Свята тых, хто аблягчае боль і адзіноту

Местная власть Общество

Лепшыя з лепшых работнікаў сацыяльнай службы, якія працуюць на тэрыторыі Варапаеўскага сельсавета: Т. П. Аліхвер, А. Г. Ходан, А. Ч. Цярлюк, І. У. Пісарык, С. В. Свілёнак, І. А. Кобзік і А. Д. Пісарык.
Лепшыя з лепшых работнікаў сацыяльнай службы, якія працуюць на тэрыторыі Варапаеўскага сельсавета: Т. П. Аліхвер, А. Г. Ходан, А. Ч. Цярлюк, І. У. Пісарык, С. В. Свілёнак, І. А. Кобзік і А. Д. Пісарык.

5 студзеня на ўрачыстасць з нагоды свайго прафесійнага свята ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча сабраліся работнікі сацыяльнай абароны і ветэраны гэтай сферы. Матэрыял пра мерапрыемства чытайце на 5-ай старонцы газеты.          

Са словамі віншаванняў да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. Ён шчыра падзякаваў за працу, добрыя сэрцы ўсім, хто робіць жыццё састарэлых, адзінокіх, інвалідаў крыху лягчэйшым і святлейшым, чыя місія — быць міласэрнымі. Падзякаваў за вернасць свайму высокаму прызванню, душэўную цеплыню.

Пра развіццё сацыяльнай службы ў раёне расказаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама П. Л. Курто. Сёння яна ўяўляе сабой комплексную сістэму мер, накіраваных на прафілактыку сацыяльнай нядобранадзейнасці, аказанне адраснай падтрымкі маламаёмным групам насельніцтва, значнае расшы­рэн­не спектра сацыяльных паслуг і інфраструктуры, развіццё чалавечага патэнцыялу. На ўсё гэта і накіравана дзейнасць упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Ю. М. Кісялёў уручае Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў А. А. Валасевіч.
Ю. М. Кісялёў уручае Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў А. А. Валасевіч.

— Сёння хачу выказаць асаблівую падзяку ветэранам, тым, хто стаяў ля вытокаў стварэння сацыяльнай службы ў раёне, — гаварыў П. Л. Курто. — За гады яе існавання адбыліся значныя змены. Асаблівая роля ў нашай рабоце адводзіцца тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які з‘яўляецца адным з буйнейшых у вобласці.  На чале яго — ініцыятыўны дырэктар Дзіяна Іванаўна Пякарская, якая ўкараняе ўсё новае і прагрэсіўнае для якаснага абслугоўвання людзей. Яна падабрала каманду прафесіяналаў, якія ўмеюць вырашаць любыя пастаўленыя перад імі задачы.

Словы ўдзячнасці Пётр Леанідавіч адрасаваў загадчыцы філіяла ТЦСАН у Лынтупах А. А. Валасевіч. У гарпасёлку ўласнымі сі­ламі  капітальна адрамантаваны будынак аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, створаны ўсе ўмовы для работы. Летам філіялам цэнтра арганізаваны і праведзены міжнародны турыстычны злёт для пажылых людзей нашага, Докшыцкага і Швянчонскага раёнаў, які высока ацаніла кіраўніцтва камітэта па працы аблвыканкама.

Г. Г. Яленская і В. В. Тараскевіч атрымалі ўзнагароды ад камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.
Г. Г. Яленская і В. В. Тараскевіч атрымалі ўзнагароды ад камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.

Аддзяленне першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання, якое ўзначальвае Г. А. Лапушынская, ажыццяўляе ўлік сацыяльнага пашпарта раёна ў 10 сельскіх Саветах. Штогод праводзіцца абследаванне ўмоў пражывання адзінокіх пажылых грамадзян, ветэранаў вайны, інвалідаў. Наладжана сістэма работы па вывя­дзенні іх з цяжкай жыццёвай сітуацыі. Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму (загадчыца Т. В. Андрон) абслугоўвае 910 чалавек у 160 населеных пунктах, у тым ліку ў 46 аддаленых і маланаселеных.  У мінулым годзе адкрыты чатыры новыя ўчасткі —тры ў сельскай мясцовасці і адзін у Паставах. Клопатам сацыяльнай службы  дадаткова ахоплены жыхары 5 населеных пунктаў. У кожны з іх даходзяць сацыяльныя работнікі, якія аблягчаюць жыццё састарэлым, дораць надзею адзінокім. Вялікую дапамогу пажылым людзям аказваюць работнікі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання на чале з Г. Б. Каравацкім. Няпроста працаваць у аддзяленні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў, але яго загадчыца В. А. Гінько разам са сваімі калегамі робяць усё магчымае, каб яго наведвальнікам было тут цікава.  Камфортныя ўмовы пражывання ў Лынтупскім і Пастаўскім аддзяленнях кругласутачнага знаходжання забяспечваюць калектывы пад кіраўніцтвам Н. Т. Гатоўскай і Ю. С. Чалей. Павялічваецца колькасць прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця, які прапануюць аддзяленні для дзённага знаходжання ў Паставах і Лынтупах (загадчыцы Л. З. Фень і Т. В. Мальч).

П. Л. Курто ў сваім дакладзе назваў сотні прозвішчаў тых, хто прыходзіць у дамы пажылых адзінокіх і прыносіць ім не толькі прадукты, але і святло і радасць, хто арганізуе для дзяцей з няпростым лёсам не толькі святы, але і клапоціцца пра іх і ў будныя дні, хто карпатліва звярае лічбы ў справаздачах і выплатах і шчыра гутарыць з людзьмі, змякчае іх душэўны боль, падтрымлівае ветэранаў, дапамагае маладым сем’ям.

Група работнікаў Дунілавіцкага дома-інтэрната (у цэнтры дырэктар — П. І. Паўловіч).
Група работнікаў Дунілавіцкага дома-інтэрната (у цэнтры дырэктар — П. І. Паўловіч).

Добрасумленная праца некалькіх дзясяткаў работнікаў сацыяльнай абароны адзначана граматамі і  падзякамі. Сярод узнагароджаных Ганаровай граматай камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама —  загадчыца гаспадаркі ад­дзялення кругласутачнага знаходжання ў г. п. Лынтупы І. І. Смагураўскене, старшы інспектар па кадрах ТЦСАН Г. Г. Яленская, бухгалтары Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Т. І. Дзіковіч і Т. І. Мядзюха. Падзяка старшыні абласнога камітэта па працы аб’яўлена вядучаму спецыялісту аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. А. Цыян, галоўнаму бухгалтару ТЦСАН В. В. Тараскевіч, вадзіцелю Ю. В. Каравацкаму, сацыяльнаму работніку Р. У. Якубоўскай, работнікам Дунілавіцкага дома-інтэрната П. У. Матошка, А. П. Сіняк, Т. І. Таяновіч. Некалькі чалавек атрымалі Ганаровыя граматы і Падзякі  старшыні райвыканкама, многія ўзнагароджаны граматамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Фотаздымкі 12 чалавек будуць занесены на Дошку гонару ўпраўлення, 10 — на Дошку гонару ТЦСАН, 7 — Дунілавіцкага дома-інтэрната.

На завяршэнне ўрачыстасці свае канцэртныя нумары работнікам сацыяльнай абароны падарылі ўдзельнікі калектыву сучаснай харэаграфіі “Імпульс”, узорнай вакальнай студыі “Юніта”, арт-студыі “Экспромт”, студыі сюжэтна-пастановачнага танца “Лялькі”, вакальнага ансамбля “Зорачкі”, народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус”, яго салістка Вольга Балотнікава і Аляксандр Апанасевіч.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.