнер Беларусі С. П. Конанаў менавіта зараз умела вывеў сваіх падапечных на пік формы. Пасля інтэнсіўнага збору на Алімпійскім спарткомплексе “Стайкі” маладыя мінчане напярэдадні нядрэнна згулялі ў Сафіі ў групе G у адборачным раўндзе чэмпіянату Еўропы, дзе перамаглі зборныя Грузіі і Даніі. І толькі драматычнае паражэнне ў заключным матчы з балгарамі не дазволіла беларусам выйсці ў фінальны этап першынства.

Галоўны трэнер “Атланта” Г. Г. Савосін заўважыў, што за апошнія 15 гадоў у наш горад яшчэ не прыязджаў такі моцны апанент. Хіба толькі аршанскі “Узлёт” 3 гады назад паказаў падобную феерычную гульню ў Паставах у турніры чатырох за выхад у элітны дывізіён.

У першым матчы гледачы на ФАКу засумавалі, бо госці ўпэўнена валодалі ініцыятывай і выйгралі дзве партыі. Аднак у цяжкай сітуацыі пастаўчане не зламаліся. У іх складзе з’явіўся свой лідар — нападаючы Мікалай Фітковіч. Ён атакаваў бездакорна, а акрыленыя пастаўчане скарацілі розніцу ў ліку і ледзь не пераламалі ход гульні. Аднак у канцоўцы чацвёртай партыі мінчане згулялі мацней і святкавалі перамогу.

Перад пачаткам паўторнай сустрэчы прысутныя на ФАКу павіншавалі блакіроўшчыка мінчан Пятра Мінянкова (рост 207 см) з днём нараджэння. Дарэчы, ён і капітан гасцей, распасоўшчык Канстанцін Цюшкевіч ужо гатовы ўзмацніць элітныя беларускія клубы. Астатнія  партнёры, сярод якіх і выхаванец Пастаўскай ДЮСШ Аляксей Лабуць, праз год-два таксама могуць стаць прафесійнымі валейбалістамі, што яны даказалі ў стартавым сэце. Гульня складвалася па падобным сцэнарыі, як напярэдадні, але ў другой партыі гаспадары адыграліся пры ліку 13:16 і выйгралі яе. Наша каманда потым мела сэтбол пры ліку 25:24, але планіруючая падача М. Фітковіча была крыху недакладнай, з-за чаго пастаўчане ўпусцілі шанс заваяваць хоць бы адно ачко.

Нягледзячы на паўторную асечку, наша каманда засталася з 14 ачкамі на 2-ім месцы ў турнірнай табліцы. Мяркуючы па ўсім, ніхто не акажа канкурэнцыі маладым мінчанам, якія ідуць наперадзе і набралі 24 балы. У гэтым туры мінскі “РДВАР-2” двойчы дома з лікам 3:2 адолеў гродзенскі “АСДЮШАР-Камунальнік”. У наступным туры пастаўчане свабодныя ад гульняў, а пасля выезду ў беларускую сталіцу на сваёй пляцоўцы 11-12 лютага пазмагаюцца з канкурэнтамі ў барацьбе за сярэбраныя медалі з Оршы.

Уладзімір ШЫК.

Фота Сяргея ПЛЕШАКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.