У ліку лепшых у раёне


9568

У мінулым годзе раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіла спаборніцтва за дасягненне жывёлаводамі найвышэйшых паказчыкаў па вытворчасці малака ў летне-пашавы перыяд. У першай групе гаспадарак, куды ўваходзяць ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Кураполле-агра”, “Хацілы-агра” і “Камайскі-агра”, у лік пераможцаў трапіла даярка фермы «Целякі» ААТ “Хацілы-агра” Вераніка Валодзька.

Ушаноўванне лепшых жывёлаводаў адбылося на раённым свяце з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Вераніка Валодзька атрымала дыплом першай ступені і падарунак.

— Аператар выканала галоўную ўмову спаборніцтва — надаіла найбольшую колькасць малака і не знізіла прадукцыйнасці жывёлы ў параўнанні з пашавым перыядам папярэдняга года, — пракаменці­равала вынікі яе працы галоўны эканаміст гаспадаркі Наталія Пабядзінская. — А ўвогуле ў 2016 годзе Вераніка Валодзька атрымала ад кожнай каровы ў сярэднім па 5715 кілаграмаў і ўпершыню выйшла на чацвёртае месца сярод аператараў сельгаспрадпрыемства, якія дояць кароў у малакаправод.

Такая тэхналогія вытворчасці прадукцыі на чатырох малочнатаварных фермах: у Волахах, Хацілах, Куртах і Целяках. Тут прыкладна аднолькавая і колькасць жывёлы, якая атрымлівае адны і тыя ж кармы ў прыгатаваным выглядзе. Таму многае залежыць ад старання, руплівасці жанчын.

— А таксама ад таго, якія каровы ў групе, — падкрэсліла Вераніка Валодзька. — Наяўнасць нецеляў, іх раздой дазваляюць пастаянна абнаўляць статак, уводзіць у групы першацёлак толькі з добрым надоем. Многае значаць і кармы. Сумесі з рознымі пажыўнымі дабаўкамі раздаюцца меха­нізаваным спосабам. У рацыёне жывёлы заўсёды ёсць камбікорм. Усё гэта таксама садзейнічае росту надояў.

Загадчыца фермы Ала Рамуальдаўна Лешчык важным лічыць і тое, што ў Целяках склаўся дружны калектыў, працуюць чатыры пастаянныя і адна падменная даяркі. Гэта Таццяна Чурган, Надзея Машара, Вераніка Валодзька, Ганна Валодзічава і Лілія Стрэльская. Кожная абслугоўвае ў сярэднім да 40 кароў. Надзейную работу механізмаў забяспечвае слесар Віктар Машара. Старанна выконваюць свае абавязкі іншыя жывёлаводы.

У работнікаў ферм некалькі адрозны ад іншых распарадак дня: яны першымі прыступаюць да работы раніцай і пазней за іншых вяртаюцца вечарам дамоў. Але гэта не перашкаджае Вераніцы Валодзька быць клапатлівай маці, дбайнай гаспадыняй, добрай жонкай. Разам з мужам Паўлам, які працуе механізатарам, выхоўваюць траіх дзяцей, маюць вялікую гаспадарку. Вядома, нялёгка. Таму вельмі ўдзячны за дапамогу бацьку Веранікі Івану Іосіфавічу Кобзіку, які спецыяльна перасяліўся з Кураполля ў Целякі. А калі ведаеш, што дома ўсё ў парадку, то і працуецца спакойна, з жаданнем.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.