«Таты і мамы, любіце ўсіх нас»

Общество

Госці свята намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму А. Я. Кашырын.
Госці свята намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму А. Я. Кашырын.

28 снежня ў рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» Дзед Мароз са Снягуркай, а разам з імі і шматлікія госці наведалі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, каб павіншаваць яго выхаванцаў з каляднымі і навагоднімі святамі і ўручыць ім салодкія і іншыя падарункі. 

Пад апладысменты гасцей і песню «В лесу родилась ёлочка» восем дзетак, якія зараз пражываюць у прытулку, разам з выхавальнікамі ўвайшлі ў актавую залу і закарагодзілі вакол лясной прыгажуні. Убраныя ў навагоднія касцюмы хлопчыкі і дзяўчынкі па-дзіцячаму шчыра спявалі, танцавалі, адгадвалі загадкі, гулялі і чыталі вершы, чым вельмі ўзрадавалі і расчулілі прысутных. А словы верша, асабліва яго апошнія радкі «Пусть ёлка сверкает./ Пусть подарки шуршат./ Пусть улыбки сияют./ Пусть снежинки кружат./ Пусть праздник подарит/ Всем счастья, добра./ Пусть мамы и папы/ Нас любят всегда», настолькі адпавядалі жаданню дзяцей і дарослых, што намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, які прысутнічаў на ранішніку, папрасіў прачытаць іх на біс.

— Прыемна бачыць, што вакол так многа неабыякавых людзей, якія перажываюць за сацыяльны дабрабыт нашай нацыі і імкнуцца падзяліцца цяплом сваіх сэрцаў з тымі, хто мае ў гэтым вострую патрэбу, — адзначыў Юрый Мікалаевіч. — Хачу, каб гэта свята паслужыла чарговым напамінам пра тое, што ў сем’ях павінны панаваць радасць, каханне, смех і шчасце. Няхай збываюцца ўсе вашы светлыя мары.

img_0248

Падарункі і пажаданні цяпла, выдатнага настрою і здароўя выхаванцы прытулку таксама атрымалі ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырына, прадстаў­нікоў РАУС, Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Беларусі, прафсаюзных і іншых грамадскіх аб’яднанняў, цэнтра банкаўскіх паслуг №230 «ААТ Беларусбанк» і клуба аматараў BMW. А першы і другі сакратары раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» І. Каралёва і В. Казлоўская сумесна з вайскоўцамі першага радыётэхнічнага цэнтра ўручылі хлопчыкам і дзяўчынкам імянныя падарункі (яны сфарміраваны ў адпаведнасці з лістамі, якія дзеці напісалі Дзеду Марозу).

— Дзякуй усім за дабрыню, спагаду, увагу, разуменне і радасць, якія вы дорыце дзецям не толькі ў навагоднія святы, але і на працягу года, — гаварыла напрыканцы сустрэчы дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Н. В. Селіванава. — Вы заўсёды ў нас жаданыя госці.

Завяршыўся ранішнік сумесным карагодам вакол ёлкі і чаяваннем.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.