Узялі добры тэмп


145070401502711200

За адзінаццаць дзён студзеня ў сельгаспрадпрыемствах раёна атрымана 939 тон малака — на 71 тону (8,2%) больш, чым было на такі час летась. Продаж прадукцыі павялічыўся на 55 тон (7,2%) і склаў 818 тон. 

— З  пачатку новага года работнікі ферм Пастаўшчыны ўзялі добры тэмп па нарошчванні вытворчасці і рэалізацыі малака, — адзначыў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Аляксей Аляксеевіч Філімонаў. — У цэлым вытрыманы і выпрабаванні, выкліканыя экстрэмальнымі кліматычнымі ўмовамі. Галоўным было накарміць і падаіць жывёлу. Нязначны збой вытворчасці малака адбыўся толькі 7 і 8 студзеня, калі на вуліцы трымаліся амаль 30-градусныя маразы. Гэтым часам месцамі на фермах прыхапіла водаправодныя трубы, з некаторым спазненнем дастаўляліся кармы. Даводзілася прымаць аператыўныя меры па адаграванні абсталявання, дадатковым уцяпленні памяшканняў. На гэтым тыдні халады пайшлі на спад, але ні спецыялістам, ні самім работнікам ферм расслабляцца нельга. Трэба быць гатовымі да новых, якія чакаюцца пасля 19 сту­дзеня. Што датычыць папярэдніх дзён, то мінімальная тэмпература на Лынтупскай метэастанцыі была зафіксавана мінус 27,5 градуса, што на 16 градусаў ніжэй за норму.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.