Тэмы знойдуцца заўсёды

Экономика

000022_599346_big

Напрыканцы мінулага года больш за 100 журналістаў раённых і гарадскіх выданняў, якія асвятляюць прафсаюзнае жыццё ў сваіх рэгіёнах, сабраў у Мінску форум “Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства”. У іх ліку была і аўтар гэтых радкоў.

Ініцыятарамі форуму выступілі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. На працягу двух дзён мы бліжэй знаёміліся са сталіцай, пабывалі на культурным мерапрыемстве, пачулі пра дзейнасць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Цікавым было відовішча-вандроўка “Сем таямніц Беларусі”. Ідэя гісторыка-мастацкага праекта належыць Федэрацыі прафсаюзаў. А ажыццявілі яго студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і работнікі рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, у якім і прайшла прэм’ера. Пастаноўка складаецца з  раздзелаў “Бацькаўшчына”, “Ручнік”, “Купалле”, “Крыніцы”, “Легенды”, “Мястэчка”, “Славянскі базар”. Сярод удзельнікаў былі як лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў, Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ансамбль “Грамніцы” і вакальна-харэаграфічны ансамбль імя С. Дробыша “Валачобнікі”, так і артысты-пачаткоўцы — усяго больш за 60 чалавек. На працягу гадзіны яны расказалі пра вытокі Бацькаўшчыны, паказалі беларускія абрады і традыцыі, азнаёмілі з дойлідствам, успомнілі імёны славутых беларусаў.

Безліч уражанняў засталося і пасля аўтобуснай экскурсіі па начным Мінску.

На другі дзень наведалі музей гісторыі прафсаюзнага руху, які налічвае каля 1700 экспанатаў. Затым у штаб-кватэры Нацыянальнага прафцэнтра адбылася сустрэча з міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліяй Ста­ніславаўнай Ананіч і старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Сяргеевічам Ордам.

М. С. Орда расказаў пра мадэрнізацыю ў прафсаюзах, ініцыятывы, якія атрымалі развіццё ў 2016 годзе. Цэнтральнае месца ў размове было адведзена дзейнасці прафсаюзаў па абароне правоў працоўных.

— У рэспубліцы больш за 20 тысяч прафсаюзных арганізацый, і ў кожнай пярвічцы ёсць свае напрацоўкі, пра якія можна расказваць у сродках масавай інфармацыі. Таму ў вас заўсёды знойдуцца тэмы для цікавых і карысных публікацый. І ў нашай, і ў вашай дзейнасці на першым месцы павінен быць чалавек, — падвёў вынікі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Гутарка праходзіла ў форме дыялогу, журналісты мелі магчымасць задаць пытанні. Л. С. Ананіч выказала надзею на цеснае супрацоўніцтва журналістаў з прафсаюзам: “Мы з вамі фармі­руем інфармацыйнае поле і сацыяльнае партнёрства ўлады і грамадства, — адзначыла міністр. — У цэнтры ўвагі сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы — інтарэсы людзей. Таму ўсё, што робяць журналісты сродкаў масавай інфармацыі, — таксама для людзей. Трэба ісці ў нагу з часам, 24 гадзіны ў суткі быць на сувязі з чытачом, аператыўна асвятляць падзеі, якія адбываюцца ў вашых рэгіёнах”.

Прадоўжылі форум практычныя заняткі ў Міжнародным універсітэце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “МИТСО”, дзе быў прэзентаваны новы праект — першы сацыяльны інфармацыйны партал 1prof.by. Пра дзейнасць “Белтурыста”, новыя турыстычныя маршруты расказала яго генеральны дырэктар Людміла Уладзіміраўна Сянькоўская. А вядомы тэлевядучы Ягор Хрусталёў падзяліўся вопытам падачы “нязручных тэм”.

Анна АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.